Калі ў вас ёсць здымкі капліцы, дасылайце іх у рэдакцыю “РГ” на адрас: regionnews@rh.by.
За могілкамі ўжо даўно ніхто асабліва не даглядае, і яны паступова зарастаюць. Ля рэдкіх помнікаў можна ўбачыць свежыя кветкі, што пакідаюць нашчадкі тут пахаваных. Многія з помнікаў зараслі мохам.
– На гэтых старых і ўнікальных могілках пахаваныя знакамітыя людзі Вілейшчыны, – кажа кіраўнік Вілейскай суполкі таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Дзяніс Канецкі. – Да прыкладу, Любанскія, што валодалі маёнткамі Любань і Лошыца.
Мясцовыя жыхары ўзгадваюць, што раней на магільным склепе Любанскіх месціліся скульптуры і гранітная дошка з інфармацыяй пра род. Цяпер застаўся толькі паўразбураны фамільны склеп. Пакуль няма нават дошкі, дзе было б напісана, хто тут пахаваны. Тым часам як у Лошыцы адкрыўся музей, прысвечаны Любанскім.
Таксама тут пахаваныя Сулістроўскія, што валодалі Касутой і Куранцом. Ёсць магіла фундатара касцёла, які пазней, пасля паўстання 1863 года, перабудавалі ў царкву.
– Тут можна ўбачыць досыць унікальныя помнікі, прыгожыя, – працягвае Дзяніс. – У бліжэйшы час мы плануем сфатаграфаваць і расчытаць надпісы на надмагільных плітах.
Як у Вілейцы прыбіралі старыя каталіцкія могілкі, што называюць “Гарадзішча” (Фота)
Расповед жанчыны, што памятае могілкі з дзяцінства
– Вось тут была капліца, у два паверхі, драўляная, – паказвае віляйчанка Галіна Савіцкая (на фота) на невялікі ўзгорак. – Мы прыходзілі сюды, бо тут было прыгожа, шмат дрэў, як у парку. Мы тут атрымлівалі нейкае натхненне. Нам хацелася прыходзіць, нас цягнула сюды. Арэхаў тут шмат расло, мы іх елі. Сюды прыходзілі бабулі, а часам і дзядулі, і маліліся. А ў гэты час мы, 12-15-гадовыя дзеці, прыбіралі капліцу, лазілі на другі паверх, падмяталі, выціралі. Прыбяром, нарвём кветак, паставім букеты. Сыдзем, а за намі і бабулі пойдуць.
Аднойчы ўбачылі тут велізарнае вогнішча. Бягом сюды. Гарэла капліца. Прыехала пажарная, але што? Тады ж, напрыканцы 50-х гадоў, калі гэта здарылася, верылі і не верылі. Таму пажарнікі, жартуючы, пачалі неяк тушыць. Але толку было мала.
Добра, што адна з нас, Галя, пачула спевы і пабегла адкрываць капліцу. Забегла, крычыць: “Гарым! Бяжыце хутчэй!”
Усе выбеглі і ў разгубленасці: хто зрабіў і навошта. Потым высветлілася, што гэта адзін з мясцовых зачыніў людзей у капліцы і падпаліў.
Цяпер усё зарасло, добра, што ёсць людзі, якія прыходзяць, дапамагаюць, не кожны год, але прыходзяць.
Фота капліцы, зробленае Балзункевічам у 1920-х гадах. Фота забяспечана Дзянісам Канецкім.
Як выглядала капліца: гістарычныя крыніцы
У архіўных матэрыялах, што збірае Дзяніс Канецкі, згадваецца наступнае:
“Філіяльны касцёл на могілках у фальварку Гарадзішча куранецкай парафіі вядомы ад 1683 года. У канцы 18 стагоддзя ўяўляў сабой збудаваны з бруса, на бутавым падмурку, з прыбудаваным бабінцам, храм, які завяршаўся вежай са звонам – сігнатуркай.
Мяркуючы па здымку мяжы 19-20 стагоддзяў, касцёл быў перабудаваны ў першай палове 19-га пад уплывам класіцызму. Пра гэта красамоўна сведчыць уваходны фасад святыні, вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка з вальмам, характэрным яшчэ для барочнай архітэктуры. У гэты час філія ў Гарадзішчы – зальны храм з пяціграннай апсідай і сакрысціяй злева. Перакрываўся гонтавым дахам з чацверыковай вежай над уваходным фасадам. У яго верхняй частцы быў уладкаваны праём для прадвяшчальнага звона. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі тры алтары: на галоўным, двух’ярусным, быў вобраз Маці Божай з немаўлём і вобраз святой Ежы зверху.
У другой палове 19 стагоддзя, калі Куранец не меў парафіяльнага касцёла, Гарадзішчанская капліца прыпісвалася да прыходу ў Касцяневічах. Ад пачатку 20-га храм увайшоў у склад Вілейскай парафіі. Сёння Гарадзішча ўжо ўвайшло ў гарадскую рысу Вілейкі, могілкі знаходзяцца на паўночным выездзе з горада. Аднак ад капліцы захаваліся толькі рэшткі падмуркаў. Ператвораная ў руіны і фамільная пахавальня Любанскіх, пабудаваная тут жа, на могілках, у пачатку 20 стагоддзя”.
Калі ў вас захаваліся здымкі капліцы, даслылайце іх у рэдакцыю на адрас: regionnews@rh.by