Навіну пра тое, што маладзечанскі стадыён разглядаецца як дамашні для мінскай камандай “Іслач”, агучыў галоўны трэнер каманды Віталь Жукоўскі.

“РГ” вырашыла спраўдзіць чуткі пра гэта і пагутарыла з тымі, хто будзе прымаць рашэнне.

Сяргей Мельнікаў, дырэктар футбольнага клуба “Іслач”, не выключае такую магчымасць:

– Справа ў тым, што маладзечанскі стадыён адпавядае ўсім патрабаванням федэрацыі футбола і патрабаванням УЕФА. Тут і адпаведнае пакрыццё, і асвятленне. Сезон пачынаецца ў красавіку, таму да гэтага часу мы яшчэ паспеем вызначыцца са стадыёнам. А што, маладзечанцы вельмі хочуць, каб “Іслач” гуляла ў іх?

На пытанне, ці танная арэнда стадыёна ў Маладзечне ў параўнанні са сталіцай, Сяргей Мельнікаў патлумачыў, што грашовае пытанне тут вельмі ўмоўнае, таму што калі каманда ўсё ж абярэ гэты стадыён, то тады трэба будзе выдаткоўваць грошы на дастаўку каманды да дамашняга стадыёна.

Маладзечанскія фанаты засумавалі па сапраўдным футболе

Сяргей Мельнікаў прызнаўся, што разгле­дзець стадыён у Мала­дзечне яму прапанаваў памочнік трэнера іх каманды, былы мала­дзечанец, выхавальнік маладзечанскай футбольнай школы Уладзімір Макоўскі:

– Ну, канешне, я кіраваўся тым, што сам маладзечанец. І памятаю, што ў Маладзечне вельмі добры стадыён.

А мясцовая каманда гуляе ў другой лізе, і стадыён больш прастойвае, чым выкарыстоўваецца.

Яш­чэ на выбар стадыёна ўплывае тое, што ўсе мінскія стадыёны занятыя. Ну, і па-другое, я ведаю, якія ў Маладзечне фанаты і аматары футбола.

Не можа мясцовая каманда падарыць фанатам задавальненне ад футбольных матчаў, спадзяёмся, што гэта зробім мы.

Калі “Іслач” усё ж такі сваім стадыёнам абярэ маладзечанскі, то ў мясцовых аматараў футбола з’явіцца магчымасць наведваць матчы такіх камандаў, як БАТЭ, “Дынама” (Мінск), “Шахцёр” (Салігорск) і гульні іншых камандаў вышэйшага дывізіёна.

З намі пакуль ніхто не размаўляў

Дырэктар гарадскога стадыёна Аляксей Язневіч прызнаецца, што прадстаўнікоў каманды “Іслач” ён бачыў на стадыёне, але з канкрэтнай прапановай супрацоўнічаць да яго ніхто пакуль не звяртаўся:

– Мяркую, трэба пача­каць канца сезона. І пытанне, хутчэй за ўсё, вырашыцца ўжо пасля Новага года. Было б добра, каб на карысць нашага стадыёна.

Апошняя гульня сезона адбудзецца ў суботу

У суботу, 14 лістапада, на гарадскім стадыёне пройдзе апошні матч сезона 2015 года.

Каманда “Маладзечна ДЮСШ-4” згуляе супраць Клецка. Пачатак гульні а 13 гадзіне. Фанаты маладзечанскай каманды абяцаюць, што канец сезона будзе запамінальны і яскравы.