У гэтым упэўніліся сябры пастаўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Чарговую паездку мы зладзілі 17 верасня праз Брусы, Вузлу, Старынкі, Чарэмшыцы, Занарач, “Зубраня” ў Мядзельскім раёне.

У Брусах агледзелі мемарыял на месцы спаленых фашыстамі мясцовых жыхароў і брацкую магілу рускіх салдат, якія загінулі ў 1916 годзе падчас Нарачанскай аперацыі Першай сусветнай вайны.

За вёскай у лесе, на месцы былога хутара, цяпер раскінуліся плантацыі лесагадавальніка. Мясцовы жыхар, якога мы там сустрэлі, аказаўся чалавекам кантактным і адкрытым. У размове ён распавёў пра тутэйшыя цікавосткі, адметныя мясціны і падзеі, прыгадаў некалькі гісторый ваеннага часу, якія адбыліся з яго роднымі.

Як ён казаў,  немцы прасілі дазвол узяць або купіць прадукты, расплачваліся за іх маркамі. Партызаны ж прыходзілі ноччу і забіралі тое, што хацелі. Быў выпадак, калі “лясныя мсціўцы” аднойчы зайшлі ў хлеў, са стрэльбы з глушыцелем застрэлілі пяць парсюкоў, рэквізавалі ў суседняга гаспадара каня з калёсамі і павезлі “здабычу” ў лес. А яшчэ неяк партызаны прыйшлі ў вёску і ў аднаго селяніна пачалі патрабаваць каня, але той пачаў гаварыць, што каня няма (яго схавалі). Тады “змагары” накінулі вяроўкі на рогі двух кароў, што стаялі ў дварышчы, і павялі з сабой… Што ж, былі і такія партызаны.

Далейшы шлях ляжаў у вёску Лужы, якую ў час блакады спалілі фашысты. На яе папялішчы некаторы час дзейнічаў партызанскі аэрадром, на які з-за лініі фронту прыляталі самалёты. Пра гэта сведчыць сціплы помнік і надпіс на ім.

“Вузлянка” яшчэ жыве!

Наступны прыпынак быў у вёсцы Вузла. У 60-70-я гады гэта было бойкае паселішча, у якім віравала жыццё. Але прамінулі залатыя часы. Школы ўжо няма, як няма і музея, царквы, млына, электрастанцыі ды і шмат чаго іншага.

Рэзка скарацілася колькасць жыхароў. Добра, што хоць школьны будынак не займеў такога лёсу, як у некаторых іншых вёсках. Яго адрамантавалі і абсталявалі пад сацыяльны прытулак для нямоглых. Частка музейных экспанатаў апынулася ў Мядзельскім музеі народнай славы, штосьці засталося ў клубе-бібліятэцы, рэшта ж невядома дзе падзелася.

А народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Вузлянка” яшчэ жыве! Праўда, у ім не сорак чалавек, як раней, а ўсяго каля дзесяці. Але жанчыны, у асноўным пенсіянеркі, збіраюцца на рэпетыцыі, спяваюць аўтэнтычныя песні, і атрымліваецца гэта ў іх проста выдатна! Мы ўпэўніліся ў гэтым, пабачыўшы падрыхтоўку ансамбля да ўдзелу ў свяце “Слуцкія паясы”.

У Вузле мелі цікавыя сустрэчы з дзвюма адметнымі жанчынамі. Адна з іх, былая дырэктарка школы Надзея Мішчанка, расказала нам пра падзеі мясцовай гісторыі і паказала свае і матуліны вышыванкі.

Самадзейная мастачка з вёскі Вузла Ніна Гануш.  Фота Ігара Пракаповіча.

Самадзейная мастачка з вёскі Вузла Ніна Гануш. Фота Ігара Пракаповіча.

А мясцовая самадзейная мастачка Ніна Гануш запрасіла нас на экскурсію ў сваю невялічкую майстэрню, дзе мы змаглі пабачыць багатую выставу карцін гэтай неардынарнай Асобы. Па нашым меркаванні, яе творы вартыя таго, каб дэманстравацца на выставах у музеях, бібліятэках і іншых установах культуры. Але большасць карцін пакуль што не мае рамак, ды і буклеты варта было б падрыхтаваць.

Такіх творчых людзей у вёсачках неабходна падтрымліваць

Пра гэта падумалася і ў час наведвання вёскі Старынкі, дзе цяпер жыве ў бацькоўскай хаце спявак, былы саліст Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Каўрус. Гэты таленавіты аптымістычны чалавек не толькі расказаў нам сваю цікавую біяграфію, паказаў альбомы з фотаздымкамі, але і праспяваў пад гармонік некалькі песень, прачытаў свае вершы, якіх у яго, як аказалася, напісана многа. Але не друкаваліся. Гэтак сама, як і ў яго сябрука, жыхара суседняй вёскі Русакі, Аляксея. Ён таксама прачытаў нам некалькі сваіх вершаў, якія запомніліся народнасцю, жартоўнай інтанацыяй і даволі высокай літаратурнай культурай. У размове Аляксей паведаміў, што піша ў асноўным прозу і твораў у яго, “як у Льва Талстога”. Але не друкаваліся…

Гэтыя нечаканыя сустрэчы са сціплымі творцамі, якія жывуць у невялікіх “шчарбатых” вёсках, дзе на адну жывую хату даводзіцца па некалькі закінутых, пацвердзілі высокі Дух і высокую духоўнасць нашага народа.

 Міжволі параўноўваючы скокі і, як казаў адзін мой сябра, “выраблянне” дзеячаў беларускай псеўдакультуры на экранах тэлебачання з творчасцю мясцовых самадзейных мастакоў, майстроў, пісьменнікаў, спевакоў, адчуваеш, што намнога прыемней мець стасункі з Аляксеем, Уладзімірам, Нінай, Надзеяй, жанчынамі з “Вузлянкі”, чымсьці з тусоўшчыкамі сталічнай багемы. Бо ў тутэйшых творцаў, хай сабе, часам, і не хапае прафесіяналізму, але затое ёсць шчырасць, захопленасць жыццём і глыбокія беларускія карані.

Каб кожны былы начальнік уладкаваў хаця б адну крыніцу…

Далей шлях пралягаў па паўднёвым ўзбярэжжы Нарачы. Гэта мясцовасць у часы Першай сусветнай вайны была арэнай крывавых баёў падчас Нарачанскай аперацыі. Сведкі той трагедыі – брацкія магілы рускіх салдат каля ракі Нарачанка і ў Чарэмшыцах, германскія агнявыя кропкі каля Занарачы.

У гэтай вёсцы нас чакала сустрэча з супрацоўнікамі мясцовай бібліятэкі Людмілай Валадкевіч і Святланай Норкай. Спадарыня Людміла ашчадна збірае і захоўвае матэрыялы па гісторыі, культуры і вядомых жыхарах Занарачы і ваколіц, стварыла багатую камп’ютарную базу інфармацыі. Асабліва шмат звестак і фотаздымкаў звязана з падзеямі Першай сусветнай вайны ў тутэйшай мясцовасці.

Ігар Пракаповіч.

Ігар Пракаповіч.

Ёсць шэраг цікавых матэрыялаў пра вёску Карабаны, якія перадаў у бібліятэку яе ўраджэнец былы старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Зянон Ломаць. Па ініцыятыве гэтага чалавека пастаўлены і асвечаны крыж-абярог на ўездзе ў вёску, зладжанае свята гэтага паселішча, адноўлена і асвечана некалькі крыніц…

І з’явілася нечаканая думка: а каб кожны былы начальнік, ды і не толькі былы, ды і не начальнік, а проста жыхар Беларусі, ачысціў і ўладкаваў хаця б адну крыніцу… Наша зямля стала б краінай чыстых крыніц. І пілі б мы чыстую ваду, і мелі б мы светлыя думкі, і будавалі б мы прыгожую, заможную, шчырую і шчаслівую Беларусь…

Што за звер “зубронак”?

З такімі ўзнёслымі думкамі даехалі да нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага лагера “Зубраня”. Раней даводзілася тут бываць неаднаразова, і заўсёды захапляўся узроўнем арганізацыі і зладжанасцю работы калектыву ўстановы. Але адна недарэчнасць заўсёды кідалася ў вочы і нараджала “нехарошыя” думкі пра мутантаў. Выклікае такую рэакцыю вялікі надпіс на ўездзе ў лагер – “ЗУБРОНАК”. Што гэта за звер такі? Па-беларуску маленькага зубра называюць “зубраня” або “зубранё”, таксама як і лісяня, аленяня, шчанё. Па-руску гэтага звера завуць “зубрёнок”. А тут – “зубронак”! І ў гэтай форме назва множыцца ў перыядычных выданнях, дакументах, кніжных публікацыях. І потым хтосьці скажа, што гэта – літаратурная норма, і мутацыя будзе ўведзеная ў закон.

Адмаўляючыся ад роднай беларускай мовы, ад родных слоў, мы выклікаем мутацыю свядомасці і псіхікі, што, урэшце, разбурае душу. А гэта небяспечна. І балюча. Для народа, для краіны, для кожнага асобнага жыхара…

Галіна Шаранговіч – расіянка, якая рэдагавала тэксты беларускіх класікаў

“На полі бачна: альбо ты каша, альбо баец”. На Мядзельшчыне моладзь гартуе характар у матчах Дваровай лігі

Спонсар рубрыкі “КУЛЬТУРА” – вядучы на юбілеі, вяселлі, навагоднія карпаратывы Максім Сарока і Таццяна Каляда.

Ведаеце кожнае слова вядучых на вяселлях, юбілеях, карпаратывах? Самы час памяняць ход важных для вас ўрачыстасцяў.

Звярніцеся да Максіма Сарокі і Таццяны Каляды – і любое мерапрыемства стане нечаканасцю і сапраўдным святам. Вас чакаюць дасціпныя жарты, новыя конкурсы, атмасфера весялосці.

Сучасная праграма навагодніх карпаратываў дапаможа кожнаму з удзельнікаў перанесціся у атмасферу чароўнай казкі.

Кантактны тэлефон: (8029) 618-87-16 (Максім), (8029) 550-65-97 (Таццяна).