У рэдакцыю газеты запрасілі дырэктара клуба “Рэд Бар” Вольгу Лазар, дырэктара кавярні “Мезанін” Ірыну Паўлоўскую, доктара-гігіеніста цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяну Кугару і мастака Bazinato (Ігара). Ён аформіў каля 10 кавярняў, у Маладзечне сярод іх кафэ “Мезанін” і ўжо зачыненае “Метро”.

Вяла стол журналістка Наталля Тур. Дапамагалі ёй пытанні чытачоў з сайта “РГ”.

Падчас “круглага стала”, які доўжыўся дзве гадзіны, удзельнікі абмеркавалі тыя праблемы, з якімі ім даводзіцца сутыкацца.

У матэрыяле – самае важнае, што было агучанае на сустрэчы.

Ніводны гаспадар не ведае, для каго ён адкрывае кафэ

– Каб адкрыць кафэ, трэба прыкласці шмат часу і намаганняў, – лічыць Ігар. – А ў нас як робіцца – абы хутчэй. Самае дзіўнае, што калі просяць аформіць кавярню, гаспадары не ведаюць, у якім стылі яна будзе, хто яе будзе наведваць. Ды і ўвогуле не ўяўляюць, як яна павінна выглядаць. Таму кафэ ў нас усе аднолькавыя, няма ў гэтым горадзе прасторы для творчасці.

Аднак гаспадыні кавярняў лічаць, што тэматычныя кавярні ў Маладзечне рабіць немэтазгодна.

– Кафэ і цяпер паўпустыя стаяць, а калі яшчэ зрабіць іх вузкаспецыялізаванымі… – разважае Ірына Паўлоўская. – У нас няма культуры наведвання кавярняў. Раніцай, напрыклад, ніхто не прыходзіць з’есці амлет, выпіць кавы і пачытаць газету. І больш за ўсё скаргаў ад наведнікаў на музыку, якая гучыць ці моцна, ці ціха, ці ўвогуле не тая.

А самым лепшым кампліментам “Мезаніну” Ірына лічыць тое, што калі ў кафэ прыйшла сям’я, то маленькі хлопчык, сын пары, сказаў: “Тут пахне піражкамі, я хачу тут застацца”.

Глядзіце каталог, у якім мы сабралі розныя кавярні і рэстараны рэгіёна. Ацэньвайце інтэр’ер, меню і святочныя прапановы.

Кафэ без парушэнняў у Маладзечне няма

Музыка і пахі – гэта таксама складнікі іміджу кафэ, за якімі трэба пільна сачыць. А за санітарным станам сочаць спецыялісты Маладзечанскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Планавыя праверкі аб’ектаў харчавання робяцца адзін раз на год. Акрамя гэтага існуюць пазапланавыя, дата якіх не паведамляецца гаспадарам.

– І ў кожнай такой праверцы, – кажа Таццяна Кугара, – выяўляюцца парушэнні. Пераважна кавярні не выконваюць умовы захавання прадуктаў, іх суседства. Своечасова не праводзяць рамонт. Сёлета з-за гэтых прычын была прыпыненая дзейнасць чатырох аб’ектаў грамадскага харчавання.

Кафэ з катамі ў Маладзечне з’явіцца не хутка

У Еўропе сталі папулярнымі ўстановы, дзе жывуць жывёлы. У Вільні, напрыклад, цэлых дзве кавярні носяць назву “Каціныя”.

На пытанне, калі ў нас дазволяць такую, Таццяна Іванаўна была катэгарычнай:

– Ніколі. І справа ў тым, што самі гаспадары не гатовыя несці адказнасць за бяспеку і здароўе наведнікаў на такім узроўні.

З гэтай жа прычыны ў нас няма маленькіх кавярняў, дзе гаспадыні могуць прадаваць тое, што спяклі ў дамашніх умовах.

“Чорны спіс” супрацоўнікаў. Нашто ён гаспадарам кавярні?

Падчас размовы Ірына Паўлоўская агучыла думку, што няблага было б гаспадарам усіх кавярняў скласці “чорны спіс” супрацоўнікаў.

– Справа ў тым, што на работу прыходзяць людзі, якіх звольнілі з іншых кавярняў. І вельмі сур’ёзная праблема для кавярняў – гэта бармены, якія выпіваюць на рабоце, або афіцыянты, якія могуць проста не выйсці на працу. Калі б гаспадары мелі агульны “чорны спіс” ненадзейных работнікаў, то пазбавілі б адзін аднаго адной з праблем.

Кавярня пачынаецца з шыльды

– Мне нават не трэба ўваходзіць унутр кавярні, каб зразумець, што гэта за месца, – кажа Ігар Bazinato. І па адной толькі шыльдзе я магу зразумець, што ў гэтай кавярні, напрыклад, хамаватыя афіцыянткі або катлеты, як пачвары.

У кавярнях важная любая драбяза. Ці то посуд, ці абрусы, ці музыка, ці святло. Усё гэта стварае атмасферу і нельга забывацца ні пра што. 

Дзе можна будзе паглядзець кіно або наведаць антыкафэ

Ідэй, як зрабіць кавярню прывабнай для наведнікаў, кажа Вольга Лазар, у іх шмат.  

– Толькі вось чамусьці людзі палохаюцца слова “бар” у нашай назве, з дзецьмі заходзяць рэдка. А між тым у нас можна ўжо ад 11 раніцы папіць кавы. Апошнім часам карыстаецца папулярнасцю прагляд футбольных матчаў.

У планахкавярні запусціць прагляд кіно. Разглядаюць магчымасць стварыць антыкафэ.

– Гэта калі вы плаціце толькі за ўваход, а напоямі і закускамі частуецеся, пакуль гутарыце з тым, з кім прыйшлі ў кавярню.

Ірына больш скептычна ставіцца да таго, што такія фарматы зацікавяць маладзечанцаў:

– Колькі ў нас было спробаў рабіць штосьці падобнае! І канцэрты ладзілі, і кіно паказвалі. Было, што спрабавалі тыдні французскай ці італьянскай кухні рабіць. Не цікавіць гэта наведнікаў. Пакуль людзі ходзяць у кафэ выпіць і закусіць, а не адпачыць, усе спробы разнастаіць правальныя.

Чаму ў Маладзечне кафэ працуюць да трох ночы?

Пытанне, адказ на якое дырэктары ўстаноў хацелі б атрымаць адказ.

– У Мінску, наадварот, адчыняюцца ўстановы, якія працуюць кругласутачна. Чым мы горшыя?

Ці крадуць прадукты з банкета

Падчас “круглага стала” мы запрашалі чытачоў дасылаць свае пытанні, на якія адказалі госці.

– Чаму ў кавярні заўсёды халодная кава?

– Гэта пытанне канкрэтна да афіцыянтаў, якія марудна яе нясуць.

– Ці сочыць цэнтр гігіены за чысцінёй абрусаў, посуду, падлогі?

– Любая праверка пачынаецца з залы для наведнікаў. Вядома, сочым.

– Раздражняе, калі замаўляеш нейкую страву, а яе няма. Для чаго яна тады стаіць у меню?

– Стоп-лісты – гэта звычайная практыка кавярняў. Бывае, што нейкі прадукт не давезлі пастаўшчыкі. Афіцыянты проста адразу вас пра гэта папярэдзяць.

– Ці праўда, што ўсе кавярні крадуць прадукты, калі заказваеш банкет?

– Кавярні наогул не павінны браць прадукты ў наведнікаў. Атруціцца наведнік – адказваць будзе кавярня, – адказала Таццяна Кугара.

Жанчына з Лебедзева пад Маладзечнам стала маці, шматдзетнай, амаль у 50 год

Каб пачаць жыць, трэба прачнуцца. 25 сезон Мінскага абласнога драматычнага тэатра адкрыла прэм’ера “Дзядзечкаў сон” (Фота)

Галіна Шаранговіч – расіянка, якая рэдагавала тэксты беларускіх класікаў

Фота з цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу на лепшую рэгіянальную газету 2015 года


Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Калі ад ветру коўдра не ратуе,

Калі ты сам дрыжыш, як ліпавы лісток,

ІП Шульжыцкі вокны прапануе,

Да цеплыні зрабі ўсяго адзін званок.

Тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Велком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990

Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – вытворца сувеніраў з фотаздымкам прыватны прадпрымальнік Віталь Пагуда.

Хочаце бачыць блізкіх людзей нават, калі вы не разам. Выдатнае рашэнне – кубачак з фотаздымкам вашых блізкіх. Ён не кідаецца у вочы, як фотарамка. Таму вашых блізкіх не будуць разглядаць калегі альбо незнаёмыя людзі.  А вы будзеце заўсёды адчуваць падтрымку родных вачэй і мілы позірк.

Таксама вы можаце замовіць фота на талерку, майку, бірульку і многае іншае. Гэта выдатны і нечаканы падарунак на любую ўрачыстасць!

Сувеніры з фотаздымкам – мы здольныя спыніць шчаслівыя імгненні.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 169-17-68, (8033) 313-89-64.

ІП Пагуда В.Д. УНП 691503039