Спачатку многім з удзельнікаў падавалася, ад чаго гэта лячыцца павінны яны? Гэта ж не яны п’юць і спяць на падлозе. Але адважыліся прыйсці на сход, паслухалі гісторыі іншых удзельнікаў і ў кожнай з іх адчулі падобныя да сваіх перажыванні. Галоўная ўмова групы – ананімнасць. Ніхто не просіць называць сапраўднае імя, ніхто не мае права распавядаць за сценамі залы пра вашы гісторыі.
Двойчы на тыдзень у Маладзечне збіраюцца ўдзельнікі групы падтрымкі АлАнон. Яна створаная для сваякоў ці блізкіх алкаголікаў, на жыццё якіх паўплывала залежнасць знаёмых.
Наведнікі працуюць па спецыяльнай праграме “12 крокаў”, якая дапамагае змагацца з хваробай і знайсці новы арыенцір.
Удзельнікі ананімна дзеляцца сваімі гісторыямі з чытачамі “РГ”, каб натхніць ахвяр алкагалізму блізкіх рашыцца лячыць раны, якія атрымалі ад хваробы, і далучыцца да АлАнон.
Адзін чалавек сеў на лаўку пад дрэва. На галінках было шмат галубоў, і яны зрабілі тое, што часам робяць птушкі. Чалавек пачаў крычаць на іх, але пасля зразумеў: галубы зрабілі гэта не таму, што ён сеў на лаўку, а проста таму, што яны галубы. Тое самае і з алкаголікамі. Яны п’юць не таму, што іх блізкія робяць нешта няправільна, а таму, што яны алкаголікі.
Гісторыі блізкіх алкаголікаў
№1. Я прасачыла, што ў маім родзе кожнае пакаленне пацярпела ад алкагалізму: хтосьці памёр ад перадазіроўкі, хтосьці забіў сябе, нехта закончыў жыццё ў бамжатніку. Бацька таксама быў запойны. Я прывыкла да адзіноты, не ўмела паказваць пачуцці, прасіць дапамогі.
Мужа абрала з сям’і алкаголікаў. Здавалася, што ў першым шлюбе я была ідэальнай жонкай: вернай, добрай гаспадыняй, але праз год адносіны трашчалі па швах. Звярнулася да псіхолага і даведалася, што ў дзяцей алкаголікаў заблакаваныя пачуцці. Яны на самой справе не могуць ні прасіць, ні дзякаваць. Для іх свет зацыклены на сабе.
Работа з псіхолагам мне дапамагла, але і ў другім шлюбе ўсе праблемы паўтарыліся. Калі я прыйшла ў праграму, то зразумела, што не павінна цягнуць увесь воз праблем на сабе, не павінна браць 100-працэнтную адказнасць за блізкага чалавека, а павінна даваць яму свабоду. Гэта быў іншы ўзровень разумення жыцця, напоўнены духоўнасцю. Я навучылася жыць так, каб жыццё не круцілася толькі вакол алкагалізму, які цяпер бачу як духоўную хваробу.
№2. У маёй сям’і былі алкаголікі, і мужа выбрала з гэтай хваробай. У нас часта бывалі размовы: “Ты ж мяне кахаеш, любіш дзяцей, кідай піць”, – “Так, вядома!”. Я магла радавацца некалькі гадзін, пакуль гэты чалавек не зрываўся зноў. Гэтую карусель я спыніць не ў сілах.
Прыйшоўшы ў групу, я ўбачыла, як мной маніпулююць. Прычым не толькі старэйшы сын, але і мая дачка-дашкольніца. Я прыгадала, колькі разоў спрачалася з бацькам і даказвала сваю праўду. Алкаголік зрабіў бы ўсё, каб давесці мяне да гневу, а пасля выглядаць ахвярай і атрымаць нагоду піць.
Нават калі сварка на чужых вачах, вар’яткай выглядаю я. Ён за адну хвіліну можа давесці мяне да такога стану, што я ўся трасуся.
Муж пакуль не кінуў піць, але я больш не даю яму падставу сысці з дому з-за майго крыку. Ён спрабуе дражніць, і часам гэта атрымліваецца, але я навучылася стрымлівацца. Разумею, чаму мой тата так лёгка выводзіў маму, і яна выглядала недарэчна імпульсіўнай. Цяпер я не пакутую так ад алкагалізму мужа. Гэта яго праблема. Група дапамагае не існаваць, а жыць і перадаваць як мага больш нармальныя адносіны дзецям.
Перш чым шукаць гармонію ў жыцці з алкаголікам, удзельнікі шукаюць міру з самімі сабой. Фота chelyabinsk.gilmon.ru.
№3. І я, і муж раслі ў сем’ях алкаголікаў. Хаця мне падавалася – ну, які ўжо алкаголік мой бацька? Ну, вып’е з палучкі. Цяпер я разумею, чаму ў нас з мужам так складваліся адносіны. Скандалы на пустым месцы. Усе праблемы імкнулася вырашаць сама, што пасля вылілася ў звычайныя хваробы. Раней, калі б я папрасіла пра нешта, а ў сына не атрымлівалася б, я можа і не сказала б, але абавязкова падумала б: “Ну ё-маё, як толькі мне трэба…” Дачка аднойчы сказала – “Табе падабаецца быць ахвярай, ну дык і будзь”.
№4. Мой тата вельмі хутка напіваўся і пачынаў паводзіць сябе дзіўна. Калі напіваецца мой муж, мяне гэта моцна ўражвае, справіцца з гэтым не магу. Ён, напрыклад, гучна ўключае музыку часоў сваёй маладосці, таму што застаецца ў тым часе, у тых эмоцыях.
Заўважыла, што алкаголь на самога пітушчага не заўсёды такі згубны. А вось блізкія алкаголіка вельмі пакутуюць і абрастаюць мноствам хвароб.
Думкі, нібы ты можаш усё, што з усім справішся, вельмі шкодныя. Я захапляюся мужнасцю дзвюх жанчын у нашай групе, якія працягваюць кахаць мужа-алкаголіка. Я гэтым пахваліцца не магу.
№5. Я як дзіця сям’і, у якой праблема алкаголю, спрабавала змяніць не сябе, а свет вакол. І набіла гэтым шмат шышак. У АлАнон зразумела, што пачынаць трэба з сябе. А мне здавалася, што я ва ўсім маю рацыю, усё расстаўлю па сваіх месцах, усё змагу. Але не, я надарвалася.
Складана ў сталым узросце мяняць погляд на жыццё. Я адчувала сябе разбуранай неадэкватнымі паводзінамі блізкіх. Пасля праграмы яны не перасталі піць, але мне ад гэтага не так моцна баліць. Я не стала эгаісткай, я змагла разважаць разумна. Хваробу трэба лячыць, калі ўсё кепска, а ты кажаш усім, што ўсё добра.
Якія праблемы абмяркоўвалі ў групе
Пасля чытання спецыяльнай літаратуры і выступу кожнага ахвотнага ўдзельнікі пачынаюць чаяванне. Падчас яго яны абмяркоўваюць тое, што хвалюе. Прапануем выказванні ў час чаю.
– Немагчыма лячыць хваробу, якой няма. Таму першы крок, калі ў вашай сям’і ёсць алкаголік, – прызнаць гэта. Многіх блізкіх стрымлівае боязь не выглядаць у вачах знаёмых і суседзяў лепшымі, чым ёсць. Часцей ад алкагалізму блізкага пакутуе жанчына.
Яна ціха плача, што ён прыйшоў п’яны, канапа ўжо гніе ад мачы і ванітаў, купляе новую канапу, але за дзвярыма дома ўсімі сіламі імкнецца даказаць, што ў сям’і ўсё ў парадку, каб жа толькі ніхто не даведаўся, што ён алкаголік. Але ўжо і так усе ведаюць. Такую хваробу не схаваеш.
Перамены пачынаюцца з сябе. Фота rifmnet.ru.
– Для мяне свет падзяліўся на залежных і сузалежных.
– Алкаголікі не могуць прыняць перамены, а нам іх вельмі не хапае. Яны хочуць, каб было так, як было.
– Вельмі цяжка з алкаголікам, які перастае піць. Мы прывыклі жыць з алкаголікам, вінаваціць яго ва ўсіх праблемах. Але калі ён пачынае цверазець, нам даводзіцца ставіцца да яго з павагай, апускаючы тыя пакуты, якія набылі праз яго. Калі ён цвярозы, гэта іншы чалавек, але як нам выкрасліць з памяці перажытае з ім п’яным?
Ён учора ляжаў каля плінтуса, а цяпер мы павінны з ім лічыцца. Жонкі алкаголікаў – прафесійныя ахвяры з кіпцюрамі. Нам вельмі зручна выглядаць беднымі і няшчаснымі, гэта ж ён кепскі. Але сваімі кіпцюрамі мы не даём мяняцца: калі ён сапраўды кіне піць, то якой стану я?
Я ўмею хаваць картку, прыкрываць перад начальнікам, але як мне пачаць ставіцца да яго з годнасцю і павагай?
– Цвярозасць – гэта не забарона прадаваць алкаголь ад 23 да 9, не кадзіраванне, гэта праца над сабой.
– Нас выхавалі так, каб мы цягнулі ўсё на сабе, каб кантралявалі жыццё ўсіх сваякоў. Мы не жанчыны, мы выжывальшчыцы.
– Праграма навучыла не прыніжаць алкаголіка і не сварыцца з ім, тады і ў яго вяртаецца павага да цябе. Калі ты на яго крычыш, ён таксама не будзе паважаць цябе. Калі я крычу, мяне не чуе ніхто.
– Раней вельмі абуралася, калі ён прыходзіў п’яны і яшчэ нешта хацеў. Пасля навучылася аддзяляць чалавека ад яго хваробы. Але дома зрабіць гэта немагчыма. Для гэтага трэба група.
– Праграма вучыць жыць тут і цяпер з тым, што мы маем.
Як далучыцца
Сходы ў групе падтрымкі АлАнон для сваякоў і блізкіх алкаголікаў адбываюцца па чацвяргах ў 17 гадзін, у нядзелю – у 15 гадзін. Адрас: Маладзечна, Вялікі Гасцінец, прыбудова ля касцёла з боку “Модуля”.
Сходы для алкаголікаў (АА) адбываюцца ў гэтым жа будынку па чацвяргах у 19 гадзін, па нядзелях – у 13:30.
Як ісці па лесвіцы духоўнасці
На сходах удзельнікі чытаюць спецыяльную літаратуру, якую распрацавалі для груп падтрымкі. Мы прапануем некаторыя вытрымкі.
- На сходах не спрабуюць вырашыць мае праблемы за мяне.
- Любоў даецца незалежна ад заслуг.
- Я магу змагацца і прайграць гэту бітву, а магу прызнаць бяссілле перад алкагалізмам. Лепш імкнуцца вылечыцца ад наступстваў для мяне.
- Гэта сямейная хвароба. Кожны, у чыёй сям’і ёсць алкаголь, гэта разумее. Яна паражае ўсю сям’ю.
- Не трэба чакаць ад алкаголіка, што выканае абяцанні, – так жыццё становіцца больш кіруемым.
- Адасабляйце асобу ад хваробы.
- Казаць алкаголіку: калі б ты мяне любіў, то не піў бы, тое самае, што сказаць хвораму: калі б ты мяне любіў, то не падхапіў бы туберкулёз.
- Яго паводзіны нічога не гавораць пра мяне, яны гавораць толькі пра яго. А вось мае паводзіны, мае рэакцыі – гэта тое, за што адказная я.
- Каб не пазбавіць жадання лепшага жыцця, я дазволю алкаголіку сутыкнуцца з наступствамі сваіх рашэнняў.
Ананімныя алкаголікі: Як працуе, не ведаю, але гэта проста цуд, таму што я цвярозы!
Маладзечанец: “27 гадоў я піў, а цяпер − цвярозы!”
Ананімныя алкаголікі дапамогуць
Што там, за калючым дротам супрацьтуберкулёзнага дыспансера?
Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.
Калі ад ветру коўдра не ратуе,
Калі ты сам дрыжыш, як ліпавы лісток,
ІП Шульжыцкі вокны прапануе,
Да цеплыні зрабі ўсяго адзін званок.
Тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Велком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.
Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.
ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990
Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – вытворца сувеніраў з фотаздымкам прыватны прадпрымальнік Віталь Пагуда.
Хочаце бачыць блізкіх людзей нават, калі вы не разам. Выдатнае рашэнне – кубачак з фотаздымкам вашых блізкіх. Ён не кідаецца у вочы, як фотарамка. Таму вашых блізкіх не будуць разглядаць калегі альбо незнаёмыя людзі. А вы будзеце заўсёды адчуваць падтрымку родных вачэй і мілы позірк.
Таксама вы можаце замовіць фота на талерку, майку, бірульку і многае іншае. Гэта выдатны і нечаканы падарунак на любую ўрачыстасць!
Сувеніры з фотаздымкам – мы здольныя спыніць шчаслівыя імгненні.
Кантактныя тэлефоны: (8029) 169-17-68, (8033) 313-89-64.
ІП Пагуда В.Д. УНП 691503039