20 лістапада. 60 гадоў назад (1955) у Вілейцы адчынілася музычная школа. 

21 лістапада

105 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Судніка (1910 – 1995), беларускага мовазнаўца, заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Скончыў Мінскі педінстытут (1938). Асноўныя напрамкі яго даследаванняў – беларуская лексікалогія і лексікаграфія, арфаграфія, тэрміналогія, анамастыка. Адзін з аўтараў “Руска-беларускага слоўніка”, “Беларуска-рускага слоўніка”, “Арфаграфічнага слоўніка” (5-е выд.), “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (т. 1-5). Асноўныя працы: аўтар “Слоўніка асабовых уласных імён”, “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”: больш за 65 000 слоў. Старшыня Беларускага, член Міжнароднага камітэтаў славістаў. Аўтар больш за 100 навуковых прац. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” (1979), медалямі.

23 лістапада

115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Ярмолінай (1900–1984), беларускай актрысы, тэатральнага дзеяча, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

95 гадоў з дня нараджэння Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі (1920–1980), Героя Савецкага Саюза.

24 лістапада

110 гадоў з дня нараджэння Льва Любімава (1905–1977), беларускага і рускага дырыжора, народнага артыста Беларусі.

1970 год. У Клюшчанах Астравецкага раёна памёр Адольф Клімовіч, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец, вязень савецкіх канцлагераў.

1905 год. Цар Мікалай II падпісаў указ, у якім здымаліся ранейшыя забароны на выкарыстанне мясцовых моў у дзевяці заходніх губернях Расейскай імперыі.
25 лістапада

1795 год. Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў гарадзенскім Новым замку адрокся ад трона.

1910 год. Нарадзіўся Змітрок Астапенка (в. Калеснікі, цяпер Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці), беларускі паэт, перакладчык, вязень савецкага канцлагера. У пачатку Другой сусветнай вайны ўцёк з лагера на фронт, загінуў у баі ў Карпатах у кастрычніку 1944 года.

1925 год. У Мінску пачаўся (доўжыўся да 29 лістапада) першы з’езд паэтаў і пісьменнікаў аб’яднання “Маладняк”.

26 лістапада

90 гадоў з дня нараджэння Юрыя Семянякі (1925–1990), беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтва Беларусі, народнага артыста Беларусі. Быў вядомы  ў першую чаргу як паэт-песеннік, пераважна пісаў музыку на вершы Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Адама Русака, Генадзя Бураўкіна, Эдзі Агняцвет, іншых. Папулярнымі сталі такія песні, як “Явар і каліна”,  “Ты мне вясною прыснілася”, “Не за вочы чорныя”, “Расцвітай, Беларусь”, шмат іншых. Адной з вяршынь у творчасці кампазітара стала опера-паэма “Зорка Венера”, створаная па матывах твораў Максіма Багдановіча. Вынікам жа творчасці можна лічыць апошнюю оперу “Новая зямля” па матывах аднайменнай паэмы Якуба Коласа. Значным дасягненнем з’яўляецца і музкамедыя “Паўлінка” па п’есе Янкі Купалы.

85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча (1930–1984), беларускага пісьменніка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста.

160 гадоў з дня смерці Адама Міцкевіча (1798–1855), польскага паэта беларускага паходжання, грамадскага дзеяча, публіцыста.

80 гадоў назад (1935) у вёсцы Альковічы Вілейскага раёна нарадзіўся Кандрат Церах, беларускі дзяржаўны дзеяч, у 1986-1991 гадах – міністр гандлю СССР, узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны” і Дружбы народаў.