Сівы мужчына зразае нажніцамі ў скрыню абляпіху, жанчына ў інвалідным вазку прапануе дыскі, дзве жанчыны прадаюць грыбы і абмяркоўваюць сямейныя праблемы. Кожны дзень рынак райспажыўтаварыства ў Мала­дзечне мяняецца, мяняюцца гандляры і іх тавары, мяняюцца пакупнікі. У кожнага гандляра ёсць свая гісторыя, якая прывяла яго на рынак. Іх і высвятлялі карэспандэнты “РГ”.

На лістападаўскай планёрцы ў Маладзечанскім райвыканкаме прадстаўнікі ўлады даручылі змагацца з гандлярамі, якія прадаюць тавары і не плацяць грошы за арэнду месца, абавязалі Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі сачыць за санітарным станам іх прадукцыі.

Былая франтавічка прадзе воўну і прадае з яе шкарпэткі

Каля рынку дастаткова запаволіць крок – гандляры самі загавораць з вамі, раскажуць, чаму іх тавар для вашай гаспадаркі проста незаменны:

– Дзяўчаты, бярыце сардэчныя кроплі! – крычаць нам услед. На пярэчанне, што яшчэ ранавата імі запасацца, адказвае: – Будзеце так за сэрца хапацца, спатрэбяцца!

На пластыкавых скрын­ках раскладзеныя шкарпэткі. На пытанне, ці цёплыя, адказвае:

– Я былая франтавічка, у вайну ногі адмарозіла, дык толькі яны і грэюць цяпер. Сама ж іх вяжу і пражу раблю. Ёсць з авечай воўны, ёсць з сабачай поўсці. Людзі сабак самі прыводзяць, каб падстрыгла. Іх жа нажніцамі нельга, спецыяльнай машынкай трэба стрыгчы, а пасля праду.

На пытанне, ці карыстаецца кроснамі, адказвае, паказваючы рукі:

– Вось мае кросны! Грошы за прадзенне не бяру, палову нітак сабе пакідаю, палову гаспадарам аддаю. Цяпер адна жыву, няма каму памагаць. На рынак і езджу.

Ледзь ходзіць, але прадае гарбузы і кальрабі

Гарбузы прадае 77-гадовая Галіна. За прылаўкамі пад навесам нават у будні не менш за пяць бабуль, якія прапануюць тавары са свайго агарода. Тут знаходзяць усё, што расце на ўчастку: чагу, наготкі, мацярдушку, сухацвет, альвас, а таксама самую розную гародніну. Падыходзім да 77-гадовай бабулі з гарбузамі, кабачком, некалькімі шклянкамі з фасоляй.

– Усё з лецішча ў Красным, ну. Далёка, дзеткі, яно, тры кіламетры ад электрычкі. Фасоля мая харошая, хуценька разварваецца. Я сабе з расольнікам раблю, на тры дні вару. Купляла некалі на рынку, цяпер у мяне расце. Тут кмен і кроп. Усё, што вырошчваю, усё сюды вязу. Вырасла гарбузоў з 15 сёлета. Летам на рынку не бываю, толькі ягад якіх, можа, кілаграм, прынясу. Ногі не ходзяць, адхадзілі ўжо. 77 гадоў, што ж вы хочаце.

У агародзе памочнікаў няма. Сына ў снежні пахавала… (выцірае слёзы. Пытаемся пра адзін з тавараў: “А гэта што ў вас?”). А кальрабі. Капуста такая. У сярэдзіне белая. В’етнамцы надта бяруць на салат. У мяне тры пакоі, адзін адпусціла пад гарбузы і кабачкі. Мінулы год такія гарбузы былі, па пуду. Каціла іх, дык паадбіваліся і псаваліся. Яны не любяць бою.

Сама ж гарбузоў не вару ўжо. Прыходжу, ногі адкідаю і ляжу. На базар нясу ў торбе, а як з лецішча забіраць, то наймаю машыну і перавожу ў горад, што збяру з агарода. Бываюць дні, што нічога не прадасі. Слаба бяруць, цяпер усяго навалам.

Пашкадавала бязножку і аддае кацянят

Каля рынку аддае задарма рыжанькага і шэранькага кацянят мала­дзечанка Вераніка:

– У мяне тры кошкі. Жыву ў кватэры ў Мала­дзечне. Коцікі з вуліцы, шкадую іх. Адну толькі нявестка прывезла. Яна была скалечаная. Ёй аперацыю зрабілі, была хвароба. Так бы прапала. Усе ў хаце жывуць. (Пытаемся, а адкуль тады кацяняты) А гэта мой чалавек неяк узлаваўся і выгнаў. Вось было шэсць кацянят, траіх аддала. Дваіх сёння прынесла, можа, хтосьці возьме. Аднаго пакуль дома пакінула, не злавіла.

На рынку не надта забіраюць. Некаторыя не любяць іх, некаторыя і любяць, але не могуць клапаціцца. Мне вельмі шкада коцікаў, што на вуліцы застаюцца. Людзі зачыняюць пад’езды, падвалы. Праходжу міма – ноч надыходзіць, а яны адны на вуліцы. Няўжо падвалу шкада? Ці кавалка кілбасы? Гэта ж такая энергетыка, засцярога ад усяго злога, моц даюць людзям.

У некаторых краінах нават ёсць аднадзённыя вальеры, дзе жывёлкі могуць пераначаваць. У дзяцінстве катоў любіла не настолькі, як цяпер. Была адна кошачка, у якой лапкі не было, забрала да сябе. Пашкадавала бязножку, пасля гэтага і па­чала так займацца коцікамі. Часам мне падкідаюць катоў. Адна суседка раней на іх скардзілася, але цяпер супакоілася.

Вазьміце кацяня з добрых рук у свае, такія ж

Дваранін і вынаходнік гандлюе жалезам з гаража

На маладзечанскім рынку цэлы рад займаюць гандляры розным “жалезам”. Звычайна гэта мужчыны за 50, на прылаўках у якіх медалі, значкі, нажы, дзвярныя ручкі, цвікі, колы з дзіцячых вазкоў, інструмент, трубы. Мясцовыя ведаюць, што часам патрэбную драбязу прасцей знайсці тут, з нечага чужога падвала ці гаража, чым шукаць у спецкрамах. Адзін з такіх гандляроў – Пётр Сяргеевіч. Прайсці праз яго лаўку незаўважным не атрымаецца:

– Што цікавіць дзяўчат? У нас усё ёсць, калі трэба, хоць мужыка падбяром і прададзім!

Даведаўшыся, што мы не пакупнікі, а журналісты, гандляр шчодра расказвае пра сваё жыццё, кожны адказ пачынаючы са слоў: “Зараз патлумачу”. Расказвае, што багацце, якое ляжыць на тых жа самых месцах з дня ў дзень, прыносіць і раскладвае штодзень са свайго гаража. Сабралася шмат чаго непатрэбнага, а тут часта знаходзяцца тыя, каго атрымліваецца выручаць.

Расказвае і пра насычаны падзеямі лёс. Пра тое, што яго бацька паходзіць з дваранскага роду і ­ўдзельнічаў у Тульскай абарончай аперацыі, што сам працаваў на заводзе ў Рызе, дзе змог аптымізаваць вытворчасць і зарабіць вялікія грошы, што пасля ўладкаваўся на маладзечанскі “Электрамодуль”, дзе ў час працы зрабіў адкрыццё і атрымаў патэнт.

Узгадвае, як дачка гуляла на вуліцы ў дзень Чарнобыльскай катастрофы і як сышла жонка. Ганарыцца падарункам, які атрымаў падчас службы, – гадзіннікам “Слава”. Сярод адкрытых дакументаў Дзяржаўнага камітэта СССР па вынаходніцтвах і адкрыццях мы знайшлі два пасведчанні на вынаходніцтвы, сярод аўтараў якіх пазначанае імя нашага суразмоўцы.

“Мяне аднойчы пакусалі 300 пчол, ледзьве не даўся тады”

Каля яго машыны кожныя пяць хвілін спыняюцца мінакі. Некаторыя бяруць грушы, смачнейшых за якія нідзе няма, хто замест цукеркі набывае мёд у сотах, іншыя па дарозе ў суботнюю лазню рашаюць прыдбаць венік, які гаспадар збірае пад высакавольтнымі лініямі.

Мечыслаў Іосіфавіч ужо каля 15 гадоў каля рынку прадае і мёд, і пропаліс, і пылок. Але прызнаецца, што ў пчалярства пайшоў не ад любові да пчолаў, а праз тое, што моцна падарваў здароўе, калі працаваў геолагам.

Сам Мечыслаў Іосіфавіч кожныя выхадныя прыязджае ў Маладзечна з Крэва на сваім старэнькім “Масквічы-каблучку”.

– А быў бы бізнес прыбытковы, на такім вунь круцяку б ездзіў, – кажа наш суразмоўца, ківаючы ў бок дарагой іншамаркі.

Мечыслаў Іосіфавіч на сваім участку ў Крэве гадуе пчол. Летам каля 300 вуллёў, на зіму застаюцца 100. З пчоламі навучыўся абыходзіцца ў часы, калі працаваў у Смаргонскім аб’яднанні пчаляроў.

– Да Смаргоні працаваў у нафтавай прамысловасці. Моцна падарваў здароў’е. Таму і прыйшоў да пчол.

Гэта цяпер ёсць маскі, спецыяльнае адзен­не, а тады выдалі халацік, накшталт медыцынскага. У першы ж дзень пакусалі. Калі вымалі джалы, налічылі ажно 300 штук! Пакуль ехаў дадому на ровары, некалькі разоў лягаў у канаву, прытомнасць страчваў. Ледзьве не даўся тады. Але вычухаўся неяк. Цяпер спе­цыяльна да пчолаў хаджу, каб пакусалі, для здароўя.

У 1996 годзе аб’яднанне пчаляроў распалася. Мужчына быў вымушаны зарабляць грошы.

– Спачатку гандляваў на плошчы ў Маладзечне. Вось добра было! А потым гандляроў пачалі ціснуць.

Спрабаваў гандляваць на рынку. Арэнда месца каштавала 250 тысяч рублёў.

– А я бывала за дзень прадам адзін слоік мёду. І на бензін у мяне 250 тысяч выходзіла. Які сэнс гандляваць на рынку? Лепей на возеры з вудачкай пасяджу.

Спрабаваў гандляваць у Смаргоні, але там не знайшоў пакупніка.

Ёсць у Мечыслава Іосіфавіча і свае гандлярскія прыкметы:

– Трэба зрабіць чары. Першай купюрай абнесці ўвесь тавар, затым схаваць у кішэню.

Пра свой тавар можа расказваць гадзінамі:

– Пылок – найлепшы падарунак маладым. За паўгода да зачацця дзіцяці мужу і жонцы трэба на дзень па чайнай лыжцы пылку з’ядаць. Тады дзеці будуць здаровыя. Пылок збіраюць пчолы, калі яны ляцяць у вулей. Я стаўлю сетачку, каб затрымлівала іх. Яны з лапак страсаюць пылок, а я збіраю.

Цяперашнія мядовыя кірмашы надта псуюць нам справу. Там жа не мёд, а невядома што, і цану заніжаюць да мінімуму, абы бралі. Пасля пакупнікі мне дзівяцца, чаму мой мёд дарагі. Мой не дарагі, гэта там танны.

Гэта ж чэсны гандаль, я тут 15 год стаю, мяне ўсе ведаюць. Сваё ж прадаю, пакупнікі ведаюць, што бяруць.

Памятаю, у дзяцінстве бацька вазіў на восеньскі кірмаш у Ашмяны. Купляў пеўніка і коржык у выглядзе сэрцайка. А я ж такі ласун, усе зубы з’еў. Сын мой таксама мёд любіць, але пчол баіцца. Сёння ён лазню нацепліць, разам сходзім. Венікаў я нарабіў многа, хапае.

Нягледзячы на тое, што да многіх гандляроў падыходзілі міліцыянеры і прасілі не займацца незаконным гандлем, кожны базарны дзень тут збіраюцца тыя, каму ёсць што прапанаваць пакупніку. Ці станавіцца да іх у чаргу, кожны можа вырашыць сам.

Дэпрэсіўная беларуская вёска. Побыт жыхароў глухіх вёсак на Маладзечаншчыне (Фотарэпартаж)

У маладзечанскай гімназіі ў бацькоў патрабуюць пашпарт, каб аддаць дзіця

“Толькі па адной шыльдзе я магу зразумець, што ў гэтай кавярні катлеты, як пачвары”. Што абмяркоўвалі падчас “круглага стала” ў “РГ”

Як блізкія алкаголікаў вылечваюць сваю хваробу ў групе падтрымкі ў Маладзечне

Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Калі ад ветру коўдра не ратуе,

Калі ты сам дрыжыш, як ліпавы лісток,

ІП Шульжыцкі вокны прапануе,

Да цеплыні зрабі ўсяго адзін званок.

Тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Велком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990

Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – вытворца сувеніраў з фотаздымкам прыватны прадпрымальнік Віталь Пагуда.

Хочаце бачыць блізкіх людзей нават, калі вы не разам. Выдатнае рашэнне – кубачак з фотаздымкам вашых блізкіх. Ён не кідаецца у вочы, як фотарамка. Таму вашых блізкіх не будуць разглядаць калегі альбо незнаёмыя людзі.  А вы будзеце заўсёды адчуваць падтрымку родных вачэй і мілы позірк.

Таксама вы можаце замовіць фота на талерку, майку, бірульку і многае іншае. Гэта выдатны і нечаканы падарунак на любую ўрачыстасць!

Сувеніры з фотаздымкам  мы здольныя спыніць шчаслівыя імгненні.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 169-17-68, (8033) 313-89-64.

ІП Пагуда В.Д. УНП 691503039