27 лістапада Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа з Віцебску паказаў маладзечанскім гледачам спектакль “Каралева прыгажосці з Лінэна” па п’есе ірландскага драматурга Марціна Мак Донаха.

У афішы жанр спектакля пазначаны як кухонны трылер.

У цэнтры сюжэту бытавая драма – штодзённае супрацьстаянне састарэлай маці і яе 40-гадовай дачкі, якая проста хоча быць шчаслівай.

У забытым богам гарадку ў Ірландыі жыве старая Мэг са сваёй дачкой Морын. Кожны дзень гэтых двух жанчын пачынаецца з таго, што Морын гатуе маці кашу, як таго просіць старая “без камячкоў”.

Морын з усё большым азвярэннем перамешвае гэтую кашу, усё больш злуецца на маці. Нарэшце на рэпліку старой Мэг, што па радыё паведамілі пра забойства адной бабулі Морын узрываецца:

– Я б з задавальненнем пазнаёмілася з тым забойцам, каб ён прыйшоў і прышыў цябе за проста так.

Звыклы абедзьвум рытм жыцця парушае з’яўленне ў іх горадзе мужчыны, які калісьці быў захаканы ў Морын.

Пра тое, што прыехаў Пата Дулі, паведамляе яго малодшы брат Рэй. Ён прыходзіць да жанчын у госці і не застае Морын дома. Запрашэнне на вячэру аддае Мэг. Старая запэўнівае Рэя, што перадасць яго Морын. Як толькі Рэй пакідае дом, Мэг спальвае запіску ў печцы.

Але Рэй па дарозе сустракае Морын і перадае ёй на словах.

На кухні зноў наспявае трылер. Морын называе маці падманшчыцай. Просіць не ўмешвацца ў яе асабістае жыццё:

– Маладым дзяўчатам не да твару самім заляцца да хлопцаў, – кажа Мэг.

– Мне 40 гадоў, мама! Думаеш, прыемна кожны дзень тут тырчаць з табой? А я за 40 гадоў толькі двойчы пацалавалася з мужчынамі.

– Двое – гэта шмат.

– Заткніся!

Пасля будзе яшчэ адна запіска. Ужо ад Пата. Ён, як і раней, кахае Морын, называе яе каралевай прыгажосці. У тым лісце, які ён зноў перадае праз легкадумнага Рэя, Пата просіць Морын паехаць з ім у Амерыку, а маці перадаць у дом састарэлых.

Мэг чытае гэты ліст першай…

Спектакль заканчваецца тым, што старая Мэг памірае. Здавалася б, ну што цяпер трымае жанчыну ў Ірландыі, але Рэй прыходзіць са звесткай, што Пата ў Амерыцы заручыўся з іншай.

Морын бярэ качаргу маці і садзіцца ў яе крэсла.

– Ну вы ў гэтым крэсле ну сапраўды як ваша нябожчыца маці. Сядзіць, камандуе і імёны блытае, – падвёў рысу ў тым ліку і ў жыцці Морын Рэй.

Найперш, гэта спектакль пра каханне

Спектакль “Каралева прыгажосці з Лінэна” у Віцебску паставіла Ірына Цішкевіч.

Спектакль стаў дыпломнай работай Ірыны.

– У гэтым мы вельмі падобныя з аўтарам п’есы Марцінам Мак Донахам. Гэта п’еса і для яго стала дэбютнай. Калі я выбірала п’есу для пастаноўкі, я прачытала безліч матэрыялу. Да гэтай п’есы з творчасцю гэтага драматурга я не была знаёмая. І калі дачытала да моманта, калі маці паліць ліст ад каханага дачкі, так узрадавалася! Я зразумела, што хачу гаварыць пра гэта.

Ірына Цішкевіч пад­крэслівае, што ў спектаклі хацела ўзняць вечную праблему: ступень ахвярнасці дзяцей перад састарэлымі бацькамі. І тое, ці могуць бацькі патрабаваць такой ахвяры ад сваіх дзяцей.

У пачатку спектакля Морын – монстар, а Мэг – ахвяра, але калі маці адбірае ў дачкі права на шчасце, жанчыны месцамі мяняюцца.

– Спектакль мне блізкі яшчэ і таму, што гэта гісторыя закранае кожнага з нас. У спектаклі каханы Морын Пата з’язджае па лепшае жыццё з Ірландыі ў Англію. Хіба гэта тэма не блізкая Беларусі? Маці з дачкой спрачаюцца, што па радыё амаль не чуваць ірланд­скай мовы, а ўсё запаланіла англійская. Хіба і гэта не пра Беларусь?

Ролю Мэг выканала заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова, ролю Морын – Анжаліка Баркоўская.

Анжаліка Баркоўская расказала “Рэгіянальнай газеце”, што ёй цяжка нейкім адным словам апісаць пачуцці да сваёй гераіні:

– Я не магу назваць гэта пачуццём жалю да Морын. Адзінае, што я насамрэч апраўдваю яе. Морын – не монстар. І калі адказваць на пытанне, пра што спектакль, я бы сказала, што ён пра каханне.

І спектакль заблытаны і неадназначны як і само наша жыццё. Ён пра тое, як нашыя чаканні не апраўдваюцца.

Прэм’ера спектакля адбылася ў Віцебску сёлета 11 чэрвеня. І сёння ўваходзіць у рэпертуар тэатра.

Таму, калі вы задумаецеся над тым, каму што павінны або вырашаеце ці варта ахвяраваць сваім шчасцем дзеля спакою блізкіх, бярыце квіток і едзьце ў Віцебск. У Морын, Мэг і Пата ўжо ёсць адказ на гэтыя вечныя пытанні.

Прадавачкі ў магазіне рытуальных паслуг у Маладзечне: Працаваць не страшна, тут жа толькі кветкі

На маладзечанскім рынку дваранін прадае метал, франтавічка – шкарпэткі. Жыццёвыя гісторыі гандляроў (Шмат фота)