Як гэта, прыходзіць штодзень на працу, адкрываць дзверы магазіна і ўпірацца позіркам у вянкі ды труны? Суцяшаць людзей і пры гэтым не губляць пачуццё аптымізму, – спыталіся мы ў тых, хто працуе ў сферы рытуальных паслуг 3, 10 і 20 гадоў.

У нас жа тут нябожчыкаў няма, толькі кветкі, толькі прыгажосць

Лілія Іванаўна працуе ў салоне рытуальных паслуг у Гелянове ў Маладзечне.

– У нас тут людзей нямнога бывае. Хутчэй успамінаюцца гісторыі, звязаныя з тым, што даводзілася прыходзіць ноччу, адпускаць людзям вянкі ці труну.

Запомніліся Ліліі Іванаўне людзі, што прыехалі па яе дамоў каля 12 ночы, каб яна адкрыла магазін і прадала труну.

А яшчэ даводзілася адкрываць краму людзям ноччу, якія куплялі вянкі, каб хутчэй перасекчы мяжу з Украінай.

– Не-не, яны насамрэч ехалі на пахаванне, але вянкі трэба было купіць тут, каб меней трымалі на мяжы.

Першае, што пытаюцца пакупнікі, гэта ці не страшна Ліліі Іванаўне тут працаваць, на што жанчына адказвае, што нябожчыкаў жа яна не бачыць, толькі кветкі.

Цяжка ёй працаваць з людскім горам, асабліва калі бацькі прыходзяць па пахавальныя прыналежнасці для сваіх дзяцей:

– Мне трэба спытацца, што пісаць на стужцы ці крыжы, а я не магу, камяк у горле стаіць.

Каля ўвахода ў павільён стаіць труна.

Лілія Іванаўна працягвае:

– А бывае, што людзі заходзяць проста паглядзець на цэны. Паглядзяць на гэту труну і абураюцца: “Ай, як дорага”. Я кажу: “Дык ёсць жа таннейшыя”. А чалавек адказвае: “Ды мне не трэба, я проста зайшоў на цэны паглядзець”.

Здараліся ў рабоце Ліліі Іванаўны і казусы:

– Прыйшлі аднойчы людзі купіць вянок для нейкага сваяка свайго калегі. Прадыктавалі імя, я напісала яго на стужцы. Праз некаторы час вяртаюцца: “Ай-я-яй, што вы нарабілі”… Аказалася, што яны назвалі імя калегі, а не яго сваяка.

І жывому чалавеку на вянку напісалі: “Помнім, любім, спачуваем”.

Уяўляю, што было, калі яны вянок прынеслі калегу.

Лілія Іванаўна заўважае, што людзі, калі заходзяць да яе ў салон, адразу пачынаюць кашляць:

– Гэта ад хіміі, з якой вянкі зробленыя. Сама доўгі час не магла прывыкнуць да гэтага паху. Дзверы насцеж адчыняла, праветрывала.

Прыходзяць людзі ў магазін і з парога:

– Ну, у вас тут і пах…

– А чым тут павінна пахнуць? – задае пытанне Лілія Іванаўна.

Чаму гаспадары вырашылі, што іх сабака праваслаўны?

Ларыса Татун працуе начальнікам пахавальнага бюро з лютага сёлетняга года, да гэта была загадчыцай гарадскіх могілак.

Так атрымалася, што наш візіт да Ларысы Канстанцінаўны супаў з перапынкам на абед.

– Нас пытаюцца, ці можам мы есці на працоўным месцы? – Можам! – адказалі жанчыны, якія збіраліся абедаць.

На просьбу пакуль зрабіць фотаздымак з салона, адказалі:

– Калі ласка, толькі трунаў няма, усе за выхадныя разабралі, пачакайце, каля чатырох павінны падвезці.

Таму размову з Ларысай Татун мы пачалі з пытання:

– Ці шмат працы ў пахавальным бюро?

– Так, пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра пахаванне людзей, а пра догляд могілак.

Штодзень на могілках у Лазаўцы хаваюць у сярэднім двух-трох чалавек.

А самае цяжкае, як і для іншых нашых суразмоўцаў, псіхалагічны момант:

– У маім кабінеце стаяць крэслы, каб чалавек адразу мог сесці. У аптэчцы напагатове і карвалол, і сардэчнік, і нашатыр. Побач з намі знаходзіцца станцыя хуткай медыцынскай дапамогі. Двойчы за час маёй працы даводзілася бегчы за дактарамі.

Здаралася ў практыцы Ларысы Канстанцінаўны выслухоўваць і незвычайныя просьбы.

– Памірае чалавек. Побач з ім, калі ён сямейны, звычайна пакідаюць месца для яго жонкі ці мужа. Дык вось была такая гісторыя, калі дзеці прыйшлі замаўляць капанне долу для маці, якая памерла значна пазней за свайго мужа, і слёзна прасілі выканаць яе просьбу, не хаваць побач з мужам, з якім яны пры жыцці часта сварыліся.

Здараліся дзіўныя гісторыі і на могілках.

– Каля самых могілак, з боку лесу, нехта пахаваў свайго сабаку. І як бы, калі ласка, але чаму чалавек вырашыў, што яго сабака праваслаўны і паставіў па ім менавіта праваслаўны крыж? Давялося хуценька прыбраць гэты крыж, каб не пакрыўдзіць веруючых наведнікаў могілак.

Труны за шэсць мільёнаў набываюць не толькі багатыя

Вольга Аляксандраўна працуе ў магазіне рытуальных паслуг амаль чатыры гады.

Жанчына прызнаецца, што асабліва не задумвалася пра выбар работы, пайшла туды, дзе было вольнае месца.

– Адзінае, што я праходзіла адбор. Не кожны можа працаваць у гэтай сферы, гэта ж заўсёды трэба адчуваць гора людзей, знаходзіць патрэбныя словы, быць цярплівым. Бывае, што крычаць, нервуюцца, плачуць. А бывае, што і анекдоты расказваюць.

Вольга Аляксандраўна кажа, што доўга вучылася пісаць прыгожым почыркам надпісы на жалобных стужках.

– А цяпер нам паставілі камп’ютары, стала лягчэй. Уводзіш тэкст і друкуеш яго.

А самае цяжкае ў працы, паўтарае жанчына, гэта працаваць з людзьмі. І работа ў яе ёсць кожны дзень. Прычым, купляюць не толькі вянкі. Амаль штодня людзі набываюць труны, рытуальнае адзенне.

У продажы ёсць труны ад 400 тысяч да 6 мільёнаў.

– Няпраўда, што дарагія набываюць толькі багатыя. Бывала, што людзі з зусім сярэднім дастаткам жадалі менавіта ў такой труне пахаваць свайго любімага дзядулю ці бабулю. 

Шмат людзей прыходзяць замовіць помнік сабе

Гаспадыня салона рытуальных паслуг Людміла працуе ў сферы рытуальных паслуг усё жыццё. І прызнаецца, што праца ёй падабаецца, нягледзячы на тое, што кантынгент, як кажа сама, у яе цяжкі.

– Трэба шмат гаварыць з людзьмі. Часта наведнікі самі хочуць расказаць, што і як у іх здарылася. Бывае, што наадварот даводзіцца шмат іншых пытанняў людзям задаваць, каб адцягнуць іх ад уласнага гора. А з бабулькамі, што прыходзяць па свечкі і лампадкі, проста трэба пагаварыць пра жыццё. 

Бывае, Людміле тэлефануюць людзі з іншых гарадоў, просяць з’ездзіць на могілкі, прыбрацца там або пафарбаваць агароджу:

– Няма ў нас такой паслугі. Хаця яна быць павінна.

Шмат людзей прыходзіць замовіць помнік сабе.

– Пры гэтым, прыходзяць людзі, якім гадоў па 75. Ім яшчэ жыць ды жыць. Але кажуць: “Пакуль я магу, пакуль ёсць грошы, я замоўлю помнік”. Выконваем і такія просьбы.

– А труны загадзя не купляюць?

– Прайшлі тыя часы. Яшчэ 20 гадоў таму, калі я хавала свайго бацьку, у Маладзечне немагчыма было дастаць труну. Гэта я памятаю. Цяпер жа з гэтым праблем няма.

Калі развітваліся ў крамах з прадавачкамі, злавілі сябе на думцы, што ў магазінах рытуальных паслуг ніколі не пачуеш: “ Заходзьцеся да нас яшчэ”.  І не трэба.

На маладзечанскім рынку дваранін прадае метал, франтавічка – шкарпэткі. Жыццёвыя гісторыі гандляроў (Шмат фота)

Дэпрэсіўная беларуская вёска. Маладзечаншчына. Як жывуць сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы (Фотарэпартаж)


Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – індывідуальны прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Вокны – вочы вашага дома. Але толькі ад вас залежыць, ці спадабаецца іх позірк іншым людзям, ці будуць яны грэць вас зімой, а летам ратаваць ад спёкі.

Каб вокны радавалі і прыгажосцю, набудзьце для іх вопратку – зрабіце аддзелку адкосаў, пастаўце маскітныя сеткі.

З нашымі вокнамі ваш дом будзе напоўнены цеплынёй і ўтульнасцю.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Велком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990