У першыя снежаньскія выхадныя будзе цёпла, але сыра і ветрана. Надвор’е будзе спрыяць прагулкам па парку, паходам у кіно альбо павышэнню вашых ведаў пра беларускую мову.

Каб сырое надвор’е не зрабіла маркотнымі вашы прагулкі, глядзіце спіс кафэ і рэстаранаў, дзе вы можаце выпіць чаю з салодкім дэсертам, сагрэцца і правесці час за прыемнай гаворкай.

Кіно:

Будзь першым, хто паглядзеў прэм’еры

Пачынайце аккумуляваць святочны настрой, паглядзеўшы навагоднія прэм’еры. Для тых, хто не любіць зімовыя святы, кінатэатры прапануюць і іншыя тэмы карцін.

Рыхтуйцеся да Новага года ў кінатэатры

Кадр з фільма. Фота filmz.ru.

Кадр з фільма. Фота filmz.ru.

“Заўсёды ёсць формула, пры якой будуць шчаслівыя ўсе”. Пра гэта і распавядаюць аўтары сямейнай камедыі SOS, Дзед Мароз ці ўсё споўніцца”. Для расійскага пракату стала добрай традыцыяй рыхтаваць пазітыўныя чулыя навагоднія гісторыі, якія зводзяцца да думкі, што галоўнае шчасце – гэта сям’я.

Пра гэта ж распавядае фільм, сцэнарый для якога пісаў беларускі драматург Андрэй Курэйчык разам з Уладзімірам Яжовым.

Бацькі дзяўчынкі Светы збіраюцца разводзіцца, а яна не хоча губляць сям’ю. Яна верыць, што дастаткова папрасіць Дзеда Мароза – і яе жаданне спраўдзіцца. Але замест сапраўднага Дзеда Мароза дзяўчынка сустрэла махляра Мышкіна.

Наперадзе іх чакае шэраг прыгод, каб напрыканцы ўсе змаглі шчасліва сустрэць свята.

Тым, каму даспадобы лёгкія камедыі і хочацца адчуць набліжэнне Новага года пры плюсавой тэмпературы гэтага тыдня, варта звярнуць ўвагу на фільм “Страшылкі”. Старшакласнікі займаюцца расследаваннем забойства, якое адбылося перад каляднымі святамі. Пасля паездкі ў лес за елкай бацькі заўважаюць дзіўыя паводзіны малодшага сына. Іншую сям’ю пераследуе калядны дэман Крампус. Усё гэта адбываецца ў той час, калі на Паўночным полюсе Санта адбіваецца ад зомбі-эльфаў.

Вярніцеся на гадзінку ў дзяцінства

Для сямейнага прагляду расійскі кінематограф прапануе анімацыю “Уверх нагамі, ці недзе ў гэтым лесе”. Ён аб’ядноўвае некалькі гісторый пра сяброўства, дабро і праўду. Кожная з іх аформленая адметным графічным стылем.

Кадр з фільма. Фота atatatv.net.

Кадр з фільма. Фота atatatv.net.

Не прапусціце разгар пракату

Кадр з фільма. Фота megaobzor.com.

Кадр з фільма. Фота megaobzor.com.

Калі вы яшчэ не паглядзелі фінальную частку сагі “Галодныя гульні: Сойка-перасмешніца. Частка ІІ”, то ў вас яшчэ наперадзе задавальненне ад выдатнай атмасфернай карціны. Нават у адмоўнай крытыцы адзначаюць выдатны візуальны і музычны складнік фільма.

У гэтай частцы гісторый Кітніс Эвердзін давядзецца змагацца з праўленнем краіны, якое зрабіла з забойства маладых людзей забаўляльнае шоу. Сітуацыя ўскладняецца тым, што яе сябар і партнёр па папярэдніх Галодных гульнях запраграмаваны на забойства Кітніс.

Чарговая моладзевая сага стала надзвычай папулярнай. У гісторыі пра Кітніс мы бачым антыўтапічны свет, змаганне за лепшае жыццё для ўсіх, палітычныя інтрыгі, жаданне не прымаць існуючыя хворы свет як адзіны магчымы. Фільм спадабаецца аматарам гісторый змагання.

Кадр з фільма. Фота filmasik.net.

Кадр з фільма. Фота filmasik.net.

Драма “У сэрцы мора” распавядае гісторыю змагання чалавека з прыродай. У 1819 годзе экіпаж “Эсэкса” адправіўся ў плаванне. Паляванне доўгі час ішло паспяхова, але перарвалася атакай кашалота. Маракі пераселі ў шлюпкі і некалькі месяцаў змагаліся за выжыванне. У аснову пакладзеныя рэальныя падзеі. Экіпаж “Эсэкса” натхніў на стварэнне рамана “Мобі Дзік”.

Карціна для аматараў напружанай гісторыі, уражанні ўзмацняюцца эфектам 3D. Вас парадуе выдатны акцёрскі склад. Падчас здымак іх харчаванне моцна абмяжоўвалі, каб у фільме было падобна, што маракі галадаюць.

Калі кахаць страшна, а не кахаць немагчыма

Кадр з фільма. Фота kinomania.ru.

Кадр з фільма. Фота kinomania.ru.

“Ён – дракон” – расійскае фэнтэзі пад слоганам “кахаць – страшна” ў 3D. Гэта прытча пра каханне, пра тое, што гэта не заўсёды дар.

Княжну Міраславу падчас вяселля скраў дракон і занёс у свой замак на востраве. У цёмнай пячоры дзяўчына сустракае загадкавага Армана. Яна ўпершыню перажывае такое яркае пачуцце. Іх адносіны раскрываюць слоган: кахаць – страшна.

Карціна фільма складзеная, нібы твор мастацтва, вершы Катарыны Султанавай – незвычайнае аздабленне пачуццёвай гісторыі. Фільм прыйдзецца па душы тым, хто любіць каштаваць новае.

Рэпертуары ў кінатэатрах “Радзіма” і “Мір” глядзіце тут.

Імпрэзы:

“Мне чарку акавіты або Чаму Скарына не меў моўнага бар’еру ў Еўропе”

У суботу, 6 снежня, а трэцяй гадзіне дня ў прыватнай гасцёўні ў Маладзечне па Чыстай, 26 адбудзецца сустрэча з лінгвістам, старшынём анамастычнай камісіі ТБМ імя Скарыны, укладальнікам “Беларускага класічнага правапісу” Вінцуком Вячоркам.

Тэма імпрэзы: “Мне чарку акавіты!, або Чаму Скарына не меў моўнага бар’еру ў Еўропе”.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі абмяркуюць, якой была дзяржаўная мова была ў Вялікім княстве літоўскім, якія мовы ведалі адукаваныя беларусы таго часу. Як моўная сітуацыя ў ВКЛ паўплывала на сучасную беларускую мову.

Пабыць на сярэднявечнай вечарынцы

У суботу, 5 снежня, у Вілейскім Палацы культуры пройдзе вечарына, прысвечаная 10-годдзю клуба гістарычнай рэканструкцыі “Паходня”. Пачатак – а 16 гадзiне.

Гледачы пабачаць сярэднявечныя баі і забавы, паўдзельнічаюць у конкурсах і майстар-класах.

Спорт:

Чэмпіянат па барацьбе

Чэмпіянат Беларусі па грэка-рымскай барацьбе праходзіць у Маладзечне 4-5 снежня. У суботу, 5 снежня, спаборніцтвы пачнуцца а 10 гадзіны раніцы. Уваход вольны. Турнір праходзіць у зале грэка-рымскай барацьбы па вуліцы Ясінскага, 12.

Спектакль пра эгаізм старых паказалі ў Маладзечне

Віляйчане сталі лаўрэтамі конкурсу маладых выканаўцаў “Беларускiя таленты”

У Маладзечне прайшоў творчы вечар Анатоля Кашапарава (Фота)