Гісторыя аднаго экспаната з Ашмянскага краязнаўчага музея.

У адну з марозных пераднавагодніх начэй далёкага 1993 года ў Ашмянскую пагранкамендатуру паступіла інфармацыя, што на ўскрайку лесу каля вёскі Каменны Лог паблізу Дзяржаўнай мяжы заўважаная група падазроных асоб.

Камендатура была паднятая па трывозе і памежнікі на чале з камендантам падпалкоўнікам С.М. Грыгарэнка прыступілі да прачэсвання лесу.

Неўзабаве з’явіліся і першыя затрыманыя, і адразу стала ясна, што аперацыя ператвараецца ў выратавальную.

Лёгка апранутыя людзі ў пятнаццаціградусны мароз у цемры заблукалі ў лесе і, разбіўшыся на невялікія групы, спрабавалі выйсці да людзей. Так, напрыклад, адна з жанчын была абутая ў сланцы на босую нагу. Усяго былі затрыманыя 52 чалавекі ўсходняй знешнасці.

Трохі гаварыў па-англійску толькі адзін мужчына, які і быў галавою гэтай экзатычнай групы. Чалавек растлумачыў, што яны –грамадзяне Ірака, курды па нацыянальнасці і хацелі нелегальна перабрацца ў Еўропу. Іх прывезлі з Мінска на аўтобусе і высадзілі, не даязджаючы да вёскі Каменны Лог. Да літоўскай тэрыторыі яны збіраліся дайсці самастойна праз лес, але, як аказалася, пераацанілі свае сілы.

Затрыманых размясцілі на тэрыторыі камендатуры ў вёсцы Будзёнаўка, абагрэлі, накармілі і аказалі неабходную медыцынскую дапамогу.

У старэйшага гэтай групы памежнікі знайшлі старадаўнюю карціну з выявай каня на скаку. Са слоў уладальніка, нібыта яна была падораная за баявыя заслугі адным з сыноў тагачаснага кіраўніка Ірака Садама Хусэйна, якому, у сваю чаргу, дасталася як трафей з аднаго з палацаў эміра Кувейта падчас Іракска-Кувэйцкай вайны.

Карціну ён ацаніў высока і спадзяваўся прадаць яе на Захадзе не менш чым за сто тысяч нямецкіх марак, што ў той час складала больш за 25 тысяч долараў.

Вядома, ацаніць праўдзівасць расказанай гісторыі цяжка. Затым карціну перадалі ў Ашмянскую мытню. Было ясна, што яна старадаўняя і не магла быць створаная ў мусульманскіх краінах, таму што іслам забараняе рабіць выявы людзей, жывёл і любых іншых жывых істот. Гродзенскія мастацтвазнаўцы правялі папярэднюю экспертызу. На іх думку, гэты твор мастацтва прадстаўляе сабою пано, інкруставанае дрэвам, быў створаны, хутчэй за ўсё, у Кітаі не пазней XVIII стагоддзя. Цікава, што конь на карціне нясецца па горнай даліне ступою. Гэта вялікая рэдкасць, і такія скакуны-інаходцы ва ўсе часы асабліва шанаваліся за плыўнасць і шпаркасць ходу. Магчыма нават, што мастак намаляваў не нейкага абстрактнага каня, а намаляваў нейкага рэальнага асабліва выбітнага скакуна.

Па рашэнні Ашмянскага суда карціну ў парушальнікаў канфіскавалі. Далей разглядалася некалькі варыянтаў яе далейшага лёсу. Па патрабаванні начальніка аддзела па барацьбе з кантрабандай А.В.Смаля было прынята рашэнне аб бязвыплатнай перадачы гэтага твора мастацтва Ашмянскаму краязнаўчаму музею.

Група людзей знаходзілася на тэрыторыі камендатуры каля двух тыдняў. За гэты час іх стала больш – у жонкі старэйшага групы ў Ашмянскай радзільні нарадзіўся сын, і радасны бацька быў шчаслівы, забыўшыся пра ўсе свае непрыемнасці.

Затым усіх парушальнікаў адправілі ў Мінск, адкуль, верагодна, іх дэпартавалі ў Расію, адкуль яны прыбылі да нас. Карціна ж і дагэтуль знаходзіцца ў Ашмянскім краязнаўчым музеі.