Пасля выхаду на пенсію маладзечанка Святлана Капуцкая пачала жыццё па-новаму. Паездкі, канцэрты, літаратурныя вечарыны і нават заняткі ў басейне цяпер не па святах і выхадных, а ў простыя будні. 

Жыве жанчына з мужам Мікалаем Пятровічам у вялікім прыватным доме ў Мала­дзечне, дзе мы і сустрэліся. У гасцях у гэты час быў і іх пяцігадовы ўнук Руслан. Яго пакуль не вельмі цікавіць паэзія, а больш займаюць машынкі. Толькі час ад часу ён падыхо­дзіў да бабулі і тузаў за рукаў блузкі.

– Пісаць вершы пачала два гады таму, у 59 гадоў, – прыгадвае Святлана Васільеўна. – Раней ніколі гэтым не займалася. Памятаю, паехалі тады за Самалі ў грыбы, там жылі мае бабуля і дзядуля. Пахадзілі, заехалі ў вёску. Наша хата стаіць старэнькая, сад зарос, трава па калена. Я думала пра бацькоў, мне хацелася іх бачыць. Быццам з імі размаўляла, чакала, што мяне нехта сустрэне. І напісала свой першы верш.

Спадарыня Святлана праз усю нашу размову чытае вершы. Памятае іх на памяць. Вось пачатак таго, першага:

“Не часта я ўжо тут бываю,
Але з падзякай ўспамінаю.
Хоць столькі год ужо прайшло,
А мне ў сэрцы залягло”… 

Святлана Васільеўна бярэ ў рукі ноты. На яе словы напісаў музыку беларускі кампазітар Леанід Шурман. Цяпер тры вершы сталі песнямі: “Я прыйду да цябе”, “Доля” і “Госці ў хаце”. Спадарыня Святлана робіць рэмарку, што апошняя – святочная, як “Чарка на пасашок”.

– Маёй матулі няма ўжо 23 гады. Аднойчы іду да хаты, дзе яна жыла. Тут, у нас, на Велікасельскай, дзе цяпер жыве мой старэйшы сын. Ён хату перабудаваў, зрабіў катэдж. А я бачу тут ранейшую сялібу, дзе жыла мая матуля, дзе прайшло маё дзяцінства. Вось і напісала матулі верш, – распавядае Святлана Васільеўна. – Пра што цяпер пішу? Пра баць­каў­шчыну, пра дзяцей, пра каханне. Чакала неяк свайго Мікалая Пятровіча на абед. Надвор’е было такое: ад раніцы яшчэ зіма, а ў абед – вясна. На стол накрыла, Міколы яшчэ не было, зірнула ў акно, і тут імгненна прыйшоў верш. Калі Мікола зайшоў, сказала яму: “Дарагі, я табе верш напісала”.

Гэтая пара разам ужо 42 гады. Маюць двух сыноў, у якіх ужо даўно свае сем’і.

– Падтрымліваю жонку, – кажа спадар Мікалай. – Ездзім разам і на перадачы на радыё, і на канцэрты.

Канцэртаў у Святланы Васільеўны ездзі – не хачу! Ужо сем гадоў як яна спявае ў калектыве “Адпачынак”, што ў Палацы культуры, і пяць – у адным з найстарэйшых калектываў на Маладзечаншчыне “Крынічанька”. Ён існуе ўжо 43 гады.

З унукам Русланам.

З унукам Русланам.

Чатыры месяцы таму спадарыня Святлана далучылася і да літаратурнага аб’яднання “Агмень”.

– Мае вершы простыя. Я не лезу ў слоўнікі, каб падгледзець словы. Ні ў адзін! Каб я ўзяла які і пачала шукаць там патрэбныя словы, магло б і не атрымацца нічога. Ёсць паэты, якія пішуць мудрагелістыя, філасофскія вершы. А ў мяне даступныя, людзям гэта падабаецца, – кажа спадарыня Святлана.

– Калі пачала пісаць вершы, зразумела, што патрэбная. Неаднойчы, калі я чытала іх, людзі пачыналі плакаць. Я пішу пра блізкае. У кожнага з нас ёсць бацькі, у кожнага – свой куточак. Я даношу вось гэта.

Святлана Васільеўна пасля таго, як скончыла ў Маладзечне політэхнічны тэхнікум, працавала кандытарам у рэстаранах “Папараць-кветка”, “Нарач”, “Стары замак”. Выпякала торты, пірожныя. Адпрацавала трыццаць год і перайшла ў вытворчую вучэльню. Была майстрам вытворчага навучання.

– Жанчыны, з якімі працавала ў грамадскім харчаванні, калі слухалі мае вершы, дзівіліся, якая прыгожая беларуская мова, – кажа спадарыня Святлана, якая піша пераважна па-беларуску. – Усім цікава: як гэта так? Торты афармляла, булкі пякла, караваі. І раптам стала паэткай. Год таму патэлефанавала сваёй цётцы і сказала, што стала пісаць вершы, але сама не ведаю, як атрымліваецца. А яна кажа: “Што ты, Света, так хвалюешся? Твой дзед, Пятро, як пайшоў на пенсію, таксама пачаў пісаць”.

Святлана Васільеўна дзеліцца, што часам вершы пішуцца ноччу. Тады яна бярэ мабільны і запісвае думкі, а раніцай чытае мужу.

“Мне 40 гадоў, мама! Думаеш, прыемна кожны дзень тут тырчаць з табой?” Спектакль пра эгаізм старых паказалі ў Маладзечне

Галіна Шаранговіч – расіянка, якая рэдагавала тэксты беларускіх класікаў