Ён дазваляе лепш вывучыць мову і культуру Германіі, а таксама пашырыць кругагляд.

Праект развівае і вучняў, і педагогаў

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў межах ініцыятывы “Школы: партнёры будучыні” падпісала дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія №10 г. Маладзечна” і інстытут імя Гётэ ў Мінску 10 лістапада 2014 года. Гімназію прадстаўляла дырэктар установы адукацыі Таццяна Камкова, а інстытут – кіраўніца моўнага аддзела Мая Мхэйдзе.

Каардынатарам пра­екта з боку гімназіі стала настаўніца нямецкай мовы Вольга Бруй.

Гімназія №10 далучылася да праекта, які стартаваў у 2008 годзе дзякуючы ініцыятыве Федэральнага міністра замежных спраў Германіі д-ра Франка-Вальтэра Штайнмайера. Яго ідэя палягае ў тым, каб сфарміраваць міжнародную сетку, якая аб’яднае тысячу партнёрскіх школ і будзе садзейнічаць інтарэсу і сімпатыям моладзі да сучаснай Германіі.

У межах праекта створаныя магчымасці для павышэння якасці навучання дзяцей нямецкай мове, а таксама ўдасканаленню кваліфікацыі настаўнікаў, пашыраюцца кампетэнцыі для навучання ў ВНУ Германіі і развіцця прафесійнай кар’еры ў міжнародным маштабе, прадугледжаная магчымасць для школьнікаў наведаць Германію і пазнаёміцца з краінай.

Сёння Інстытут імя Гётэ ў Мінску курыруе пяць школ, якія знаходзяцца ў Гродне, Маладзечне, Мінску, Слуцку і Оршы і належаць да гэтай сеткі.

Калі вучышся паважаць чужую культуру, вучышся паважаць і сваю

Каардынатар праекта “Школы: партнёры будучыні” з боку гімназіі Вольга Бруй распавядае:

– Мы яшчэ навічкі ў праекце “Школы: партнёры будучыні”, але за год мы атрымалі пэўныя вынікі. Праект мае вялізнае значэнне і для дзяцей, і для педагогаў, і для бацькоў. Нядаўна завяршылася праграма, падчас якой група і беларускіх, і нямецкіх вучняў правялі па тыдні і ў Беларусі, і ў Германіі. Яны наведвалі мерапрыемствы, экскурсіі, музеі, экалагічныя семінары, каб лепш даведацца пра культуру краін. Яшчэ адна нядаўняя актыўнасць – конкурс коміксаў. Удзельнікі адправілі свае работы, а пераможцаў запрасілі на тыдзень у Мінск у Інстытут імя Гётэ на семінар па графіцы ад нямецкай мастачкі Кіці Каханэ. Разам яны малявалі беларускую частку сусветнага комікса “За 80 дзён вакол свету”.

Фота з архіва Інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Фота з архіва Інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Удзел ва ўсіх мерапрыемствах для гімназістаў бясплатны. Кожную актыўнасць стымулююць невялікімі ці вялікімі прызамі.

Гаворачы пра уплыў на ўзровень валодання нямецкай мовай, я лічу, што значную ролю адыгрывае матывацыя. Для ўдзелу ў любым мерапрыемстве неабходна ці апісваць праект, ці іншым чынам паказваць добры ўзровень мовы. Дзеці бачаць рэальныя магчымасці таго, як нямецкую мову можна прымяніць. Яны больш ахвотна займаюцца дадаткова.

Педагогі таксама атрымалі шмат магчымасцяў для павышэння кваліфікацыі і развіцця. Да таго ж, мы можам заказваць патрэбныя кнігі, дыскі, фільмы, якія дазваляюць зрабіць урокі больш цікавымі.

Праект садзейнічае і іншым мэтам: дзеці становяцца больш талерантнымі, яны з павагай ставяцца да іншай культуры. Але, параўноўваючы, гімназісты з большай увагай ставяцца і да сваёй культуры, бачаць яе адметнасць. Быў такі момант, калі нашы так натхнёна распавядалі пра свой горад, што нямецкія дзеці сказалі: “Мы хочам жыць у вас”.

“Праект пашырае кругагляд”

Інстытут імя Гётэ накіраваў экспертаў па нямецкай мове, якія курыруюць школы-партнёры. Яны дапамагаюць паглыбіць веданне мовы, развіць кампетэнцыі міжкультурнай камунікацыі і зрабіць жывым краіназнаўчы досвед. Такім экспертам для гімназіі №10 стала 20-гадовая немка Яна Донар, якая некалькі месяцаў жыве ў Маладзечне.

У заходняй моладзі распаўсюджаная з’я­ва, калі пасля заканчэння школы маладыя людзі адразу не паступаюць ва ўніверсітэт, а аддаюць год валанцёрству, каб упэўніцца, якой працы хочуць прысвяціць жыццё. Дзяўчына некалькі разоў на тыдзень ладзіць мерапрыемствы для вучняў.

Напрыклад, 1 снежня Яна арганізавала заняткі па майстраванні ліхтарыкаў, з якімі пасля ў чацвер школьнікі будуць хадзіць вакол школы ў гонар Дня святога Марціна. Гэта традыцыйнае для некаторых краін Заходняй Еўропы свята, прысвечанае заканчэнню сельскагаспадарчых работ. Падчас яго на кожнай вуліцы запальвалі вогнішча. 

– Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, ладзіць разнастайныя мерапрыемствы, – распавядае Яна. – Гэта вельмі ўдзячны занятак.

11-класніца Соня Баркоўская аддана займаецца вывучэннем нямецкай мовы, у 2014-2015 навучальным годзе атрымала дыплом першай ступені ў рэспубліканскай алімпіядзе па нямецкай мове. Соня атрымала стыпендыю PAD – нямецкай Службы педагагічных абменаў, дзякуючы якой наведвала семінары, а таксама пабывала ў розных гарадах Германіі. Дзяўчына дзяліцца ўражаннямі ад удзелу ў праекце:

– Эмоцый вельмі шмат! Столькі новых людзей, столькі цікавых гарадоў і краін, з якімі я пазнаёмілася дзякуючы праекту. Мерапрыемствы моцна паглыбілі веды ў гісторыі, ды і наогул неверагодна расшырылі кругагляд. Зразумела, што такога ўзроўню размоўнай мовы, вымаўлення без удзелу ў праекце дасягнуць было б немагчыма. Самае яркае ўражанне пакінула наведванне мюзікла ў Берліне, прысвечанага гісторыі Берлінскай сцяны. 

Вучаніца 11 класа Дыяна Ланюгова ў мінулым навучальным годзе атрымала дыплом другой ступені ў рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі. Аднак нямецкая мова таксама стала важным прадметам. Дзяўчына разам з іншымі чатырма вучнямі гімназіі ўдзельнічала ў моўным летніку ў літоўскіх Друскеніках:

– Гэта незабывальна! Я пазнаёмілася з аднагодкамі розных нацыянальнасцяў. Ніколі не думала, што бываюць такія розныя і цікавыя людзі. Сапраўды, як ужо адзначыла Соня, такія знаёмствы пашыраюць і нават мяняюць кругагляд. 

Цяпер часам вечарамі прыгадваю летнік – і на вочы наварочваюцца слёзы.

У межах праекта самай яркай падзеяй для мяне стала наведванне Берліна. Няхай гэта заняло толькі адзін дзень, але гэты дзень быў настолькі насычаны, што забыць яго немагчыма! Калі раней мы гэтыя будынкі ці пейзажы бачылі на карцінках, а цяпер яны проста перад вачыма, апаноўваюць такія эмоцыі! Развітанне таксама запомнілася, было столькі слёз… А таксама ўдзячнасць за цудоўны досвед.

Фота з архіва Інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Фота з архіва Інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Ад конкурсу паштовак да міжнародных стыпендый

Толькі за год супрацы ў межах праекта “Школы: партнёры будучыні” ў гімназіі адбыўся шэраг актыўнасцяў разнастайных накірункаў. У аснове кожнага з іх – нямецкая мова. Але да гэтага яшчэ дадаюцца і іншыя цікавыя і пазнавальныя веды і культурныя аспекты. Некаторыя мерапрыемствы ў межах праекта “Школы: партнёры будучыні”:

Лістапад 2014 года

  •  майстар-клас па валенні па матывах нямецкіх казак для вучняў 5-6 класаў,
  •  семінар “Экскурсія па Берліне”,
  •  канцэрт нямецкага хіп-хоп гурта Tom Thaler und Basil,
  •  нямецка-беларуская моладзевая сустрэча Школьны мост”.

Снежань 2014

  •  семінар для настаўнікаў “Выкарыстанне навучальных дапаможнікаў на занятках па нямецкай мове”,
  •  конкурс калядных паштовак.

Сакавік 2015

  •  моўныя экзамены з атрыманнем міжнароднага сертыфіката. З 46 вучняў 43 атрымалі “выдатна”.

Май 2015

  •  семінар “Караблебудаванне ў Германіі” для вучняў 5-8 класаў.

Лета 2015

  •  семінар па краіназнаўстве для педагогаў гімназіі ў нямецкім горадзе Любек,
  •  семінар для педагогаў у Франкфурце-на-Одэры “Сістэма вышэйшай адукацыі ў Германіі”,
  •  5 вучняў гімназіі адпачылі і павысілі моўны ўзровень у моўным летніку ў Друскеніках,
  •  2 гімназісты прайшлі навучанне ў моўнай школе ў Дудэрштадце ў Германіі,
  •  2 гімназісткі былі ўганараваныя стыпендыяй PAD. У межах праграмы яны цягам месяца наведвалі семінары, розныя гарады Германіі.

Як і калі размаўляць з дзецьмі пра СНІД

Ці можа быць сяброўства паміж мужчынам і жанчынай

Прадавачкі ў магазіне рытуальных паслуг у Маладзечне: Працаваць не страшна, тут жа толькі кветкі

Навукоўцы змогуць прагназаваць паспяховасць шлюбу па галасах мужа і жонкі

Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – індывідуальны прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Вокны – вочы вашага дома. Але толькі ад вас залежыць, ці спадабаецца іх позірк іншым людзям, ці будуць яны грэць вас зімой, а летам ратаваць ад спёкі.

Каб вокны радавалі і прыгажосцю, набудзьце для іх вопратку – зрабіце аддзелку адкосаў, пастаўце маскітныя сеткі.

З нашымі вокнамі ваш дом будзе напоўнены цеплынёй і ўтульнасцю.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Велком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990