Высвятляем разам з псіхолагамі прыроду стасункаў паміж мужчынам і жанчынай. Як сябруюць у два гады, а як – у 17? Хто ўплывае на тое, будзе ці не хлопец сябраваць з дзяўчынай і наадварот?

Оскард Уайльд калісьці пісаў: “Сяброўства паміж мужчынам і жанчынай – рэч немагчымая; паміж імі можа быць запал, варожасць, абажанне, каханне, але толькі не сяброўства”. Ці праўда гэта? Пытанне казытлівае.

Адносіны паміж хлопчыкам і дзяўчынкай пачынаюць складвацца яшчэ ў дзяцінстве. Пра асаблівасці гэтага перыяду распавядае псіхолаг дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці дашкольнага ўзросту №19 у Маладзечне Людміла Турло.

– Сімпатыі ў дашкольным узросце вельмі пераменлівыя, – кажа псіхолаг. – І яшчэ доўга будуць заставацца такімі. Асабліва гэта тычыцца тых дзяцей, якія наведваюць дзіцячы садок і кантактуюць з вялікай колькасцю аднагодкаў. У дашкольным узросце ў дзяцей яшчэ няма падзелу на два “лагеры” – хлопчыкаў і дзяўчынак. Але бліжэй да шасці гадоў варта прыгледзецца, з кім часцей гуляе дзіця.

Юная лэдзі можа выдатна сябе адчуваць як у кампаніі дзяўчынак, так і хлопчыкаў. Многія жанчыны ўзгадваюць, што з хлопцамі ім у дзяцінстве было цікавей. А вось калі хлопчык гуляе выключна з дзяўчынкамі, гэта павінна насцярожыць.

Маленькаму мужчыну неабходна заваяваць аўтарытэт у вачах аднагодкаў свайго полу, інакш ён будзе адчуваць сябе не такім, як усе.

– Вы праводзілі адмысловыя тэсты?

– Праводзілі, і я магу агучыць вынікі. У два гады дзеці робяць першыя крокі да сяброўства. Яны пачынаюць абіраць сумесныя гульні. У тры гады сяброўства пераходзіць на новы этап. Дзеці могуць дзяліцца рэчамі, спрабаваць дапамагчы іншым. Аднак у гэты перыяд дзеці толькі вучацца сябраваць, а значыць, магчымыя і канфлікты, і непаразуменні.

У чатыры гады дзеці не асабліва клапоцяцца пра сяброўскія адносіны і лічаць сябрам таго, з кім гуляюць.

У шэсць-сем – абіраюць сяброў па інтарэсах. Сябруюць з тым, з кім весела і цікава, з тым, хто ўмее дзяліцца. Паміж дзяўчынкамі ў гэты перыяд сяброўства больш цеснае, чым паміж хлопчыкамі. Дзяўчынкі і хлопчыкі ў гэтым узросце звычайна сябруюць паасобку.

Як развіваецца сяброўства ў падлеткавым узросце

Псіхолаг СШ №2 Маладзечна Іна Карпец звяртае ўвагу, што важным фактарам з’яўляецца падсвядомасць. Дзяўчынкі з малых гадоў імкнуцца быць прыгожымі, а хлопчыкі – мужнымі. Вельмі важна, з кім і як дзіця бавіць час у дзяцінстве, што бачыць, якія мульцікі і праграмы глядзіць. Гэтыя знешнія фактары, безумоўна, уплываюць. Таму ў сілах бацькоў стаць асноўным прыкладам і паўплываць на выхаванне дзіцяці.

– Многія псіхолагі сцвярджаюць, што сябраваць з супрацьлеглым полам значна лягчэй і прасцей, – працягвае Іна Карпец. – Гэта можа быць больш цікава і карысна, таму што сябры аднаго ўзросту, але рознага полу могуць больш шчыра расказаць пра сябе, пра свае інтарэсы. Паміж імі не будзе канкурэнцыі, ім прасцей знайсці паразуменне.

У школьным узросце ідзе асэнсаванне сяброўства з супрацьлеглым полам. У гэты час фарміруецца асоба, вызначаецца кола людзей, з якімі падлетак сябруе, да якіх прывязваецца. Важна, каб бацькі падтрымлівалі, назіралі за сваім дзіцем у школьным узросце. У старэйшых класах падлетак пачынае асэнсоўваць паняцці “каханне” і “сяброўства”.

Як падагульняе псіхолаг СШ №2, шмат у паняццях пра сяброўства і каханне залежыць ад таго, як да гэтага ставіцца ў сям’і. У кагосьці ў сям’і не лічаць неабходным сябраваць з супрацьлеглым полам, а ў кагосьці, наадварот, гэта вітаецца.

“У сяброўства ёсць мяжа”

Як далей развіваюцца адносіны паміж хлопцам і дзяўчынай, у больш старэйшым узросце, распавядае псіхолаг маладзечанскіх электрасетак Таццяна Жданава.

– Няма нічога вечнага, канец або мяжа ёсць ва ўсім, у тым ліку і ў сяброўства. У адносінах хлопца і дзяўчыны таксама. Хтосьці можа захацець фізічнай блізкасці, а іншы – не зразумець гэтага, – кажа спецыяліст.

Псіхолаг тлумачыць, што сяброўства грунтуецца на агульных інтарэсах, падабенстве ў характарах, падобных поглядах на свет і не толькі. Гэта блізкасць па духу, якая можа перарасці ў фізічнае прыцягненне. Але ў той жа час Таццяна Жданава заўважае, што ўсё індывідуальна.

Меркаванні маладзечанцаў

Павел Святоха, акцёр Мінскага абласнога драмтэатра:

– Сяброўства ў мужчыны з жанчынай не атрымаецца. Часцей за ўсё ў некага рана ці позна з’явіцца штосьці большае, чым сяброўскія сімпатыі. Спачатку стасункі паміж хлопцам і дзяўчынай трымаюцца на  паразуменні і падтрымцы, агульных інтарэсах, супадзеннях у біяграфіі.

Але потым захочацца стаць да свайго “сябра” бліжэй, таму што гэты чалавек табе вельмі прыемны і ты бачыш яго ў якасці свайго спадарожніка. Калі пачуццё ўзаемнае, людзі ўступаюць у сур’ёзныя адносіны, напоўненыя пяшчотай і павагай адно да аднаго.

Калі справа не даходзіць да адносін, партнёр не мае да вас тых жа пачуццяў, лепш перасіліць сябе і пакінуць усё, як ёсць. Паважаць, шанаваць адзін аднаго, дапамагаць у цяжкую хвіліну і радавацца поспехам свайго сябра. Я сябраваў з адной выдатнай дзяўчынай. Першы час. Але ў пэўны момант зразумеў, што хачу яе бачыць сваёй каханай. Яна адказала на маю сімпатыю, мы сустракаліся чатыры гады і нядаўна разышліся. Але паважаць яе і жадаць ёй шчасця я не перастаў.

Аляксей Шарамет, дырэктар маладзечанскай сярэдняй школы №8:

 – Сяброўства безумоўна ёсць! Чаму не? У мяне ў самога была лепшая сяброўка, з якой мы доўгі час сябравалі. Але хачу заўважыць і акцэнтаваць вашу ўвагу на тым, што не толькі зносіны, але і сяброўства грунтуецца на сімпатыі, узаемаразуменні і павазе. З гэтага робім выснову, што сімпатыя можа перарасці ў нешта большае. Але не варта прыклад некалькіх чалавек разглядаць як аксіёму.