Першую ў гісторыі Нобелеўскую прэмію прадстаўніку Беларусі ў літаратурным свеце краіны ўспрынялі неадназначна. Алексіевіч даюць літаратурную прэмію, хаця яе творы – шэраг інтэрв’ю, аб’яднаных адной тэмай і сабраных пад адной вокладкай. Здаецца, пісьменніца паходзіць з Беларусі, але сябе яна называе касмапалітам. Творы рускамоўныя, а мы дэманструем іх усяму свету як частку беларускай культуры.

Апусціць гэтыя відавочныя супярэчнасці, пакінуць іх без адказу, працягваць і далей ігнараваць Алексіевіч цяпер немагчыма.

Мы дазваніліся спадарыні Святлане напярэдадні яе ад’езду на ўручэнне Нобелеўскай прэміі, аднак праз недахоп часу яна адклала ўсе пытанні да яе вяртання ў Беларусь.

Цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч з фармулёўкай “за шматгалосае гучанне яе прозы і ўвекавечанне пакуты і мужнасці” адбудзецца 10 снежня ў Стакгольме. Трансляцыя будзе весціся на канале “Белсат” з перакладам на беларускую мову. Пачатак у 18.30. Глядзець можна будзе і праз талерку, і праз анлайн на сайце тэлеканала. Памер узнагароды – 8 мільёнаў шведскіх крон. Гэта амаль 970 тысяч долараў.

Журналістыка, літаратура ці проста шэдэўр

Пытанне, да якога жанру аднесці творы Нобелеўскай лаўрэаткі, стала ключавым на сустрэчы, арганізаванай міжнароднай дыскусійнай панэллю Global Bar, заснаванай ў Швецыі.

Удзельнічалі ў ёй шведскія журналісты Давід Ісаксон  і Сафія Хэйнэ, шведска-сербскі журналіст і пісьменнік Прэдраг Драгосавач, беларускія журналісты.

– Давайце ўявім гіпатэтычную сітуацыю, – прапанаваў Давід Ісаксон. – Мужчына бачыць, што яго дом гарыць, і ён забягае туды, каб выратаваць дзяцей і жонку. Сам пры гэтым гіне ў агні. Вы, журналіст, ідзяце на месца здарэння, каб зрабіць матэрыял. Пішаце вельмі эмацыйны рэпартаж: словы маці, дзяцей. Інфармацыі мала, акцэнт на эмоцыі. Чытачоў менавіта гэта і цікавіць: што адчувае сям’я пасля трагедыі. Пасля журналіст вырашае, што хоча паглядзець, як далей складзецца лёс жанчыны, якая страціла мужа. Матэрыялы могуць публікавацца ў часопісе штомесяц. Затым можна напісаць пра гэта кнігу. Вось тут і з’яўляецца складанасць у размежаванні паняццяў. Калі гэтая гіпатэтычная гісторыя закране сэрцы і ўзніме глабальныя пытанні, напрыклад, ці варта ахвяраваць жыццём дзеля кагосьці, менавіта тады журналістыка можа стаць літаратурай.

Іншая думка Давіда звязаная з тым, што менавіта літаратура дае нам магчымасць абмяркоўваць тэмы, не прынятыя для абмеркавання ў грамадстве. Кнігі Алексіевіч – суцэльнае табу, таму падчас чытання можа з’яўляцца і абурэнне, і адмаўленне.

– Напрыклад, у кнізе “Час сэканд-хэнд. Канец чырвонага чалавека” Алексіевіч распавядае, як людзі даносяць адзін на аднаго, – прыводзіць прыклад Давід Ісаксон. – Гэта немагчыма зразумець, гэта вечнае пытанне, якое пад табу. Літаратура ж можа паказаць праўду і дазваляе абмяркоўваць такія рэчы. Каб зразумець падзеі, якія адбываліся некалі ці адбываюцца сёння, трэба ведаць, як іх успрымаюць, як бачаць іншыя людзі.

Прэдраг Драгосавач журналістыку і літаратуру вымярае іншымі катэгорыямі.

– Ёсць два паняцці: рамяство і мастацтва, – кажа Прэдраг. – Часта, калі чалавек кожны дзень працуе над сваім творам, укладваецца ў яго, у выніку атрымліваецца сапраўдны твор мастацтва. Не важна, якая ў яго форма. Дзякуючы намаганням аўтара з’яўляецца дыямент. І не важна, журналістыка гэта ці літаратура, калі атрымаўся свайго роду шэдэўр.

Пра тое, што Алексіевіч будуць праходзіць у школе

Налета ў праграму старшакласнікаў збіраюцца ўключыць два творы Святланы Алексіевіч: “Цынкавыя хлопчыкі” і “Чарнобыльская малітва”. Пра гэта пасля абвяшчэння імя лаўрэаткі паведамляла Міністэрства адукацыі.

– Яна выдатная пісьменніца, – кажа кіраўніца музея “Вілейшчына літаратурная” ў Ільянскай школе Роза Шэрая. – І яе творы варта ўключаць у школьную праграму. Не важна, што некаторыя лічаць яе творчасць журналістыкай. Журналістыка – таксама літаратура. Тым больш, у кнігах Святланы Алексіевіч гістарычная аснова, шмат гістарычных фактаў.

З такім пунктам гледжання пагаджаюцца і настаўніцы маладзечанскай гімназіі №7.

– Слушна, што творы ўключаць у праграму, – гаворыць намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Буйко. –

У старэйшых класах вучні могуць свядома ацэньваць тыя праблемы, якія ўзнімае ў творах пісьменніца, рабіць высновы. Тым больш, Святлана Алексіевіч распавядае пра падзеі, з якімі можна праводзіць паралелі на наш такі складаны час. Яе кнігі могуць дапамагчы зрабіць правільны выбар. Калі гаварыць пра несумяшчэнне журналістыкі і літаратуры, то я з гэтым не згодная. Журналістыку можна разглядаць як адгалінаванне літаратуры. Мы вывучаем і эсэ, і нататкі. Варта ведаць усё багацце літаратуры.

– Дзеці павінны ведаць лепшыя творы пісьменнікаў Беларусі, – упэўненая намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковай школе, настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Бедункевіч. – Пагаджуся, што кнігі Алексіевіч хутчэй адносяцца да журналістыкі, але гэта не абмяжоўвае іх вартасць. Сучасныя дзеці мала глядзяць тэлебачанне і  чытаюць газеты. З кніг гэтай пісьменніцы яны змогуць даведацца пра глабальныя праблемы 20 стагоддзя. Пра вайну, пра ролю жанчыны на вайне, пра Афганістан, Чарнобыль.

Што значыць Нобелеўская прэмія для Беларусі

Ужо два месяцы ў кулуарах паміж выдаўцамі, пісьменнікамі, літаратарамі ідуць гарачыя спрэчкі вакол прэміі і асобы Святланы Алексіевіч. Гаварыць пра свае перажыванні гатовыя не ўсе.

Асноўнае, што не дазваляе радавацца Нобелю, гэта касмапалітызм і рускамоўнасць пісьменніцы, якую па гэтай прычыне ў інтэрв’ю tut.by беларускі пісьменнік Адам Глобус называе рускім творчым дзеячам:

– Я вельмі рады за рускую літаратуру – за тое, што яна атрымала яшчэ адну прэмію. Яна сама з Беларусі, грамадзянка Беларусі, а пісьменніца яна руская. Беларускія пісьменнікі пішуць па-беларуску. Гэта маё такое стаўленне, і я яго не буду мяняць.

Падобнай пазіцыі прытрымліваецца і старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў:

– Яна не раз выказвалася супраць беларускай мовы, сцвярджала, што гэта гета. У адносінах беларускай мовы і культуры яна нам не сябра.

– Цешыць, што цяпер Беларусь будуць ведаць не толькі па біятлоне і хакеі, – так пракаментаваў сітуацыю для “РГ” пасол Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг. Яго засмучае той факт, што імідж Беларусі ў свеце ніжэйшы, чым мог бы быць.

Галіна Шаранговіч – расіянка, якая рэдагавала тэксты беларускіх класікаў

Глядзіце тызер новага сезона “Гульні тронаў” і рабіце стаўкі, хто зойме Жалезны трон (Відэа, галасаванка)

Прадавачкі ў магазіне рытуальных паслуг у Маладзечне: Працаваць не страшна, тут жа толькі кветкі

На маладзечанскім рынку дваранін прадае метал, франтавічка – шкарпэткі. Жыццёвыя гісторыі гандляроў (Шмат фота)