Каманда ашмянскіх атлетаў вярнулася з абласных спаборніцтваў з трэцім і першым месцамі.

У канцы лістапада ў Барысаве праходзіла першынство Мінскай вобласці па цяжкай атлетыцы на прызы чэмпіёна алімпійскіх гульняў Валерыя Шарыя.

У катэгорыі да 50 кілаграмаў трэцяе месца заняў ашмянец  Вадзім Драбышэўскі.

Цяжкай атлетыкай паспяхова займаюцца і дзяўчаты

Вадзіму Драбышэўскаму 13 гадоў.  Ужо два гады ён займаецца цяжкай атлетыкай. Прывёў у спатрыўную залу Вадзіма сябар.

– Я прыйшоў у залу, калі дакдадна ведаў, што хачу стаць алімпійскім чэмпіёнам як Андрэй Арамнаў. І не разумею, як можа не падабацца гэты від спорту. Цяжкая атлетыка ўмацоўвае ўсе мышцы.

Цікава, што трэніруе Вадзіма жанчына – трэнер Анастасія Казлоўская.

– Мне з ёй працуецца вельмі хораша. Анастасія павіншавала мяне з трэцім месцам першая, пахваліла мяне. І не трэба здзіўляцца таму, што жанчыны і дзяўчаты паказваюць у цяжкой атлетыцы добрыя вынікі. У нашай секцыі займаюцца і дзяўчаты. І ўсе яны сімпатычныя.

– Вадзім, а чаму трэцяе месца? Чаго не хапіла для перамогі?

– Ай, я зрабіў усё як трэба. Проста маімі сапернікамі былі хлопцы, якія займаюцца цяжкай атлетыкай болей па часе і яны старэйшыя за мяне. Але гэтае трэцяе месца – апошняе, далей будуць толькі перамогі!

 Другі ашмянскі атлет Аляксандр Яшэўскі  ў вазе да 56 кілаграмаў прынёс камандзе золата.

Цяпер Вадзім, Аляксандр і іх каманда рыхтуюцца да навагодніх спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы. Яны пройдуць у Лідзе з 16 па 18 снежня.