У пятніцу, 4 снежня, у Маладзечне ўпершыню адбылася інтэлектуальная гульня “Мазгабойня”.
Трэба сказаць, што старт гульні быў дадзены моцны. Ужо ў першай гульні ўзялі ўдзел 10 камандаў.
Карэспандэнты “Рэгіянальнай газеты” стала адзіным інфармацыйным партнёрам і зарэгістраваліся на гульню пад назвай “Гузікі”.
Назвы каманд – гэта, наогул, асобныя гісторыі. Як вам назва “Санаселікафобы”?
Яшчэ адна адметнасць гэтай гульні ў тым, што колькасць удзельнікаў у ёй не строга рэгламентавана.
Так, паміж сабой спрачаліся каманды, у якіх гуляла 7 або 8 гульцоў, супраць каманды, у якой былі два чалавекі.
Каманда называлася “Тры дубы”, але перад пачаткам гульні, сябры аднаго з удзельнікаў не прыйшлі, і хлопцу давялося шукаць сабе таксама напарніка без каманды. Хлопцы, якія раней нават не былі знаёмыя, сыгралі ўдваіх і пры гэтым занялі другое месца.
Калі вы яшчэ сумняецеся, ці па зубах вам пытанні “Мазгабойні”, мы вам прапануем прайсці кароценькае выпрабаванне з тых пытанняў, якія былі зададзеныя падчас гульні.
1. Генры Форд сцвярджаў, што аўтамабіль можа быць любога колеру, абы …
2. Як называецца покрыва, якое накідваюць на круп каня?
3. Як у Гарвардзе называліся школьныя альбомы, у якіх былі надрукаваныя фота і інфармацыя пра вучняў?
4. Працягніце радок: “Нет, ребята, я не гордый, не заглядывая в даль, ….”
5. Назва маркі якога аўтамабіля перакладаецца з латыні як “круг, рух”.
Акрамя пытанняў на агульную адукацыю, падчас гульні давялося ўспомніць і свае музычныя веды. Напрыклад, трэба было ўзгадаць, што песню выконвае Муслім Магамаеў, або што музычны фрагмент прагучаў ў фільме “Чалавек дажджу”.
У раўндзе з выявамі трэба было здагадацца, што рэкламуецца на плакаце або назваць імя чалавека, фота якога паказалі на слайдзе.
Агульнымі намаганнямі каманда “Рэгіянальнай газеты” у першай мазгабойні заняла чацвёртае месца.
Наступная гульня адбудзецца 18 снежня. Аднак для таго, каб прыняць у ёй удзел, трэба загадзя зарэгістравацца ў суполцы гульні ў сацыяльнай сетцы.