“Дынама-Маладзечна” абыграла па булітах сталічнае “Юнацтва”.

Мінчане прыехалі ў Маладзечна 8 снежня пасля упэўненай перамогі над гродзенскім “Нёманам” з лікам 7: 2. Праўда, да гэтай вікторыі яны тройчы запар прайгравалі. Дынамаўцы жа мінімальна саступілі “Гомелю” (0:1).

Таму ў паядынку “бела-сінія” былі поўныя рашучасці рэабілітавацца перад роднымі заўзятарамі. “Юнацтва”, вядома, сапернік не з лёгкіх, але “зубры” заўсёды па асабліваму настройваюцца на матчы супраць сталічнай дружыны.

Стартавыя хвіліны сустрэчы засталіся за гасцямі. Мінчане часцей знаходзіліся ў нашай зоне, але даводзілі справу да небяспечных кідкоў рэдка…

За тры секунды да першага перапынку госці застаюцца ў падвойнай меншасці.

Пакаралі мінчан “зубры” ў дэбюце другога перыяду. Яўген Нагачоў засмучае Аляксандра Барадулю магутным кідком ад сіняй лініі – 1:0. А бліжэй да канцоўкі Дзмітры Абмражэйчык выдатна згуляў на дабіванні і прымусіў у другі раз радавацца трыбуны.

Такое развіццё падзей мінчан, вядома, не задавальняла. Яны кінуліся усімі сіламі атакаваць і адну шайбу адквіталі.

Мінімальная перавага дынамаўцаў перад заключнай трэццю матчу пакідала шанцы гасцям як мінімум на нічыю. Сапсаваць планы сталічнай дружыне гаспадары маглі бліжэй да сярэдзіны перыяду, калі атрымалі чатыры хвіліны большасці – не атрымалася. Затым была бойка Паўла Печура і Крысціяна Хенкеля. Даведацца, хто ж аказаўся мацнейшым, не дазволілі суддзі.

Затое дазволілі мінчанам не па правілах зраўняць лік за дзве хвіліны да канца трэцяга перыяду. Гулец гасцей знаходзіўся ў плошчы варот у момант іх узяцця. 

Трэнерскі штаб папрасіў арбітраў паглядзець паўтор, але яны былі непахісныя ў сваім рашэнні. 2:2 –  нічыя ў асноўны час.

Авертайм таксама не выявіў мацнейшага. Вызначылі пераможцу ў серыі пасляматчавых штрафных кідкоў. Фартуна была на баку дынамаўцаў –  вырашальны кідок на рахунку Дзмітрыя Амбражэйчыка.

Максім Стаян, прэс-служба “Дынама-Маладзечна”.

Смаргонцы перамаглі, астраўчане прайгралі

Прайшоў другі тур чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе. У групе “Поўнач” 5 снежня “Вілія” са Смаргоні гуляла ў гасцях з “Навагрудкам”. Смаргонцы выйгралі з лікам 9:6. Тройчы ў іх забіў Максім Яблонскі.

“Меліяратар” з Астраўца дома прайграў “Легендзе” з Іўя 7:11. 

У першым туры 29 лістапада “Ашмяны” былі мацнейшыя за “Меліяратар” з Астраўца 5:3.

Лідзіруе ў гэтай групе  з шасцю ачкамі каманда “Легенда”. Далей размясціліся “Вілія” і “Ашмяны”. У абедзвюх камандаў – па тры ачкі. Але яны правялі на гульню менш, чым астатнія каманды.

У пяцёрцы лепшых суддзяў Міншчыны двое маладзечанцаў

Пра гэта паведамляе Федэрацыя футбола Мінскай вобласці.

Пяцёрку лепшых суддзяў і памочнікаў Мінскай вобласці ў сезоне 2015 вызначыў судзейскі камітэт Федэрацыі.

У пяцёрцы аказаліся Сяргей Матусевіч і Ігар Мацюшонак з Маладзечна.

Мядзельчане зябспечылі месца ў прызёрах адкрытай аматарскай валейбольнай лігі

Каманда “Мядзел ФАЦ” 7 снежня праводзіла чарговы матч другога дывізіёна чэмпіянату адкрытай аматарскай валейбольнай лігі Мінска. Мядзельскія валейбалісты выйгралі ў каманды “Зеніт” са сталіцы. І зноўку з лікам 3:1 па партыях.

– Гульня склалася нялёгка. Мо таму, што ў нас быў доўгі перапынак у гульнях, – расказвае капітан каманды Андрэй Русак. – Першую партыю выйгралі лёгка, другую так жа лёгка прайгралі. Але ўсё ж дзве наступныя выйгралі.

Чэмпіён у другім дывізіёне ужо вядомы – каманда “558 АРЗ”.

Мядзяльчане ўжо забяспечылі сабе трэцяе месца. Але на фінішы маюць шанцы быць і другімі. Тут не ўсе залежыць ад мядзельскіх валейбалістаў, але і ад таго, як правядзе дзве свае астатнія гульні іх канкурэнт у барацьбе за “срэбра”,  “БГУФК-2”.