Каля аўтавакзала ў адным двары ёсць два дамы. Сёлета аднаму з іх спаўняецца 90 гадоў, другому – 88.

Адрас гэтых дамоў: вуліца Таўлая, 5 і Лібава-Роменская, 67.

Пра іх гісторыю расказвае краязнаўца Уладзімір Садоўскі.  А пра тое, як столь у пакоі апусцілася ад 4,1 да 3,2 метра распавядзе жыхар дома па Лібава-Роменскай Аляксандр Казлоў, дзяцінства якога прайшло ў гэтым двары. Пасля вайны ў дом па Таўлая пераехала яго бабуля, тут нарадзіўся яго бацька, які потым са сваёй сям’ёй пасяліўся на Лібава-Роменскай.

Дом захаваўся ў перша­пачатковым выглядзе

Уладзімір Садоўскі цікавіцца архітэктурай Маладзечна пачаў яшчэ ў 2011 годзе, спачатку раён Гелянова зацікавіў Уладзіміра, а затым ужо ўся міжваенная архітэктура.

– А пра дом на Таўлая памятаю з дзяцінства, памятаю яго высокі дах з комінамі, якія былі бачныя з пасадачнай платформы аўтавакзала.

 Уладзімір падрос і пра гэты дом стаў збіраць звесткі ў архіве.

Палякі ў 20-х гадах будавалі адміністрацыйныя будынкі: староствы, управы, паштовыя і банкаўскія аддзяленні. Узводзілі польскія школы і гімназіі. Але самую пільную ўвагу польскія ўлады надавалі ведамаснаму жыллю для палякаў, якія перасяляліся з заходніх рэгіёнаў Поль­шчы.

Спецыяльна для польскіх адмыслоўцаў у беларускіх гарадах і мястэчках будаваліся і шмат­кватэрныя дамы. Жыллё ў іх прызначалася для  сем’яў афіцэраў і сяржантаў Войска Польскага, а таксама сем’яў службоўцаў Міністэрства ўнутраных спраў.

У Маладзечне да сённяшняга дня захавалася каля дзясятка такіх шматкватэрных дамоў, пабудаваных палякамі ў 20-х, 30-х гадах 20 стагоддзя. Адзін з такіх дамоў – якраз гэты дом №5 на вуліцы Таўлая.

Ён пабудаваны ў 1925 годзе па праекце архітэктара Юльяна Лісецкага для сем’яў афіцэраў корпуса аховы памежжа і службоўцаў Маладзечанскай гміны.

Гэта было ведамаснае жыллё вышэйшага класа. У доме знаходзілася 14  кватэр: тры чатырохпакаёвыя, тры трохпакаёвыя і восем двухпакаёвых. У кожнай прадугледжваліся памяшканні для прыслугі і ўласнае каміннае ацяпленне.

Дом пабудаваны “па матывах” закапанскага стылю, модным сярод архітэктараў міжваеннай Польшчы.

– Чаму “па матывах”? Проста я доўгі час сам усё называў “закапанскім стылем”, – кажа Уладзімір, – а потым разабраўся, што закапанскі стыль адносіцца да драўляных дамоў.

Такі дом, праўда, сапсаваны сайдынгам, можна пабачыць у Маладзечне каля службовага ўвахода на стадыён. Дом гэты належыць Маладзечанскай бальніцы.

Лічылася, што гэты стыль найбольш блізка перадае нацыянальныя рысы польскай архітэктуры.

Першапачаткова ў доме былі скразныя пад’езды, але пазней дзверы, якія выходзяць на бок вуліцы Таўлая,  замуравалі.

Магчыма, зрабілі гэта ў паваенныя гады, калі прасторныя кватэры польскіх службоўцаў былі пераўтвораныя  ў тыповыя савецкія “камуналкі”.

Цяпер на кожнай пляцоў­цы ў доме зноў па дзве кватэры.

– Адзінае, чаго шкада, што наўрад ці ў гэтым доме жыве хтосьці з нашчадкаў тых, каго засялілі сюды ў 20-х гадах.

З жыхаром гэтага дома Уладзімір размаўляў, калі прыходзіў фатаграфаваць дом для свайго архіва:

– Мясцовы жыхар, што сядзеў на лавачцы,  расказваў пра каменныя падмуркі дома, якія не маглі газавікі прабіць, каб трубу з газам у падвал правесці – давялося  твесці па сцяне.

Расказаў, што калі мянялі кроквы на даху падчас дажыначнага капрамонту, то аказалася, што старыя кроквы 1925 года ў добрым стане і яшчэ б 100 гадоў прастаялі, але грошы выдаткаваныя, таму трэба дах мяняць.

Пра дом на Лібава-Роменскай, які пабудаваны ў 1927 годзе, расказ Уладзіміра больш сціплы.

– Я ведаю, што ў ім жылі супрацоўнікі староства. Пра староства ведаю, што яго планы і праект 1920-х захоў­ваюцца ў нашым гарадскім архіве – і гэта, бадай, адзіны архітэктурны дакумент з тых часоў. А яшчэ, калі верыць карце, гэты дом быў большы.

Уладзімір параўноў­ваў здымкі горада з вышыні 1944 года і сучасныя. На гэтых здымках можна ўбачыць, што  чамусьці было знесенае левае крыло.

Сярод мясцовых хадзіла легенда пра падземны ход

Маладзечанец Аляксандр Казлоў нарадзіўся ў гэтым доме, і лёс яго да сённяшняга дня звязаны з двума дамамі: з домам па вуліцы Таўлая і домам па вуліцы Лібава-Роменскай, 67.

– А што, двор жа ­адзін. З першых успамінаў пра двор памятаю, што дамашнія нарых­тоў­кі і бульбу захоўвалі ў бетонным зброевым складзе, які знаходзіўся непадалёк ад дома. Тут жа з хлопцамі гулялі ў вайну.

Сям’я бабулі Аляксандра Казлова пераехала ў дом па Таўлая ў 1950-х гадах, калі тут былі камунальныя кватэры.

– Я ж з ранняга дзяцінства памятаю дзвюх суседак, пра якіх бабуля расказвала, што яны засяліліся ў гэты дом адразу пасля вайны. Яны былыя франтавічкі, так іх і запомніў, што сядзелі ў двары і курылі “Беламор”. А суседзяў, што жылі ў гэтым доме да вайны, я і не памятаю.

Пра дом на Лібава-Роменскай у Аляксандра ўспамінаў значна больш.

Што датычыцца перабудовы дома, то Аляксандр памятае, як

Столь з вышыні 4 метраў 10 сантыметраў апускалі да 3 метраў 20 сантыметраў.

– Хаця дакладней будзе сказаць, падымалі падлогу. Ну а нашто такія высокія столі?  Пасля таго, як паднялі падлогу, аказалася, што вокны практычна ляжаць на ёй, давялося іх падымаць.

Памятаю, як мучыліся будаўнікі, якія не маглі зрабіць нармальны аконны праём – цэгла не паддавалася, настолькі яна моцная. І таў­шчыня сцен большая за метр.

Над словамі пра тое, што дом несучасны, Аляксандр толькі смяецца:

– А многія могуць пахваліцца тым, што ў іх новых кватэрах падлога з падагрэвам? А мы можам.

Трубы з гарачай вадой пракладалі такім чынам, што яны ідуць пад падлогай. Таму, калі ёсць гарачая вада, у кватэры падлога заўсёды цёплая.

Яшчэ адна цікавая гісторыя, якую памятае Аляксандр, звязаная з падземным ходам, які быццам злучаў староства і дом па Лібава-Роменскай.

– Калі рамантавалі водаправод, у падвале рабочыя знайшлі вялізазны камень-валун. Як ён трапіў у сутарэнні, адказу на гэтае пытанне не ведае ніхто. Кажуць, тут раней быў падземны ход.

– Але прывіды мінулага, – жартуе Аляксандр, – нас не пераследуюць.

“Мне 21 год. І ў мяне 51-ы памер нагі”. Малады чалавек з Валожына просіць дапамагчы яму знайсці абутак

Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – індывідуальны прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Вокны – вочы вашага дома. Але толькі ад вас залежыць, ці спадабаецца іх позірк іншым людзям, ці будуць яны грэць вас зімой, а летам ратаваць ад спёкі.

Каб вокны радавалі і прыгажосцю, набудзьце для іх вопратку – зрабіце аддзелку адкосаў, пастаўце маскітныя сеткі.

З нашымі вокнамі ваш дом будзе напоўнены цеплынёй і ўтульнасцю.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Велком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990