У Беларусі прайшла міжнародная канферэнцыя “Пошук новага балансу: як зрабіць адпаведнай сістэму дзяржаўнага кіравання выклікам, якія стаяць перад Беларуссю”. Вынікі мерапрыемства падводзіць дэрыктар Школы маладых публічных адміністратараў (SYMPA), сацыёлаг Наталля Рабава.

Наталля, наколькі правядзенне гэтай канферэнцыі актуальнае для нашай краіны?

– Узровень жыцця падае. Кожны адчувае гэта на сваёй скуры, і людзі разумеюць, што трэба нешта рабіць. Пра гэта ж фактычна сказаў памочнік прэзідэнта Кірыл Руды, які публічна заявіў, што ў нас ёсць людзі ў заходніх касцюмах, але ці ёсць у нас людзі з заходнімі мазгамі, якія дазваляюць праводзіць гэтыя рэформы?

Рэфармаваць нашу эканоміку трэба, але на дадзены момант нераспрацаваны механізм правядзення гэтых рэформаў. Таму цэнтральным пытаннем нашай канферэнцыі мы паставілі, хто і як гэта будзе рабіць.

І хто ж?

– Зараз сітуацыя складваецца наступным чынам: чыноўнікі, згодна даследванню BISS, у цэлым жадаюць рэформ, але няма ніякай выразнай стратэгіі іх паводзін. І кіраўнік дзяржавы прама гаворыць, што “будзем “рэзаць” гэтых рэфарматараў”. Зразумела, гэта не вельмі спрыяе жаданню дзяржслужачых нешта мяняць.

– Да ўдзелу ў канферэнцыі былі прыцягнутыя эксперты з розных краін: Літвы, Эстоніі, Расіі, Казахстана, Грузіі. Чаму выбралі менавіта гэтыя краіны?

– Таму што гэта краіны з агульным мінулым. Літва – наша суседка, якая перабудавала сістэму дзяржаўнага кіравання па лекалах Еўрапейскага Саюза. Казахстан сур’ёзна рэфармуецца ўжо дастаткова шмат гадоў і заяўляе пра яшчэ большыя амбіцыі ў гэтай сферы. Грузія вядомая ўсяму свету сваімі кардынальнымі крокамі ва ўсіх галінах. Эстонія – флагман у сферы прымянення электроннага ўраду.

Дарэчы, на канферэнцыі таксама выступалі спікеры з дзяржорганаў Беларусі.

Арганізатары мерапрыемства не ставілі мэтай выпрацаваць падагульняючую рэзалюцыю і потым за яе прагаласаваць, а хацелі прадаставіць пляцоўку для дыялогу, магчымасць выказаць розныя меркаванні і падзяліцца сваім назапашаным досведам.

– Ці ўдалося знайсці агульную мову з прадстаўнікамі дзяржструктур?

– Практычна паўсюль узнікалі супярэчнасці. Элетронны ўрад, па меркаванню прадстаўнікоў улады, у цэлым патрэбны. Але ён прадугледжвае давер да грамадзян і правядзенне рэформ у цэлым. А з гэтым у нас праблемы.

Досвед якой краіны нам найбольш прымальны і актуальны?

– Досвед Эстоніі нам найбольш цікавы ў галіне электроннага ўраду. Грамадзянін можа не толькі атрымліваць сэрвісы анлайн, але і актыўна ўдзельнічаць у жыцці краіны – абмяркоўваць нарматыўна-прававыя акты, галасаваць і г.д. Там цяпер нават ёсць магчымасць атрымаць электроннае грамадзянства.

Грузія нам цікавая тым, што нельга капіяваць чужы досвед, нават самы ўдалы. Дзяржава, у ідэале, павінна ўзяць на сябе ролю суддзі і назіраць за захаваннем выпрацаваных правілаў, а не старацца перайграваць іншых гульцоў.

Досвед Казахстана нам таксама вельмі цікавы. Краіна датэрмінова ўвайшла ў топ-50 краін з самай канкурэнтаздольнай эканомікай і цяпер хоча ўвайсці ў топ-30. Мы на гэтым фоне выглядаем неяк зусім непераканаўча.

– Дык усё ж па якому шляху нам рухацца наперад: казахстанскаму, эстонскаму, грузінскаму?

– З аднога боку, нам нельга браць чужое адзенне і нацягваць яго на сябе. Але з другога, працэс кройкі і пашыву сукенкі не ўнікальны. Таму нам трэба больш уважліва прыгледзецца хаця б да досведу суседніх краін і ўзяць з яго лепшае. Таксама неабходна паставіць адпаведныя мэты і задачы, а потым вымяраць вынікі.

– Чаму дыялог з прадстаўнікамі дзяржаўных структур развіваецца так няпроста?

– Калі б не было бюджэтных дзірак, то дыялогу, напэўна б, увогуле не атрымалася. Але таму што ў нас сур’ёзныя праблемы з напаўняльнасцю бюджэту, пытанне “хочацца ці не хочацца рэформаў” папросту не стаіць. Гэта проста суворая неабходнасць.

– Які вынік канферэнцыі?

– Мы ўбачылі інтарэс з боку дзяржорганаў і грамадскасці да найбольш перспектыўных напрамкаў развіцця беларускага грамадства. Мы ўсвядомілі гатоўнасць да дыялогу. Спадзяюся, што тыя думкі і інструменты правядзення магчымых рэформаў, пра якія мы гаварылі на канферэнцыі, будуць пачутыя. З усімі вынікаючымі.

Наталля, наколькі гэта рэалістычна?

– Не думаю, канешне, што наша канферэнцыя пераламала сітуацыю. Але мы арганізавалі пляцоўку для выказвання поглядаў і пазіцый па сітуацыі ў краіне. Гэтая сітуацыя няпростая, і мы кіруемся толькі жаданнем яе змяніць да лепшага.

Вельмі крыўдна ўсведамляць, што пакуль мы стаім на месцы, нашы суседзі ідуць наперад.

Гутарыў Аляксандр КОКТЫШ.

За лістапад у рэгіёне колькасць арганізацый, якія не выплацілі своечасова заробкі, павялічылася ў чатыры разы

Дзед на роліках, хлопец з 51-м памерам абутку – выберы Асобу года “РГ”

Нобель? Не, не чуў. Што адказвалі ў Маладзечне на пытанне: “Як вы ставіцеся да нобелеўскай прамовы Алексіевіч?” (Відэа)


Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – індывідуальны прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Час імгненна ляціць наперад. Каб зрабіць усе справы, сучасны чалавек мяняе свае звычкі і абстаноўку вакол сябе.

Каб паспяваць за часам, мы робім для вас мэблю больш функцыянальнай і кампактнай, але ў тую ж чаргу змяшчальнай.

У студыі мэблі “Элета” вы можаце набыць кухні, шафы, дзіцячыя, гардэробныя, замовіць адкатныя дзверы. Стварыць непаўторны стыль дапаможа мэбля па індывідуальным праекце.

З мэбляй ад студыі “Элета” ваша жыццё стане больш камфортным.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Вэлком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990