Пройдзе фестываль у Вілейцы ў канцы чэрвеня 2016 года.
На падрыхтоўку і правядзенне фестывалю выдзелена 18 тысяч долараў ЗША. Адбылося гэта дзякуючы перамозе віляйчан у конкурсе мясцовых ініцыятыў праекта ЕС/ ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Ініцыятарам правядзення фестывалю стала грамадскае аб’яднанне па ўстойлівым развіцці Вілейскага рэгіёна “ЗОВіК”.
Як з’явілася ідэя фестывалю
– Яе прыдумалі зыходзячы з захапленняў моладзі і іх пажаданняў, – расказвае намеснік дырэктара Вілейскага Палаца культуры Вольга Шляпо. – Ёсць у Вілейцы скейтбардысты, можна іх бачыць на цэнтральнай плошчы. Таму падумалі: “Чаму б і не зрабіць скейт-парк на месцы танпляцоўкі?” Яна страціла ўжо актуальнасць, а месца там хапае. І разам з гэтым правесці фестываль. Бо ў нас моладзь актыўная, захапляецца моднымі стылямі і ў спорце, і творчасці.
У парку можна сабраць усю моладзь разам, ствараць мноства розных пляцовак. Фестываль атрымаецца як пляцоўка для розных творчых эксперыментаў, дзе кожны зможа паказаць сваё майстэрства, лічаць арганізатары.
У фестывалі моладзевых субкультур “Энергія маладосці” змогуць паўдзельнічаць рокеры і рэперы, гістарычныя рэканструктары і байкеры, скейтбардысты, аматары воркаўта і паркура, графіцісты і іншыя.
Гатовы эскізны праект парку
Віляйчане ўдзельнічалі ў конкурсе з праектам фестывалю другі раз – і цяпер удалося перамагчы. Лічаць, што паспрыяла перамозе тое, што праект удасканалілі. Ды і тое, што гарадскі парк апошнім часам значна змяніўся. Сярод іншага там з’явіліся дзіцячая пляцоўка і пляцоўка для воркаўту, правялі добраўпарадкаванне.
У межах праекта і далей будуць уладкоўваць гарадскі парк. Да фестывалю на месцы танцпляцоўкі з’явіцца скейт-парк, сумешчаны з опэн-эйр сцэнай. Сцэну мадэрнізуюць, абсталяванне для скейтбордынгу дапоўніць яе. Будуць месцы для гледачоў.
Выява забяспечана стваральнікамі эскізнага праекта.
Выява забяспечана стваральнікамі эскізнага праекта.
– Бачым, што моладзь падтрымлівае праект фестывалю. Скажам, як даведаліся скейтбардысты, што будзе такі парк, самі прыйшлі і сказалі, што гатовы дапамагаць у яго стварэнні, – кажа Вольга Шляпо.
Эскізны праект скейт-парку ўжо гатовы. Над ім працавалі галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры райвыканкама Дзмітры Гарланаў і ўраджэнцы Вілейкі, студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Яна Вярбіцкая і скейтар са стажам Яўген Русак.
У бліжэйшы час закупяць абсталяванне для скейт-парку, правядуць конкурс на распрацоўку лагатыпу фестывалю. І будуць збіраць заяўкі на ўдзел. Мяркуюць, што ў чэрвені збярэцца на фестываль не толькі вілейская моладзь, а прыедзе і з іншых гарадоў.
Фестываль як брэнд Вілейкі
Чым для Вілейкі можа стаць фестываль? – пытаю ў Вольгі.
– Добрым рэкламным мерапрыемствам. Ён падыме прэстыж і нашага горада, і нашай моладзі. Да таго ж, вырашыць праблему вольнага часу: моладзі будзе дзе сябе рэалізаваць.
Плануюць, што фестываль не стане разавым мерапрыемствам. У тым ці іншым фармаце плануюць праводзіць яго і надалей.
– Можа, ён стане адным з брэндаў нашага горада, – разважае Вольга Шляпо. – Хочам, каб Вілейка была моладзевым горадам. Каб моладзі тут было ўтульна і добра, яна заставалася жыць ў Вілейцы і ганарылася сваім горадам.
Пазней стваральнікі эскізнага праекту раскажуць, чым скейт-парк можа стаць для маладых віляйчан і як ён можа дапамагчы ў развіцці турызму.
Дзед на роліках, хлопец з 51-м памерам абутку – выберы Асобу года “РГ”