11 снежня ў выставачнай зале Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага адкрылася выстава авангарднага мастацтва “Iмправізацыя”.

На выставе прадстаўлены 41 твор, выкананы ў жанры жывапісу і графікі.

Пяцёра ўдзельнікаў – гэта вядомыя мастакі, якія плённа працуюць шмат гадоў, у тым ліку і ў абстрактным накірунку: Мікалай Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Уладзімір Тамашэвіч, Аляксандр Пашкевіч, Дзмітры Сакалоўскі і Наталля Чырвонцава.

Яны розныя, гэтак жа як і іх творчасць, але ідуць яны шляхам не аднаўлення рэальнасці, а стварэння ўласнай творчасці, перадаючы адчуванні, эмоцыі, сутнасць матэрыяльнага свету пластычнай мовай формы і колеру.

“Імправізацыя” – гэта плён інтуіцыі, рэакцыя мастака на навакольны свет, адсюль і назва выставы. Абстрактны жывапіс падобны да музыкі, дзе колер гучыць акордамі, ствараючы мінорны або мажорны настрой. Іх спалучэнне прымушае адчуць то напружанасць і экспрэсіўнасць, то змрочнасць або прымірэнне.

Абстракцыя ў мастацтве – гэта спосаб перадачы мастаком самых моцных перажыванняў мінулага, душэўных эмоцый, калі слоў недастаткова, а хочацца запомніць імгненне, а, магчыма, і падзяліцца з іншымі. Мастак выбірае найбольш сугучныя яму ў дадзены момант формы і фарбы, злучаючы або падзяляючы іх у пошуку ўнутранага гучання.

Фота wall.alphacoders.com.

Фота wall.alphacoders.com.

У свет абстракцыі ўвайсці не проста, павінны быць пэўны духоўны настрой, уменне чуць музыку прасторы, адчуваць патрэбу вызваліцца ад матэрыяльных вобразаў, але яшчэ складаней з гэтага свету выйсці, такой прыцягальнай сілай ён валодае. Гэта было бачна па наведніках выставы, якія зацята абмяркоўвалі ўбачаныя карціны Рыгора Мяжуева.

У карцінах Аўчыннікава мы бачым, што мастак як бы зашыфраваў сваё мінулае перажыванне, прапускаючы яго праз цяперашняе бачанне, і перадае далей у будучыню. Прадстаўлены і жывапіс новага пакалення майстроў, якія працягваюць традыцыі папярэдніх творцаў. Імёны Дзмітрыя Сакалоўскага і Наталлі Чырвонцавай, якія падалі свае працы на гэту выставу, становяцца ўсё больш вядомымі ў маладзечанскім мастацкім асяроддзі.

Экспазіцыя перадае атмасферу сучаснага мастацтва і дорыць гледачу сваё значэнне і магчымую інтэрпрэтацыю. Выстава працуе да 31 снежня.

Конкурс ад “РГ”: Натхняй сваёй гісторыяй здароўя

Нобель? Не, не чуў. Што адказвалі ў Маладзечне на пытанне: “Як вы ставіцеся да нобелеўскай прамовы Алексіевіч?” (Відэа)

Калядныя кірмашы і мядзведзі-музыкі. Святочны настрой у Капенгагене і Варшаве (Шмат фота)