З маладзечанскімі баянамі выйграюцца міжнародныя турніры, іх замаўляюць у далёкую Англію за 8,5 тысячы еўра, іх паказваюць па тэлебачанні ў адным з самых папулярных шоу.

Баяны і акардэоны, якія вырабляе маладзечанская фірма “Зонта”, карыстаюцца попытам і павагай сярод прафесійных музыкантаў.

Дырэктар фірмы  Расціслаў Мойса не паглыбляўся ў гісторыю прадпрыемства, не распавядаў пра цяжкасці, не хваліўся дасягненнямі, а расказаў, як працуе прадпрыемства ў гора­дзе.

Усе мае перамогі – гэта перамогі “Зонты”

Калі заходзіш на гасцявую старонку сайта фірмы, можна пабачыць водгукі музыкантаў, бо толькі яны могуць прафесійна ацаніць якасць маладзечанскіх баянаў. Заслужаны артыст Беларусі Мікалай Сеўрукоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Мікалай Краўцоў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка, баяністка з Кітая Цяо Цзянь, саліст Берлінскай “Komische Opera” Юры Тарасёнак – усе гэтыя музыканты іграюць на маладзечанскіх баянах і акардэонах.

З Уладзіславам Плігаўкам, расказвае Расціслаў Мойса, была звязаная вельмі цікавая, драматычная, але са шчаслівым канцом гісторыя.

– У баяністаў, – расказвае дырэктар “Зонты”, – як у тэнісістаў, ёсць свой “Вялікі шлем”. Каб быць яго ўладальнікам, трэба выйграць чатыры міжнародныя турніры. Так і ў баяністаў. Толькі перамога ў чатырох міжнародных конкурсах дае ім права звацца лепшым баяністам.

Беларус Уладзіслаў Плігаўка якраз і з’яўляецца ўладальнікам такога “Вялікага шлема” сярод баяністаў.

Апошні конкурс з тых чатырох адбываўся ў Шатландыі, куды Ула­дзіслаў ляцеў з конкурсу ў Італіі. У салон самалёта з баянам не пускалі. Давялося сварыцца, пагражаць работнікам аэрапорта, настойваць на тым, што баян павінен ляцець у салоне.

У Шатландыю на папярэдні прагляд і лёсаванне Уладзіслаў спазніўся. Размахваючы рукамі, ён прасіў спыніцца членаў міжнароднага журы. На што старшыня журы, не разумеючы ні слова, што крычаў Ула­дзіслаў, сказаў нешта накшталт такога:

– Давайце паслухаем хлопца, надта ён настойвае на гэтым.

Паслухалі, у конкурс узялі. Але не ўсё так проста. Па ўмовах конкурсу журы неабходна здаць ноты ў трох экзэмплярах. І тут высвятляецца, што Уладзіслаў пакінуў ноты ў Італіі, на папярэднім конкурсе. Сколькі маніпуляцый давялося правесці, каб з Італіі перадаць ноты, гэта яшчэ адна асобная гісторыя.

Паколькі лёсаванне ўжо прайшло, выступаць Уладзіслаў ва ўсіх трох турах мусіў першым. У трэцім туры Уладзіслаў хаця і ішоў у лідзіруючых пазіцыях, аднак за перамогу змагаліся наймацнейшыя баяністы свету, у ліку іх і нейкі там стрыечны брат ці пляменнік аднаго з членаў журы. 

І вось Уладзіслаў, калі выконваў апошні музычны твор, падумаў, што ёсць два варыянты: або бездакорна выканаць сваю партыю і спадзявацца на тое, што нехта з выканаўцаў памыліцца (як і было да гэтага, калі адзін з музыкантаў не трапіў пальцамі ў акорд), або набрацца смеласці і “парваць” журы нечым незвычайным.

Размахнуўся баяніст, раскінуў рукі ўшыркі і… ўдарыў па патрэбным акордзе. Журы пасля выканання апладзіравала стоячы.

Скарыў Уладзіслаў усіх выкананнем, вядома, на баянах “Зонты”.

А прыхільнікі расійскага шоу “Голас” маглі бачыць баян з Маладзечна ў мінулым сезоне, на ім іграў баяніст Віталь Варанко.

Віталь іграе на баяне, на якім усталяваная мідзі-сістэма. Таму, калі Аляксандр Градскі папрасіў яго выканаць чардаш, Віталь лёгка зайграў чардаш пад акампанемент скрыпак.

Усе інструменты на прадпрыемстве робяцца не серыйна, а па заказах. Геаграфія распаўсюду баянаў і акардэонаў з Маладзечна – гэта Расія, Грэцыя, Фінляндыя, Кітай, Данія, Германія і Вялікабрытанія.

– У Англію, – кажа Расціслаў Мойса, – інструмент заказалі для падлетка, інваліда па зроку. Заказвала гэты баян арганізацыя пад патранажам каралевы. І гэта быў самы дарагі баян, які прададзены на сёння. Каштаваў ён каля васьмі з паловай тысяч еўра.

Такі дарагі кошт абумоўлены тым, што вытворчасць баянаў працэс доўгі і руплівы.

Кожны баян складаецца амаль з 2 500 дэталяў, у класічных інструментах каля 800 галасоў. З моманту вырабу корпусу баяна да яго зборкі праходзіць каля трох месяцаў.

– Маладзечна – гэта адзіны горад на постсавецкай прасторы, – кажа Расціслаў Іванавіч, – дзе вырабляюць баяны і акардэоны такой якасці. Мы адзіныя, хто вырабляе акардэоны Краўцова. Гэта такі гібрыд акардэона і баяна, які прыдумаў расійскі музыкант Мікалай Краўцоў.

Маладзечанскія баяны па сваіх характарыстыках ні ў чым не саступаюць баянам расійскай, французскай або італьянскай вытворчасці.

– У Італіі там іншая справа. Італьянскія баяны па якасці можна параўнасць з нямецкімі аўтамабілямі. Толькі ў адным гарадку Кастэльфідарда, які па памерах такі ж, як наша Вілейка, працуюць каля 200 майстроў баянаў. Там вытворчасць музычных інструментаў – гэта сямейны бізнес. І нашых баяністаў яны спакушаюць тым, што дадуць ім зніжку, калі тыя купяць баян у іх, пераманьваюць сабе.