У Новы год усе загадваюць жаданні. Нават тыя, хто кажа вам, што не загадвае. Проста ўсе робяць гэта па-свойму: адны кідаюць паперкі ў келіх з шампанскім, другія чакаюць, пакуль упадзе зорка, трэція проста ціха прамаўляюць жаданне пра сябе.

Аднак для здзяйснення навагодніх жаданняў ёсць той, каму можна наўпрост напісаць ліст са сваімі марамі, прось­бамі і падзякамі. Дастаткова на звычайным паштовым канверце напісаць: “Дзеду Марозу” і чакаць, што ліст калі-небудзь трапіць у рукі гэтага зімовага чараўніка.

А можна зрабіць так, як гэта зрабіла сям’я Зоі Клімовіч з Маладзечна. Мы папрасілі прадстаўнікоў трох пакаленняў адной сям’і напісаць адкрыты ліст Дзеду Марозу.

Не ведаем, ці чытае Дзед Мароз “Рэгіянальную газету”, але калі раптам чытае, то хай ведае, што нашы чытачы паводзілі сябе ў 2015 годзе добра. І яны заслугоўваюць і вашай увагі, і вашых падарункаў, паважаны Дзед Мароз.

Ліст Міколы (унука)

Дарагі Дзядуля Мароз, прывітанне!

Мяне завуць Міколка. У мяне ёсць старэйшы брат Янка, мама Алеся і тата Уладзіслаў, бабулі Зоя і Лена, дзядулі Толя і Лёша, цёткі Таня і Вераніка, дзядзькі Арцём і тры стрыечныя браты: Мацвей, Максім і самы малодшы – Толік. І яны ўсе – мая сям’я. І я хачу, каб мая сям’я была самая шчаслівая ў свеце.

Дзядуля Мароз, перадай, калі ласка, Санта-Клаусу, каб у маіх родных, што жывуць далёка,  усё было добра і каб мы хутчэй сустрэліся.

А для сябе асабіста я хачу папрасіць баскетбольны мяч і красоўкі “AirJordan”, бо я пачаў займацца баскетболам, і мне гэта вельмі падабаецца. Мы будзем гуляць разам з татам на стадыёне, а летам  – у вёсцы, на пляцоўцы, якую паабяцаў зрабіць мой дзядуля.

 Дзякуй за падарункі, якія ты прыносіў мне летась.

Мікола са старэйшым братам Янам

Мікола са старэйшым братам Янам

Ліст Алесі (мамы)

Нарэшце выпаў такі доўгачаканы снег… І, безумоўна, гэта ўзмацніла пачуццё надыходзячага свята. Мне так здаецца, што нават самы суровы чалавек у гэты перадсвяточны час становіцца больш чуллівым і сентыментальным.

Што ўспамінаецца?

Дзіцячы садок.  Гурбы снегу значна большыя за мяне. Маленькую, захутаную ў пуховую хустку,  бацькі вязуць мяне ў санках. Самыя распаўсюджаныя навагоднія касцюмы на ранішніках: хлопчыкі-“зайчыкі” і  дзяўчынкі-“сняжынкі”.

 У школе чакаеш, што хутка прывязуць ёлку. І вось звініць званок, выходзіш на перапынак і чуеш такі знаёмы навагодні пах. Дзверы ў актавую залу могуць быць зачыненыя, але разумееш: ёлка ўжо там! Сапраўдная! Пад самую столь!

Пад ёлкай у бабулі і дзядулі вялікі цацачны Дзед Мароз з ваты (вось такі падарунак атрымала б цяпер з вялікім задавальненнем).

Дома даставаліся з шафы каробкі з-пад абутку, у якіх захоўваліся ўпрыгожванні для ёлкі  і дожджык. А яшчэ хадзілі з сяброўкамі ў магазін “Дзіцячы свет” і разглядалі ўсялякія прыгожыя ёлачныя цацкі, якія з’яўляліся ў продажы.

Вялікі  дзякуй таму Дзеду Марозу і той Снягурачцы, якія штогод не проста прыносілі мне і маім брату і сястры падарункі, а ладзілі для нас захапляльны “квэст” па іх пошуку. Першае – гэта яшчэ не расплюшчыўшы вочы засунуць руку пад падушку. Ёсць! Тады басанож бяжыш да ёлкі ці шукаеш пад ложкам. Зноў нешта знаходзіш! А пасля яшчэ можна пагля­дзець у рукавах паліто ці футра, у шапцы, у боціках… Разглядзіш свае падарункі, а потым разам з сястрой і братам: “Што ў каго?”

Дагэтуль, шаноўны Дзед Мароз, я ўдзячная табе за тыя маленькія лыжы “Целеханы” жоўтага колеру, якія я атрымала, калі мне было 8 ці 9 год. І як потым тата вучыў мяне катацца на іх і з’язджаць з горкі на невялікую сажалку Гарадзілаўскага парку.

Калі мы становімся старэйшымі, то, на жаль, трошкі знікае тое “дзіця”, што так ўсхвалявана чакала навагодніх святаў.

Але ведаеш, Дзед Мароз, гэта такое шчасце пражываць тыя свае дзіцячыя пачуцці  –  толькі ўжо разам са сваімі дзецьмі!

Алеся Клімовіч

Алеся Клімовіч

Бачыць, як радуецца і здзіўляецца твой малодшы сын, калі заўважае, што пакінуты ім каля адчыненага акна “Ліст Дзеду Марозу” знік. А потым пытаецца, ці будзеш ты, Дзед Мароз, ведаць, куды несці падарункі, пад якую ёлку, калі ён вырашыў застацца ў навагоднюю ноч у бабулі з дзядулем.  Ці як старэйшы, трымаючы свой падарунак, падміргвае нам, бацькам, са словамі: “Дзякуй Дзядулю Марозу!”

Навагоднія святы – гэта чароўны час, і нікога не здзіўляе, што нават незнаёмыя людзі вітаюць адзін аднаго на вуліцы словамі: “З Новым годам!”

Хачу пажадаць і сабе, і ўсім навокал, каб гэтая атмасфера прыязнасці  і  добразычлівасці захоўвалася паміж людзьмі як мага даўжэй. Каб ветлівыя ўсмешкі не змяняліся на позірк з-пад ілба. Бо гэта так проста і так прыемна: паглядзець у вочы іншаму чалавеку і сказаць: “Прывітанне!” ці “Добры дзень!”

І не толькі ў Новы год!

Ліст Зоі Іванаўны (бабулі)

Галоўнаму чараўніку –  Дзеду Марозу. Напярэдадні самага любімага свята.

Ліст-падзяка

Калі мне было 5 год,  памятаю адчуванне свята… Маленькую ёлачку на зэдліку ў нашай вясковай хаце, кавалачкі ваты на ёй замест снегу, каляровыя пляскатыя цацкі з кардону, ланцужкі і ліхтарыкі, якія мы рабілі самі… І самае галоўнае – гэта карамелькі і ірыскі, якія на нітачках віселі на ёлцы і зняць іх можна было толькі пасля Новага года.

Зоя Іванаўна з Міколам

Зоя Іванаўна з Міколам

Памятаю твой першы падарунак, Дзядуля Мароз. Гэта быў маленькі гадзіннік на руку, стрэлкі якога не рухаліся, таму што былі проста намаляваныя.

Шакаладныя цукеркі я ўпершыню пакаштавала ў пачатковых класах. А адзін з сімвалаў навагодняга стала, мандарыны, елі ўжо нашы дзеці. Мой муж прастаяў за імі у чарзе ў Зялёным Гарадку дзве гадзіны, і яму засталося толькі паўкілі: роўна шэсць мандарынаў.

Разам з тым ніколі не было адчування, што мы нешта недаатрымалі ці што нас чымсьці абдзялілі. Святочны настрой і эйфарыя шчасця – вось вынік  чараўніцтва, звязанага з Новым годам!

Вялікі дзякуй табе, Дзед Мароз, што ты не дарыў нашым дзецям “крутых” падарункаў, а проста дарыў цуд!

Аб чым жа я хачу цяпер папрасіць цябе, Дзед Мароз?

Падзяліся з кожнай сям’ёй, з кожным чалавекам, хто верыць у цябе, майстэрствам здзяйсняць цуды.  Са свайго меха даставай і пакідай пад ёлачкай дабрыню, шчодра абсыпай галінкі ўсмешкамі, а на верхавіну ёлкі прымацуй словы з песні: “…Надо, чтоб люди точно знали – Нет оснований для печали

Завтра всё будет лучше, чем вчера!”

Гараскоп на 2016 год па знаках задыяка: вам будзе свяціць шчаслівая зорка

Асобай года “Рэгіянальнай газеты” стаў Дзяніс Канецкі

Да таго, як стаць футбалістамі, яны былі каўбоямі, гномамі і катамі ў ботах


Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – індывідуальны прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Час імгненна ляціць наперад. Каб зрабіць усе справы, сучасны чалавек мяняе свае звычкі і абстаноўку вакол сябе.

Каб паспяваць за часам, мы робім для вас мэблю больш функцыянальнай і кампактнай, але ў тую ж чаргу змяшчальнай.

У студыі мэблі “Элета” вы можаце набыць кухні, шафы, дзіцячыя, гардэробныя, замовіць адкатныя дзверы. Стварыць непаўторны стыль дапаможа мэбля па індывідуальным праекце.

З мэбляй ад студыі “Элета” ваша жыццё стане больш камфортным.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Вэлком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990