Юры Бугай: “За Дзеда Мароза гатовы быў біцца з сябрамі”
Юры Бугай
На ранішніках быў Пятрушкам і Катом у ботах. Чаму былі менавіта гэтыя персанажы, ужо ўспомніць не магу. Галоўнае, што верыў у Дзеда Мароза шчыра і даволі доўга, гатовы быў “біцца аб заклад” са сваімі сябрамі, даказваючы, што ён ёсць.
Ігар Талькоўскі: “Дзеда Мароза чакаў, пакуль не закрываліся вочы”
Ігар Талькоўскі злева
Ігар Талькоўскі
На фотаздымку я злева – гном з барадой. Цьмяна ўспамінаю, што гэта была навагодняя казка пра Беласнежку. У Дзеда Мароза верыў, як і ўсе дзеці. Бывала, да дзвюх ночы чакаў, пакуль вочы самі не заплюшчваліся. А на раніцу падарунак заўсёды быў пад ёлкай.
Сяргей Галюк: “У садку сваёй Беласнежкі так і не знайшоў”
Сяргей Галюк
На гэтым фотаздымку я ў касцюме гноміка, таму што ў дзяцінстве вельмі любіў мультфільм пра Беласнежку і сем гномаў. Сказаў маме, хачу быць гномікам, таму што яны моцныя і добрыя. У садку я ўсім паказваў, які я мужны, адважны. І толькі такі гном можа знайсці сваю Беласнежку.
Аднак у садку яе так і не сустрэў. А што датычыцца Дзеда Мароза, то я яго акурат у 12 ночы чакаў на балконе. Нават не самога Дзеда Мароза, а нейкага дзіва. А калі вяртаўся ў пакой, заўсёды знаходзіў пад ёлкай падарунак.
Цімафей Ігруша: “На ранішніку хацелася быць футбалістам”
Цімафей Ігруша
Гэтае фота, дзе я ў касцюме каўбоя, – чамусьці адзінае з ранішніка. Таму не магу ўспомніць, ці давялося пабыць кімсьці яшчэ. Але дакладна памятаю, што заўсёды марыў быць футбалістам. І ў жыцці, і на ранішніку. А ў Дзеда Мароза верыў да гадоў васьмі, пакуль аднойчы тата не “спаліўся”. Я ўбачыў, як ён хавае падарунак.
Сяргей Лавор: “Кім толькі я не быў на ранішніках!”
Сяргей Лавор
У садку выбару ў мяне не было, усе чатыры навагоднія ранішнікі, ці колькі я там хадзіў у садок, быў зайчыкам. Большая прастора з’явілася ў школе. Тут ужо давялося пабыць і чортам, і кікімарай, усё больш адмоўнымі героямі. Навагоднія ранішнікі – гэта весела, мне падабалася быць на сцэне. Палохаць першакласнікаў страшным грымам кікімараў розных таксама падабалася.
Гараскоп на 2016 год па знаках задыяка: вам будзе свяціць шчаслівая зорка
Асобай года “Рэгіянальнай газеты” стаў Дзяніс Канецкі
Беларускі Дзед Мароз завітаў у пад’езд аднаго з дамоў у Маладзечне і пакінуў падарунак