У бліжэйшы час жыхары дома №67 па вуліцы Лібава-Роменскай абавязаныя будуць вызваліць гаспадарчыя пабудовы ў двары.
Рашэнне аб зносе хлеўчыкаў у двары прыняў Маладзечанскі райвыканкам.
Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказала начальнік жыллёвага аддзела “Камунальніка” Вольга Шыцік.
– Прычына зносу ў тым, што гэтыя хлеўчыкі былі незаконна пабудаваныя 10 гадоў таму. У бліжэйшы час домакіраўніцтва павінна будзе абвясціць жыхароў аб тым, каб яны вызвалілі гэтыя пабудовы ад сваіх рэчаў. І гаспадарчыя пабудовы неўзабаве знясуць.
Нагадаем, што ў снежні на дзвярах дома з’явілася абвестка аб тым, што жыхары павінны вызваліць свае хлеўчыкі ад рэчаў:
Жыхары дома па Лібава-Роменскай змагаюцца за гаспадарчыя пабудовы ў двары
Тады гэтае рашэнне выклікала ў жыхароў незадаволенасць, яны дамагліся прыёму ў райвыканкаме. Жыхарка дома Жанна Вярбоўская расказвала “Рэгіянальнай газеце”, што ў іх доме няма ні балконаў, ні падвалаў, таму іншага месца, каб захоўваць рэчы, няма.
Месяц таму ўлады абяцалі разгледзець гэтае пытанне.
Як аказалася, не на карысць жыхароў.