Цяпер пажарнікі наведваюць дамы састарэлых і раяць набываць ім пажарныя апавяшчальнікі. Пры праверцы дамоў наведаліся да нас і загадалі набыць такое прыстасаванне.
Ну, мы людзі законапаслухмяныя, набылі яго і прышпандорылі да столі.
Усё было добра, пакуль я не парушыла яго цішыню. А справа ў тым, што газавая пліта ў нас знаходзіцца на верандзе. Там гатую стравы.
Дык вось аднойчы пяку я бліны. А ў прыхожай у нас стаіць тэлевізар. Чую, серыял пачаўся, бягом да тэлевізара. Здаецца, на хвіліначку ўскочыла, а бліны паспелі добра падгарэць. Пачула пах гарэлага, дзверы ў веранду адчыніла, дала ў хату той гары.
Ну, тут і пачалося. Божухна, калі ж стаў той апавяшчальнік раўці, ды так моцна, ды так крыкліва. Не ведаю, што і рабіць. Палезла, выкруціла пробкі – раве. Бліны з патэльнямі выкінула на двор.
Дзед ляжыць, ён хворы, сама палезла пад столь, неяк зняла яго, дык у руках раве. На двор выйшла, даю яму кіслароду – ён усё роўна раве. Махаю рукамі і прычытаю:
– Ну, чаго ты так угнявіўся, усяго ж два блінкі згарэлі, ну, супакойся! – Раве. – Ну, дыхай жа ты кіслародам, ці табе яго мала на дварэ?
На шчасце суседка з працы вярталася. Пытаецца:
– Галя, што ты робіш? Чаго лётаеш па дварышчы”.
– Ды во, ніяк не магу ўтаймаваць гэтага прыдурка.
Суседка мне параіла недзе нешта адкруціць. А дзе? Пакруціла ў руках, нідзе ніякай кнопкі не знайшла. Тады жанчына паклікала свайго гаспадара. Той нешта выкруціў, выкінуў. Змоўк нарэшце мой мучыцель.
З’явіўся вечарам сын, паставіў гэтага неслуха на месца, пакуль маўчыць.
А калі я задзіраю галаву ды прыглядаюся да яго, ён хоць калі мне мільгае маленькім агеньчыкам.
Пасля таго выпадку, калі па тэлевізары ідзе серыял, адразу выключаю ўсе свае каструлі і смела сяджу. Цяпер ніхто ўжо мяне не турбуе.
Скарыстайце апошні шанец пачараваць! Варажба ад “РГ”: загадайце лічбу ад 1 да 24
Галіна Буркевіч: Пра міліцыянера і дзяўчынку ў магазіне
Як кравецкая справа дапамагла прайсці вайну Івану Капцюгу з Вілейкі
Як забраць рэчы продкаў з нашага рэгіёна, што ваявалі ў арміі Андэрса (Поўны спіс, Галасаванне)