Конкурс сярод чытачоў “РГ” “Натхняй сваёй гісторыяй здароўя” закрыў прыём заявак 14 студзеня. Мы публікуем гісторыі ўдзельнікаў, а галасаванне за лепшую гісторыю распачынаем 22 студзеня.
Мы маем чатыры прэтэндэнты на прыз ад партнёра конкурсу – магазіна “Астравок Здароўя”. Пераможца атрымае ручны масажор з насадкамі.
“Рэгіянальная газета” распачала конкурс “Натхняй сваёй гісторыя здароўя” для таго, каб чытачы падштурхнулі адзін аднаго да больш здаровага і якаснага жыцця. Каб мы парадаваліся перамогам тых, у каго атрымалася дасягнуць поспехаў у працы над дасканаласцю свайго цела. І каб тыя, хто яшчэ не мае перамог ці толькі на пачатку шляху, зразумеў, што усё дасягальна на прыкладах сваіх землякоў.
Сёння мы публікуем гісторыю настаўніцы і паэтэсы Аксаны Ярашонак з Ільі на Вілейшчыне, якая дзякуючы сіле волі і спорту пахудзела на 30 кілаграмаў.
Аксана Ярашонак. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.
Аксана разам з дочкамі. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.
Ішоў 2006 год. Наша сям’я чакала нараджэння першынца. Пытанне “хлопчык ці дзяўчынка?” нас мала хвалявала. Галоўнае, як казалі старэйшыя, “каб здаровенькі быў”.
Кілаграмы пачала набіраць адразу і імкліва. Таму вырашыла: раз вага усё роўна будзе расці, значыць, можна не стрымліваць сябе ў гастранамічных захапленнях і пачала есці булкі, цукеркі і печыва.
Яшчэ, як любая будучая матуля, я часта ўяўляла сваё жыццё пасля нараджэння дзіцяці.
Вось мяне, шчаслівую і прыгожую, каханы муж забірае з радзільні…
… А вось мы ўсёй сям’ёй гуляем: мужны тата, мілае дзіцятка і, вядома, стройная танклявая матуля. Мінакі глядзяць нам услед і, напэўна, думаюць: “Якая прыгожая сям’я!”…
Чэрвень. Спякота. Бязмежнае шчасце. У нас нарадзілася дачушка Юля.
Шчыра кажучы, знаходзячыся ў радзільні, я асабліва не заўважала, што мая фігура неяк змянілася: бальнічны халацік нідзе не ціснуў, ды і немаўлятка патрабавала шмат увагі.
Самае “цікавае” пачалося ў дзень доўгачаканай выпіскі. Муж прывёз мой “дародавы” касцюм. Апранаючы спаднічку, я не проста яе не зашпіліла, я не змагла яе дацягнуць да так званай таліі.
Аксана у перыяд працы над целам. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.
Карацей, разам з жаданай дачушкай я займела 30 лішніх кілаграмаў. І стала сапраўднай рубенсаўскай 85-кілаграмовай пані. А на вуліцы спяко-о-о-та!!! Вакол стройныя дзяўчаткі ў шорціках і кароткіх спаднічках!!! А я, здаецца, зараз даведваюся, што такое пасляродавая дэпрэсія!..
Паехалі з мужам абнаўляць мой гардэроб. Выбар багаты. Але што ні апрану – проста жах! А яшчэ прадавачкі розныя трапляліся: адна тактоўна параіла пашукаць большы памерчык, а другая “падтрымала”:
– Вы сваю фігуру бачылі?! А жывот?! А сцёгны?!
Дзякуй табе, “добрая прадавачка”! Тады я пачала разумець, што роды – не лепшае апраўданне недасканалай фігуры. А сукенку мы тады купілі – вясёлую такую, у кветачкі, супрацьлеглую майму настрою.
Мне было прыемна, што муж любіць мае 85 кілаграмаў, але я паставіла сабе мэту: на Юлін першы дзень народзінаў апрануць сваю любімую маленькую чорную сукенку.
Пачала з простага: літрамі піла зялёную гарбату без цукру, на пэўны час адмовілася ад цукерак, печыва і іншай смакаты. Пасля пачала круціць хулахуп, качаць прэс, рабіць простыя спартыўныя практыкаванні. Часам нават ноччу. Юля не належала да таго міфічнага тыпу дзяцей, якія “паелі і спяць”. Купіла прыгожыя чырвоныя кеды, у іх у добрае надвор’е хадзіла з Юляй гуляць, а пакуль яна спала, магла крыху пабегаць вакол вазка.
Хадзіла ў лазню з парылкай, звярнулася да масажыста…
З літаратарамі Растоўскай вобласці. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.
Кілаграмы паступова пачалі знікаць.
Вось, напэўна, і ўсё. Дазволіць фітнес-клуб на той момант не магла: жылі ў вёсцы, не хацела надоўга пакідаць дзіця на бабуляў і тату. Жаданага выніку змагла дасягнуць, не выязджаючы з вёскі, дзякуючы простым практыкаванням, падтрымцы блізкіх і імкненню да мэты. І суседцы-масажыстцы.
Першы Юлін дзень народзінаў атрымаўся надзвычай вясёлым. Запрасілі сяброў і сваякоў. Было шмат падарункаў, пажаданняў, усмешак. А я была ў сваёй любімай маленькай чорнай сукенцы. Спадзяюся, што родныя і сябры, гледзячы на нас, думалі: “Якая прыгожая сям’я!”.
Каля помніка Фаіне Ранеўскай. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.
Конкурс ад “РГ”: Натхняй сваёй гісторыяй здароўя
Дзе ў Маладзечне можна ўзяць канькі і лыжы напракат (Адрасы, час працы)
Салон-магазин “Островок Здоровья” предлагает массажное оборудование для домашнего использования:
- массажная накидка для спины
- массажная подушка для поясницы
- ручные массажеры
- массажеры для стоп
Каждому посетителю апробация массажного оборудования бесплатно!
Ждем Вас по адресу в Молодечно: В. Гостинец, 143-15 ТУ “Тройка”, вход в магазин “Соседи”.
Тел. (8029) 753-32-02.
Частное предприятие “Лейбмю”. УНП 691891970
ТАА “Рэдакцыя газеты “Рэгіянальная газета”. УНН 600288444