Усе мамы, роўна як і таты, рана ці позна пакідаюць гэты свет. Гэта парадак жыцця і няма ў гэтым нічога нязвыклага або незвычайнага.
Кожны з гэтым сутыкаецца, хаваючы сваіх бацькоў, і сутыкнецца асабіста сам, калі прыйдзе яго тэрмін. І аповед мой пра гэта.
Мама памерла па старасці на 88-м годзе жыцця. Крыху не дажыла да юбілею, не дачакалася мяне, калі я зноў прыеду на ўсё лета і правяду з ёю некалькі месяцаў у годзе ў летні перыяд, унікаючы ў яе просьбы, патрэбы і дапамагаючы, у чым неабходна, даючы тыя стасункі і ўвагу, якія становяцца самымі галоў- нымі для пажылога чалавека, калі прага жыцця прытупляецца.
І яшчэ самым галоўным становіцца прысутнасць некага побач, калі ты адзінокі і твае прыяцелькі і сябры па большай частцы ўжо спачываюць. Кола людзей, з якімі ты можаш пагутарыць і якія цябе ведалі і ведаюць, звужаецца.
Калі мы бачыліся ў апошні раз летам 2014 года і вялі размовы, большай часткай мама падводзіла вынік жыццю і зводзіла гаворку да моманту зыходу. Я не перабівала яе высновы і развагі, слухала, спрабавала зразумець, ці буду гэтак жа, як і яна, адчуваць набліжэнне свайго апошняга дня.
– Мамуля, як ты сябе адчуваеш, ці хочаш перайсці за дзевяноста і жыць далей?
Мама павяла плячыма, трохі зморшчылася і сказала:
– Не, ты ведаеш, не хачу, дастаткова, ужо не хочацца. Не купляй мне нічога, усяго хапае, не панашу.
Змоўкла, потым зноў загаварыла:
– Я пісала табе вясной, што мама мая да мяне ў сне прыходзіла кожную ноч…
– І як доўга? – спытала я.
– Больш за месяц, напэўна. І я ўсё думаю: і чаго ж гэта яна кожную ноч мяне наведвае?
– А ў які менавіта месяц? – паспрабавала я ўдакладніць.
– Сакавік-красавік, дакладна ўжо не скажу, але вясной.
– Мамуля, вось была ў цябе добрая ідэя аформіцца ў інтэрнат ветэранаў працы ў Ждановічах. Я паехала, усё табе там сфатаграфавала, пабыла ў блоку, дзе жывуць жанчыны, паразмаўляла з імі, ды з усім абслуговым персаналам пагутарыла. Агародзік табе на фота паказала, дзе можна кветкі садзіць, агурочкі, памідорчыкі, у сабесе бланкі ўзяла, частку запоўніла, а ты памяняла думкі, дома вырашыла паміраць. Слабнеш жа, а я далёка, працую і не змагу тэрмінова прыехаць. Летам, так, магу, усе мае кліенты ў раз’ездах і мяне адпускаюць. У мяне ж падтрымкі няма, адна, адна зарплата і тая не вельмі. Што рабіць будзем?”
– Ты, дачка, за мяне не турбуйся. Адчую сябе слабай – сама жанчыну знайду, каб дапамагала.
– А дзе ж ты яе, мамуля, шукаць будзеш?
– Вось тут вартаўніком у нас працуе. Нядрэнная жанчына, размаўляю я з ёй часам…
– Не, мама, гэта не вырашэнне пытання…
Фота m.eurabota.com.
Як знайсці выйсце, каб дапамагчы нямогламу чалавеку
А якім жа можа быць рашэнне ў гэтым выпадку ў нас у Беларусі? Я пайшла ў сабес, каб штосьці высветліць. Ёсць у іх варыянт, калі прыходзяць работнікі на некалькі гадзін, некалькі разоў на тыдзень. Гэта дапамога.
Ёсць варыянт аформіцца па доглядзе. Але жанчына павінна быць не пенсійнага ўзросту і каб нідзе не працавала. Зарплата пры гэтым трохі больш за мільён. Хто ж знойдзецца з непрацуючых і непенсіянераў на такі заробак? Як на яго пражыць?
Да таго ж колькасць тых, хто мае патрэбу ў пастаянным доглядзе, нашмат перавышае колькасць кандыдатур на такую пазіцыю. І што гэта за чалавек, што ён з сябе ўяўляе? Ці ёсць у яго хоць бы невялікая падрыхтоўка, які-не-будзь пройдзены трэнінг? Ён медыцынскі работнік або працуе ў сферы адукацыі, дзе ў працэсе навучання вывучаюць псіхалогію?
Хто ён, гэты ТОЙ, хто не пенсіянер, не працуе і пагаджаецца на заробак, які ледзь пакрывае месячнае харчаванне і неабходныя камунальныя выдаткі? Хто гэты ТОЙ, хто прыйдзе даглядаць за слабым і нямоглым?
Купіла газеты. Пачала вывучаць прапановы і попыт. Знайшла аб’яву адной жанчыны ў Вілейцы, якая шукала сядзелку для сваёй цяжкахворай мамы. Вырашыла прадставіцца жанчынай, якая шукае месца сядзелкі, і распытаць пра ўмовы аплаты і працы, тонкасці і нюансы.
– Вы самі разумееце, які кантынгент можа аформіцца праз сабес на такую нізкую зарплату, гаворыць жанчына на другім канцы проваду. – Выносяць з дому ўсё, не паспяваеш усачыць. Я ж цэлы дзень на працы, а маму трэба паварочваць, глядзець, каб не спрабавала ўставаць, не звалілася з ложка, яна ў мяне прышпіленая рамянямі… Сама глядзець не магу, трэба працаваць, на жыццё зарабляць і пра пенсію думаць…
Патэлефанавала па аб’яве жанчыне, якая прапаноўвае паслугі сядзелкі – 50 тысяч у гадзіну (лета 2014). Гэта калі 10 гадзін у дзень, то паўмільёна.
Можна хоць бы пяць гадзін, тады 250 тысяч. Памнажаем на пяць дзён у тыдзень і на чатыры тыдні, атрымоўваецца сума ў пяць мільёнаў – ужо якая-ніякая зарплата для прыватнага прадпрымальніка, які працуе ў такой сферы. Ёсць над чым думаць. І ёсць рэзервы ў грамадстве нават без істотнага ўдзелу дзяржавы.
Фота damex.ru.
Прапанова для тых, хто хоча зарабіць
Пенсіі ў Беларусі маленькія. Як выжыць? Трое з маіх аднагрупніц па інстытуце сталі ўдовамі (гэта ўзрост 55-60 гадоў, пачатак пенсійнага жыцця на пенсію ў 2,5 мільёна і пры страце кармільца) і дзве з іх аўдавелі гэтым летам.
А ў пенсіянераў, якія ўжо слабеюць і маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе, патрэбы зніжаюцца і нейкая колькасць пенсіі вызваляецца. Дзецям аддаюць, а гэтыя дзеці не маюць магчымасці аказаць дапамогу – працаваць трэба.
Вось і поле дзейнасці для прыватнага прадпрымальніка, які мог бы арганізаваць агенцтва і прыцягнуць тых, хто толькі пайшоў на пенсію, дапамагаць слабым. Адным – да пенсіі прыбаўка, а іншым, хто мае патрэбу ў пастаяннай дапамозе, – вырашэнне пытання.
І іх дзецям рукі развязаныя. А ўжо даплаціць да пяці мільёнаў нармальнага заробку з улікам таго, што вызваляецца нейкая частка пенсіі таго, хто мае патрэбу ў доглядзе, родныя ці блізкія змогуць.
Работнікі сферы адукацыі, медыцыны, псіхолагі, выхавальнікі дзіцячых садоў, бібліятэкары… Ды колькі яшчэ тых, хто мог бы прыняць удзел, працуючы ў такой сферы, у якой вельмі маюць патрэбу адзінокія састарэлыя людзі. Гэта проста знаходка нават для новых працоўных месцаў людзям працаздольнага ўзросту, але самае галоўнае – вырашэнне вельмі важнага пытання дапамогі старэючым і нямоглым ў соцыуме.
Бо не адну мяне жыццё закінула ў іншыя землі. І мая мама не адна, хто застаўся без усялякай дапамогі, калі нечакана аслаб. Ды колькі дзяцей жывуць удалечыні ад дзяцей і ў самой Беларусі і якія па розных прычынах не могуць забраць бацькоў да сябе, а тым больш быць побач, калі неабходны догляд.
За адсутнасцю до-сведу ў нашай краіне па арганізацыі такіх агенцтваў, дзе праводзяць двух-трохтыд- нёвае навучанне тых, хто ўладкаваўся б на працу, і гэтыя ж агенцтвы з’яўляюцца калектарамі попыту і прапановы на адпаведныя паслугі, то можна запазычыць досвед іншых краін, суседзяў ці далей. Цяпер з дапамогай інтэрнэту ёсць доступ да многага, не выходзячы з дому.
Фота med-akademiya.ru.
Усё ў жыцці так, як трэба таму і быць
Мінулай вясной у Таронта я атрымала ліст ад сваёй даўняй прыяцелькі Святланы з Іспаніі. Яна жыве там з сынам з 1995 года. А мама яе жыла тут, у Мінску. Памёр у мамы муж, другі, з якім пражыла яна ў другім шлюбе шчаслівым жыццём 25 гадоў.
Памёр па дарозе з рынку, пайшоў на Камароўку па прадукты і не вярнуўся. Яму было за 90. Маме Святланы – менш. Яе сталі адольваць дзеці мужа ад першага шлюбу, вядома, адносна кватэры. І Святлана праз паўгода пасля яго смерці выехала цягніком з Іспаніі ў Мінск, каб дапамагчы маме.
Пакуль Святлана даехала, мама памерла, пра што яна распавяла мне ў сваім лісце: “Хавала адна, з усім прыйшлося разбірацца хутка і ў кароткі час. Сама разумееш, як яно, калі чалавек вось так нечакана сыходзіць, мне трэба паспець усё і вярнуцца своечасова, там праца і… Ехала дапамагчы, а прыехала хаваць”.
Я трымала гэты ліст у руках, думала пра сваю маму, якая яшчэ была жывая, і адказала на ліст тут жа вечарам, неадкладна: “Дарагая Светачка, усёй душой спачуваю табе і суперажываю ва ўсім, што здарылася. Разумею, як цяжка табе прыйшлося. Але хачу сказаць табе тое, аб чым ты нават не думаеш. Табе трэба падзякаваць сваёй маме за тое, што яна не абцяжарыла цябе лішнімі клопатамі і не павесіла на цябе гады сваёй слабасці, бо ніхто не ведае, што б яе магло спасцігнуць. У нас жа ў Беларусі гэтая сфера зусім не развітая – догляд за састарэлымі. Ні спецыяльных дамоў у гарадах не будуюць з медыцынскім абслугоўваннем на месцы і сталовымі, ні бізнесу няма з работнікамі, якія аказваюць гэтыя паслугі. Так што скажы маме вялікі дзякуй за тое, што, пакуль ты даехала, яна ціха сышла. Яна ж разумела, што ты далёка і часта не наездзішся”.
Неўзабаве ад Святланы прыйшоў адказ: “Ты ведаеш, я вельмі ўдзячная табе за твой ліст. Я зусім інакш паглядзела на маміну смерць”.
Удзячнасць
ДЗЯКУЙ ВАМ, МАМЫ! Дзякуй за ваша разуменне, за вашы рашэнні, за ваш ціхі своечасовы зыход. Нізкі вам паклон ад нас, далёкіх дачок і сыноў, якіх жыццё параскідала па краінах і кантынентах.
ДЗЯКУЙ! Дзякуй тым, хто прачытаў гэтыя радкі, хто задумаўся, хто, можа, вырашыць наладзіць гэту сферу прыватнага прадпрымальніцтва, адкрыўшы агенцтвы па ўсёй рэспубліцы, уклаўшы сродкі ў будаўніцтва спецыяльных дамоў з абслугоўваннем старых і слабых людзей з прыцягненнем іх жа зберажэнняў, хто данёс гэты артыкул да дзяржаўных структур і чыноўнікаў, якія непасрэдна могуць вырашаць гэтыя пытанні на тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаўшы думкі і намаганні, людзі заўсёды знойдуць шляхі вырашэння любых праблем. А гэта – адна з важных. Бо ўсе мы, усе без выключэння, раней ці пазней самі патрапім у катэгорыю слабых і састарэлых. Дык ці не лепш зараз і ўжо паклапаціцца аб сваёй будучай старасці і дапамагчы старэючым побач з намі бацькам.
Дзякуй і табе, мая мама, што ты амаль да самага зыходу была на нагах і ўсё рабіла сама, дзякуй табе, што час тваёй слабасці і патрэбы ў догледзе быў кароткім, дзякуй, жыццё, што побач была сям’я маёй сястры і дапамога была аказаная. А я не змагла здалёк прыехаць, бо разам з мамай на адным тыдні мяне пакінуў мой малодшы сын.
Антонія ІЛЬІНСКАЯ, інжынер, паэтка і даследчыца, ураджэнка Маладзечна, Канада, chayka57@yahoo.com.
Вадохрышча ў Насілаве: “А адчуванне, быццам цябе жарам абдалі” (Фота)
Лебедзева: палкавы абраз грузінскага палка захавала жанчына з трагічным лёсам
Галіна Буркевіч: Пра міліцыянера і дзяўчынку ў магазіне
“Нязжатая паласа” – ліст у рэдакцыю ад Галіны Буркевіч