Які падарунак можна купіць у аптэцы? Якія лекі самыя папулярныя 1 студзеня? Ці здаралася ратаваць наведнікам жыццё тут жа, у аптэцы? І як запомніць безліч назваў лекаў? Нашу цікаўнасць да прафесіі аптэкара задаволіў Віктар Дубік, фармацэўт з Маладзечна.
Прафесія фармацэўта, прызнаецца Віктар, не такая простая, як здаецца на першы погляд. Шмат аднакурснікаў Віктара перавучваліся, таму што не маглі кожны дзень кантактаваць з людзьмі. А ў аптэку людзі прыходзяць розныя: капрызныя і патрабавальныя, дзіўныя і тыя, якія самі не ведаюць, чаго хочуць. Кожны дзень даводзіцца раіць што-небудзь ад таго, каб “не калола тут”, “не балела вось тут”, “ад галавы”, “ад жывата”.
У такіх выпадках Віктар раіць тыя лекі, якім давярае або якімі карыстаўся сам.
– У мяне мама таксама фармацэўт, таму я з дзяцінства памятаю, што ўсе сваякі і сябры сям’і раіліся з мамай, якія лекі прымаць.
Сам Віктар працуе фармацэўтам ужо 11 гадоў. І за гэты час, прызнаецца аптэкар, у яго тэлефоне нават з’явіўся спіс пастаянных кліентаў.
– Ну, гэта натуральна. Бывае, людзі чакаюць нейкага пэўнага лякарства. А яго няма. І каб не хадзіць у аптэку кожны раз, прасцей патэлефанаваць. Пытаюцца і пра цану, каб ведаць, колькі грошай з сабой браць. Ну, і тэлефануюць параіцца, што можна прыняць ад галавы. Раю.
Самы дарагі прэпарат, які прадаецца сёння ў аптэцы, – лякарства для суставаў. Каштуе яно 2 мільёны 600 тысяч рублёў.
Асобнай тэмай у працы аптэкараў заўсёды былі назвы лекаў.
– А што ж вы хочаце, назвы такія, што сам язык зламаеш. Ну і, вядома, ёсць смешныя назвы. Часцей за ўсё каплі “Таўфон” людзі называюць “Тайфун”. А як вам назва: “ Бронхіпрот”? Або “Стоптусін” ці мазь “Хонда”.
Самыя папулярныя лекі 1 студзеня – мінералка
І гэта не жарт. Фармацэўт прызнаецца, што менавіта 1 студзеня рэдкія наведнікі пыталіся ў аптэцы мінералку.
– Скардзіліся на галаўны боль. Прасілі актываваны вугаль, сродкі ад страўніка.
Але часцей за ўсё пакупнікоў у аптэцы становіцца больш менавіта перад святамі.
– Многія насамрэч стараюцца набыць лекі ад страўніка да святаў. А вось на Дзень усіх закаханых часцей за ўсё купляюць, не, не тое, што вы падумалі, а касметыку.
Увогуле купіць падарунак у аптэцы, лічыць Віктар, цалкам нармальна. І трэба гэта рабіць.
– Перад Новым годам актыўна куплялі танометры. А што, падарунак карысны, не танны. Дораць глюкометры, вітаміны.
Самы пік наведвальнасці аптэкі выпадае на 11:00 – час, калі людзі ідуць з паліклінікі.
Даводзілася прыводзіць людзей у прытомнасць
Здараліся ў практыцы Віктара і такія выпадкі, калі людзі гублялі ў аптэцы прытомнасць.
– Было такое, што дзяўчына страціла прытомнасць, упала акурат на вітрыну. Даводзілася ратаваць людзей ад эпілептычнага прыступу, і не адзін раз.
Бывае, у аптэку заходзяць і пастаянныя наведнікі.
– Заўсёды няёмка сустракацца ў горадзе вачыма з чалавекам, які прыходзіць па “Віагру”, – жартуе Віктар. – Але калі ён зноў і зноў па яе вяртаецца, значыць дапамагае.
Прыходзяць у аптэку і школьнікі за сродкамі “індывідуальнай абароны”.
– У мяне сын вучыцца ў школе. Шмат каго з яго школы я ведаю ў твар. Дзіўна назіраць, як школьнікі прыходзяць па прэзерватывы, потым па тэсты на цяжарнасць. Саромеюцца, але некаторыя ўсё ж пытаюцца, які сродак лепшы. Стараюся дапамагаць, раіць.
Асобны кантынгент аптэк – гэта наркаманы.
– На жаль, але наркаманаў раёна я таксама ведаю ў твар. І тыя лекі, па якія яны прыходзяць, таксама выдаюць іх. А вось алкаголікаў ад аптэкі ўдалося адвадзіць:
– Проста перасталі браць на рэалізацыю тыя лекі, якія алкаголікі куплялі як вадкасць, у якую ўваходзіць 95% этылавы спірт.
У фармацэўтаў цяпер надыходзіць гарачая пара – час прастуды, насмарку і кашлю.
– Мы да сезона вострых рэспіраторных захворванняў гатовыя. Вылечым усіх.
Экспрэс-апытанне ў Маладзечне: ці трэба скараціць працягласць адпачынку па доглядзе за дзецьмі?
Глядзіце, хто з рэгіёна паўдзельнічаў у перапісе беларускамоўнага насельніцтва, і далучайцеся самі
Плануюць скараціць “дэкрэтны” адпачынак. Шукаем плюсы і мінусы разам з псіхолагам і доктарам