У Маладзечна ўпершыню з гастролямі прыехаў заслужаны калектыў Вялікалускага драматычнага тэатра з Расіі.

Госці паказалі гледачам пластычны спектакль у Палацы культуры ў чацвер, 22 студзеня.

У сваёй пастаноўцы “Вобразы” яны не расказалі, а паказалі, што такое каханне. Без слоў, толькі праз танец, жэсты і міміку акцёры расказвалі гісторыю пра пачуцці.

Галоўны герой спрабуе патлумачыць значэнне слова “каханне”, і для гэтага малюе карціну свайго жыцця. Ён прыгадвае сустрэчы з рознымі жанчынамі. Кожная з іх увасабляе сабой пачуццё, якое з’яўляецца абліччам кахання – Гульню, Варожасць, Спакусу, Утрапёнасць, Запал, Жаль.

З гукаў – толькі крык

Герой паказвае сваё жыццё ад нараджэння да моманту, калі ён адчуў каханне. І тут на сцэну выходзяць пачуцці. Праз празрыстыя фіранкі яны паказваюць сябе толькі праз рухі – у кагосьці рэзкія, у кагосьці плаўныя. Кожная з актрыс, якая ўвасабляла пачуццё, мела адметны індывідуальны характар, які прасочваўся праз характэрныя рухі і іх тэмп. Напачатку яны былі ў збалансаваных сяброўскіх адносінах, толькі Запал і Жаль заў­сёды былі паасобку.

Фота luki.ru.

Фота luki.ru.

Спектакль адметны спосабамі, якімі героі распавядалі гісторыі. За ўвесь спектакль акцёры не вымавілі ні слова. Адзіным гукам быў крык галоўнага героя, калі ён убачыў, што застаўся ­адзін. Усе пачуцці адначасова ўзаемадзейнічалі з ім, пакуль ён не палічыў, што стала сумна і аднастайна, і не вырашыў абраць адно пачуццё. Яны паўсталі перад ім, і кожнае прапаноўвала нешта сваё. Ён абраў Запал, а астатнія яго пакінулі. Ён разам з Запалам зладзілі гуллівы танец, але пасля яго адчуў холад, а Запал не мог сагрэць. У выніку героя пакінуў і Запал.

Ён застаўся адзін. Іншыя пачуцці збеглі ад яго і ўсе паміж сабой пасварыліся. Жаль спрабаваў склеіць страчаную раўнавагу. Ён азірнуўся і ўбачыў, што нікога не засталося. Адно пачуццё замяніла сабой усе іншыя, і гэта парушыла яго ўнутраны баланс, герой пачаў вар’яцець.

У канцы гісторыі пачуцці змаглі стварыць больш камфортны стан, і герой прыйшоў у сябе. Але ён не змог дасягнуць той гармоніі, якую меў напачатку аповеду.

Пластыка зачароўвала і распавядала гісторыю

Нягледзячы на бясслоўе акцёраў, эмацыйны складнік спектакля раўнадушным пакінуць не мог. На яго працавала не толькі гаворачая пластыка, але і музыка, і гульня са шматколерным святлом.

Гледачы падтрымлівалі апладысментамі акцёраў, асабліва захаплялі відовішчныя акрабатычныя трукі.

Спектакль зацягвае сваёй пластыкай, праз якую гісторыя пра розныя абліччы кахання атрымала выразныя сэнсавыя пасылы, якія акцёры даносілі гледачам. Пра тое, што варта быць асцярожным са сваімі жаданнямі і валодаць пачуццямі. Аддаўшыся з галовай Запалу, герой не змог вярнуць сваю эмацыйную раўнавагу, гэта стала яго расплатай. Кожнае пачуццё пакідае свой след і адыгрывае сваю значную ролю. І адчуваць сябе шчаслівым можна толькі тады, калі яны ў гармоніі.

Гастралёры абяцалі вярнуцца

Гледачы былі актыўна ўключаныя цягам усяго спектакля, рэагавалі на дзеянні герояў. Спектакль сабраў аншлаг, а гледачы апладзіравалі стоячы.

Дырэктар Мінскага абласнога драмтэатра Юры Крывенькі напрыканцы мерапрыемства падзякаваў гасцям і адзначыў складанасць такой пастаноўкі. У адказ расіяне паабяцалі прыехаць з гастролямі яшчэ раз.

Вялікалукскі драматычны тэатр падчас гастроляў паказаў для маладзечанскіх гледачоў пластычны спектакль “Вобразы”, камедыю “Тарцюф” і казку “Прынцэса на гарошыне і Свінапас”.

“Мне 40 гадоў, мама! Думаеш, прыемна кожны дзень тут тырчаць з табой?” Спектакль пра эгаізм старых паказалі ў Маладзечне

Каб пачаць жыць, трэба прачнуцца. 25 сезон Мінскага абласнога драматычнага тэатра адкрыла прэм’ера “Дзядзечкаў сон” (Фота)

“Батлейка” адкрыла 25-ы тэатральны сезон, акцёраў уганаравалі граматамі (Фота)

Спектакль студыі “Кіпень”: касцюм вагой у дзесяць кілаграмаў, спроба з ільва зрабіць муху

У Дзень тэатра акцёрам Мінскага абласнога драматычнага тэатра вынеслі прысуд