Прэзентацыя кнігі Клаўдзіі Дубовік “Багданава – вёска нашага дзяцінства” прайшла 22 студзеня ў выставачнай зале імя Сілівановіча.

У кнізе сабраныя эсе творцы аб роднай вёсцы Багданава і суседняй –  Хамянцы, іх жыхарах. Выдадзены зборнік намаганнямі раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік.

Да прэзентацыі падрыхтавалі выставу творчай спадчыны Клаўдзіі Дубовік “Мовай сэрца” – заняла яна ўвесь стэлаж.

Старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Вольга Коласава пазнаёміла з гісторыяй мясцін, што апісваюцца ў кнізе. 

Клаўдзія Дубовік расказала пра сваю творчасць, пра тое, як працавала над кнігай.

–  Даўно ўжо напісала апавяданне “Калодзеж” – плакала і я, і дачка гаспадара, пра якога расказваецца ў ім, – прыгадвае яна. –  Затым у апавяданні “Шурачка” расказала пра маю маму, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандру Іванаўну Сургучову. Потым адзін мужчына распавёў, што яны пражылі разам з жонкай 62 гады. Кажу: “Як  62?!”. У выніку з’явілася апавяданне пра  Франца і Марыю Лапушынскіх, якія  жылі душа ў душу. Праз нейкі час падумала: “А чаму б не распавесці пра кожнага жыхара нашага краю?” Я напісала гэту кнігу, бо кожная сям’я блізкая майму сэрцу. Гэта ўсе мае аднавяскоўцы – яны героі па жыцці.

Завіталі на прэзентацыю знаёмыя і сябры па творчасці Ніна Жвалеўская, Галіна Капцюг, Барыс Манцэвіч, Анатоль Капцюг,  Віктар Кажура, Уладзімір Цанунін, Эдуард Мацюшонак і іншыя. Многія з іх сказалі цёплыя словы пра аўтарку кнігі.  Спяваў народны калектыў аўтарскай песні “Элегія” (кіраўнік – Таццяна Захарыч).

Фота забяспечана раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік.

Фота забяспечана раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік.

Прыйшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Паўлоўскі і яго намеснік Жанна Петух. Сяргей Паўлоўскі ўручыў Клаўдзіі Дубовік падзяку за яе дзейнасць.

– Тут столькі цёплых слоў – такія словы ні на якія манеты не памяняеш, – дзеліцца Клаўдзія Дубовік.

Прыехалі на прэзентацыю вучні і настаўнікі Куранецкай сярэдняй школы на чале з дырэктарам Марынай Цыркулеўскай – у гэтай школе вучылася творца. Паказалі відэарад, дзе на здымках яна маладая – так што, расчулілі яе да слёз. 

Клаўдзія Дубовік падзякавала ўсім, хто прычыніўся да выдання кнігі і прыйшоў на сустрэчу:

–  Мяне радуе, што  ёсць аддача –  тое, што людзям спадабалася кніга, –  кажа яна. – Хоць кожны дзень такія сустрэчы наладжвай: так прыемна ад гэтай атмасферы – душэўнай, адухоўленай. Як быццам ў 18 стагоддзе перанесліся – настолькі арыстакратычна, настолькі прачула ўсё было.

– Мяне ўразілі песні ў выкананні “Элегіі”, пакладзеныя на вершы Клаўдзіі Дубовік.  І яна мне адкрылася зусім па-іншаму, – дзеліцца загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік Людміла Тонкавіч. – Прэзентацыя прайшла як адна хвіліначка: так цікава было. І мяркую, не толькі мне.

Аўтограф ад Клаўдзіі Дубовік. Фота забяспечана раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік.

Аўтограф ад Клаўдзіі Дубовік. Фота забяспечана раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік.

Даведка “РГ” Клаўдзія Дубовік (па маці Сургучова) нарадзілася 16 жніўня 1950 года. Радзіма – вёска Багданава. Жыве ў Вілейцы. Аўтар трох зборнікаў вершаў, двух зборнікаў апавяданняў. Ад 2005 па 2013 год напісала 30 паэм, у тым ліку “Фальварак Багданава” і “Мястэчка Куранец”.

“Пра сваю вёску Багданава я магу гаварыць бясконца, бо яна як першае каханне. Можна шмат памяняць мясцін, але свая вёсачка, як родная маці – самая любая, самая прыгожая і ўтульная. Справа ў тым, што наша вёсачка стаіць на Кацярынінскім шляху, гэта азначае, што цэнтральная дарога направа ад усходу сонца вядзе на Мінск, а налева – на Санкт-Пецярбург. І сапраўды, дарогу тут масцілі дробнымі камянямі, нават я яшчэ памятаю, як стоячы на каленях, работнікі драўлянымі малаточкамі падганялі камень да каменя, убіваючы іх у пясчанае палатно дарогі. Такая дарога называлася брукаванка. Яна была велічнай і моцнай, але ўжо ў 70-я гады паверх яе пачалі класці асфальт, які штогод трэба было рамантаваць ад выбоінаў. Абапал шашы, так называлася цэнтральная дарога, яшчэ ў далёкія гады былі высаджаныя прыгожыя бярозы, якія вельмі ўпрыгожвалі дарогу і вёску. З часам яны пападалі ад магутных вятроў, пакуль апошняя з іх не ўпала ўжо ў нашы дні. Самае крыўднае, што ніхто і не падумаў адрадзіць былую прыгажосць, а гэта так проста: на месца старых бяроз трэба было пасадзіць новыя. Яшчэ адна асаблівасць вёскі – гэта тое, што тут мала новых дамоў. Так склалася гістарычна, што першая вуліца пайшла ад шашы рэзка ўлева. Вуліца там вузкая, таксама брукаваная. Тут і сяліліся першыя работнікі фальварка Багданава. Аб гэтым сведчаць уросшыя ў зямлю старэнькія хаты і ствалы магутных ліпаў, якіх і вокам цяжка акінуць, а не толькі абхапіць рукамі. Верхавіну адной такой старой ліпы нядаўна спілавалі, і застаўся магутны ствол. Вось на ім каторы год запар цяпер гняздуюцца прыгожыя буслы, як сімвал вечнасці зямлі беларускай, як сімвал доўгага жыцця нашай вёскі Багданава”.

Урывак з кніга “Багданава – вёска нашага дзяцінства”.

Выбралі лагатып “Маладзечна – культурная сталіца Беларусі – 2016” (Фота конкурсных работ)

Як запал можа назаўсёды разбурыць гармонію пачуццяў – упершыню ў спектаклі без слоў паказалі шматаблічча кахання

Грошы розных часоў паказваюць у музеі ў Мядзеле