Баскетбол – гульня, у якую ў свеце гуляюць амаль стагоддзе. У Маладзечне баскетбольная секцыя стала працаваць у 2011 годзе ў Лядовым палацы. Але тут шмат прыхільнікаў і гэтага віду спорту, і пацвярджэннем стала сустрэча з легендай беларускага баскетбола – Аляксандрам Кулем.

Сустрэча адбылася 19 студзеня на занятках “Мовы Нанова”, якія былі прысвечаныя спартыўнай тэме.

Аляксандр Куль расказаў, што ў спорт прыйшоў дастаткова позна, калі яму было гадоў 12. Хлапчука з сельскай школы заўважыў віцебскі трэнер і запрасіў у каманду.

За сваю спартыўную кар’еру Аляксандру давялося пагуляць і ў Беларусі, і ў Польшчы. І трошкі не хапіла, каб пагуляць у Амерыцы ў НБА.

У Амерыку Аляксандр Куль з’ехаў вучыцца ва ўніверсітэце. Гуляў за студэнцкую каманду.

У 2012 годзе скончыў спартыўную кар’еру. Яго запрасілі працаваць на пасаду дырэктара цэнтра эканамічнага развіцця і спартыў­нага маркетынгу баскетбольнай каманды “Мінск-2006”.

З гэтага і пачаўся новы этап у жыцці і Аляксандра, і мінскай каманды.

Неўзабаве “Мінск-2006” стаў называцца “Цмокамі”.  А на пытанне, як змянілася жыццё самога Аляксандра, баскетбаліст адказаў:

– За два гады, што я займаю пасаду ў клубе, я ні разу не схадзіў у спартзалу. І ёсць жа трэнажорная зала ў будынку, дзе месціцца офіс “Цмокаў”, і кожную раніцу думаю пра тое, што трэба ўзяць з сабой спартыўную форму. І кожны раз праходжу міма…

Каб доўга не распавядаць пра тое, чаму ж менавіта баскетбол так вабіць Аляксандра, госць “Мовы Нанова” падарыў усім ахвотным квіткі на матч, які адбыўся ў нядзелю ў “Мінск-Арэне”.

І хаця ў той дзень “Цмокі” прайгралі з вялікай розніцай казанскаму “Юніксу” (лік сустрэчы – 77:102), той, хто прыехаў на гульню з Маладзечна, застаўся задаволены.

Глядачка Святлана Юшкевіч прызналася, што не толькі ўпершыню прысутнічала на баскетболе ў зале, але да гэтага дня зусім не цікавілася баскетболам.

– Трошкі разабралася ў правілах бліжэй да другой чвэрці. Але само відовішча таго вартае. Толькі шкада, што нашыя “Цмокі” прайгралі. Абавязкова пайду на баскетбол яшчэ раз, каб пабачыць перамогу каманды. Ну, і хачу выйграць фірменную майку ад “Цмокаў”, якую ў перапынку разыгрывалі вядучыя. У гэты раз не атрымалася.

Маладзечанцы на баскетболе

Маладзечанцы на баскетболе

  Сярод прыхільнікаў баскетбола і браты Макоўскія

Сярод прыхільнікаў баскетбола і браты Макоўскія

У Маладзечне баскетболам займаюцца 105 дзяцей

Баскетбольная секцыя працуе ў Лядовым палацы ад 2011 года. Дзяцей трэніруюць чатыры прафесійныя трэнеры.

Сёння ў секцыі баскетбола трэніруюцца 45 дзяўчынак і 60 хлопчыкаў. Будучым зоркам НБА ад 8 да 17 гадоў.

Навучанне баскетболу – бясплатнае.

Падрабязней пра поспехі і дасягненні маладзечанскіх баскетбалістаў чытайце ў бліжэйшых нумарах “Рэгіянальнай газеты”.

Цікавыя факты пра беларускі баскетбол

Радзімай беларускага баскетбола лічыцца горад Віцебск. Менавіта ў ім была сфарміраваная першая мужчынская каманда ў 1923 годзе.

Самым вядомым беларускім баскетбалістам з’яўляецца Іван Ядзешка. Знакамітым ва ўсім свеце ён стаў дзякуючы адзінаму пасу. У легендарным матчы СССР – ЗША ў фінале Алімпіяды-1972 у Мюнхене Іван Ядзеш­ка за тры секунды да канца матча аддаў цудоўны пас праз усю пляцоў­ку Аляксандру Бялову, які і закінуў пераможны мяч, – 52:51. Зборная СССР упершыню ў сваёй гісторыі перамагла на Алімпійскім турніры 

А беларускі баскетбаліст Андрэй Свірыдаў знакаміты далёка не сваімі пасамі, хаця ён быў і чэмпіёнам СССР, і чэмпіёнам Беларусі, і чэмпіёнам Еўропы. Андрэй Свірыдаў стаў акцёрам, якому нават скарыўся Галівуд. Яго можна пабачыць у кліпах Робі Уільямса, Энрыке Іглесіяса. Ну, і хто ж не ведае ахоўніка Гену з вядомага сіткома “Універ”? Акрамя таго, Андрэй зняўся яшчэ ў 56 фільмах.

Андрэй Свірыдаў. Фота з сайта andrei-sviridov.ru

Андрэй Свірыдаў. Фота з сайта andrei-sviridov.ru

А гэта гістарычная гульня для беларускага баскетбола. Раім паглядзець: