Чытач Яўген з вёскі Жары на Вілейшчыне сутыкнуўся з такой праблемай: “Цяпер пры паступленні на работу трэба медыцынская даведка. Ды і кіроўцам яна неабходная.

Вось каб атрымаць даведку ў Вілейскай паліклініцы, трэба сама мала заняць два дні пры ўмове, што аналізы падрыхтаваныя загадзя. Так у майго сына атрымалася. Засумняваўся, спытаў у суседа, які працуе кіроўцам. Дык і ён сказаў, што за два дні ледзь уклаўся”.

Яўген пытаецца: “Чаму так доўга? Мяне яшчэ цікавіць, як праходзяць камісію чыноўнікі, бо яны таксама кіроўцы?”

Загадчыца паліклінікі Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Рамэра расказала, ад чаго залежыць хуткасць атрымання медыцынскай даведкі:

–  Неабходна, каб дактары агледзелі чалавека, ён здаў патрэбныя аналізы, прайшоў флюараграфічнае абследаванне. Разумееце, на ўсё гэта трэба час. Таму два дні і выходзіць. Па ўсіх дакументах нам даецца тры дні на выдачу такіх даведак. Некаторыя прыязджаюць – калі маюць на руках вынікі абследавання, аналізаў, то праходзяць усё і за адзін дзень. А калі ў чалавека нічога няма і ўсё трэба прайсці, то за адзін дзень не паспее.

Шмат што залежыць ад таго, куды чалавек уладкоўваецца на працу.

– Калі гэта харчовая прамысловасць, дзіцячы садок ці звязаная са шкоднымі ўмовамі праца, то там дастаткова вялікая камісія, трэба здаць шмат аналізаў. А калі чалавек уладкоўваецца вартаўніком, то, зразумела, меншая.

Што зрабіць кіроўцу, каб атрымаць даведку хутчэй

Патлумачыла Таццяна Рамэра, што кіроўцу трэба ўзяць даведкі ад псіхіятра, нарколага, што ён не знаходзіцца на ўліку, а таксама тэрапеўта.

Калі чалавек быў у тэрапеўта на працягу года, то яму пішацца выпіска аб стане здароўя, дзе ўказваецца яго дыягназ. Але калі чалавек пяць год у паліклініцы не паказваўся, то для атрымання выпіскі яго трэба абследаваць, каб доктар мог вызначыць яго дыягназ і стан здароўя.

– Калі чалавек не быў доўга ў тэрапеўта, то яму спатрэбіцца некалькі дзён на абследаванне, – кажа Таццяна Рамэра. – У нас камісія для кіроўцаў праходзіць у аўторак і чацвер. Калі ў чалавека ўсе даведкі на руках, то ён можа прайсці яе за пару гадзін.

Па другім пытанні чытача наконт чыноўнікаў загадчыца паліклінікі адказала так:

– Камісію праходзяць усе, бо ў старшыні камісіі павінны быць ўсе даведкі. Дзяржаўтаінспекцыя правярае ў нас іх наяўнасць.

На заканчэнне Таццяна Рамэра дала такую параду:

– Для таго, каб камісію для атрымання даведак прайсці максімальна  хутка, трэба праходзіць дыспансерызацыю і паказвацца свайму тэрапеўту хаця б раз на год.

На выхадных будзе цёпла, у некаторых раёнах да +10

На сайце “Рэгіянальнай газеты” з’явілася рубрыка “Усё для нашых дзетак”

“Мяне гнала па лёдзе цэлы кіламетр”. Маладзечанскі рыбак просіць дапамагчы знайсці палатку