Параўнаем два гарады: польскі Яроцін і беларускую Вілейку. Па колькасці насельніцтва яны амаль не адрозніваюцца.

Падобныя яшчэ і тым, што знаходзяцца непадалёку ад вялікіх гарадоў – адпаведна Познані і Мінска. І праблемы, як аказалася, падобныя.

Падабенствы і разыходжанні

Таксама як і ў Вілейцы, у Яроціне шмат прыватных дамоў. Цікава, што на шматпавярховых будынках робяць вялізныя графічныя малюнкі – муралы. Ёсць рэалістычныя малюнкі, ёсць абстрактныя. 

Адзін з муралаў.

Адзін з муралаў.

У Яроціне нашмат больш, чым у Вілейцы, захавалася  старых пабудоў. У іх месцяцца гарадскія ўлады, пошта, гімназія… А  музычная школа ўвогуле ў колішнім палацы знаходзіцца з адпаведнай абстаноўкай ўсярэдзіне. Некаторыя з гэтых будынкаў рэстаўравалі з дапамогай грошай з Еўрасаюза.

На вуліцах Яроціна шмат рэкламы. І толькі абгародзяць які будынак плотам для рамонту, як ужо на тым плоце рэкламу павесяць.

Рэклама - паўсюдна.

Рэклама – паўсюдна.

Вядома, у цэнтры горада шмат крамак. І кавярняў хапае. Паабедаць у іх “стравай дня” – першае і другое – будзе каштаваць каля 75 тысяч на нашы грошы. Як і ў Вілейцы, тут на вуліцах сустракаеш разнастайныя стаянкі для ровараў.

 У Вілейцы летась адгрымелі абласныя “Дажынкі”. І ў Яроціне свята ўраджаю ў канцы лета праводзяць.

Прадаюць і воданапорную вежу

Прадаюць і воданапорную вежу

“Горад маркетаў”

Калі яшчэ існаваў СССР і сацыялістычны блок, то па прамысловасці Яроцін быў падобны на Вілейку. Тут былі дзве вялікія мэблевыя фабрыкі, станкабудаўнічы завод. Але яны даўно зачыненыя. Цяпер у горадзе ёсць прыватныя прадпрыемствы, але ўжо не такія вялікія. “Мы сталі горадам маркетаў”, – пачуў ад гараджан. Сапраўды: тут і польская, і нямецкая, і французская сеткі супермаркетаў прадстаўленыя. І яшчэ  будуюцца. Кажуць гараджане, што ў каго час ёсць, то на зніжках можа добра зэканоміць. Але наракаюць, што заробкі ў маркетах невялікія.

Фестываль року як брэнд горада

Яроцін у Польшчы ведаюць па рок-фестывалю. Ён быў асяродкам вольнасці яшчэ ў часы Польскай Народнай рэспублікі. Праводзяць яго і цяпер.

У горадзе ёсць музей польскага року – вельмі  інтэрактыўны. На першым паверсе – кавярня, дзе канцэрты ладзяць.

У музеі польскага року.

У музеі польскага року.

У Яроціне берцам і скульптуры ставяць, і ў музеі выстаўляюць.

У Яроціне берцам і скульптуры ставяць, і ў музеі выстаўляюць.

Можа, і Вілейка калі будзе атаясамлівацца з фестывалем. Летась тут правялі рыцарскі фэст, а сёлета збіраюцца правесці фестываль моладзевых субкультур.

“У нас кожны горад марыў мець свой аквапарк”, – кажуць гараджане. Мара споўнілася. У Яроціне пры гасцініцы ёсць аквапарк з басейнам і саўнай. Па памерах аквапарк прыкладна як маладзечанскі, толькі горкі высокія, выходзяць на вуліцу. У аквапарку нямала пенсіянераў – зніжкі ім тут значныя, абанемент на месяц нядорага абыходзіцца.

Жыхары арганізавалі рэферэндум

У той час, калі быў у Яроціне, тут рыхтаваўся рэферэндум за адстаўку бурмістра і гарадскога савета. Купка жыхароў вырашыла не чакаць новых выбараў і сабрала неабходную колькасць подпісаў.

Сярод іншага закідвалі бурмістру, што ў горадзе вялікае беспрацоўе, не знайсці добрай працы, мала інвестараў. І многія жыхары ездзяць на працу ў Познань. “Маем маркеты, а працы няма. Хацелася б, каб жыхары ў Яроцін прыязджалі не толькі начаваць”, – казаў адзін з ініцыятараў рэферэндуму.

Хаця прадстаўнік гарадскіх уладаў казаў, што на якую цяжкую працу моладзь не хоча вучыцца, і на новае мясаперапрацоўчае прадпрыемства набіралі ўкраінцаў.

Рэферэндум у Яроціне праводзіўся не ў першы раз: раней галасавалі, ці трэба адкрыць на рынкавую плошчу доступ на аўтамабілях.

Як жывецца пенсіянерам

Пенсіянерка Уршула адгукаецца пра свой горад так: “Добры, зялёны, гасцінны”.

Параўнаем бюджэт пенсіянераў у двух гарадах. У пані Уршулы пенсія значна большая за сярэднюю: вялікі стаж, добрая пасада.То для чысціні эксперыменту яна прывяла сярэднюю пенсію ў сваіх сябровак – каля 10 мільёнаў на беларускія рублі. Хаця, ёсць і тыя, хто ў некалькі разоў менш атрымлівае, а хто збіраецца ў Мексіку ляцець на адпачынак.

Жыве пані Уршула ў невялікай двухпакаёўцы, плошчай каля 40 квадратных метраў. Плата за камуналку не залежыць ад сезона, і разбітая на роўную суму ў месяц (калі за ацяпленне акажацца менш, потым пералічаць).Так што, плаціць на нашы грошы ў месяц ёй даводзіцца адзін мільён 750 тысяч за камунальныя паслугі, 650 тысяч за газ і электраэнергію. Так што, ад сярэдняй пенсіі застаецца сем мільёнаў 600 тысяч.

У пенсіянеркі Ірыны з Вілейкі і яе знаёмых пенсія складае каля двух мільёнаў 400 тысяч рублёў. Жыве яна ў трохі меншай двухпакаёўцы, чым Уршула.  За камунальныя паслугі зімой разам з газам і электрычнасцю плаціць каля 400 тысяч. Застаюцца два мільёны. А цэны на прадукты можаце паглядзець у табліцы ніжэй.

Праўда, каб зарабіць пенсію, палякам трэба папрацаваць больш. Да 2012 года пенсійны ўзрост для мужчын быў 65 год, для жанчын – 60.

Потым сталі паступова падымаць усім да 67 год. Але зараз хочуць вярнуцца да ранейшых лічбаў.

Тут месціцца пошта.

Тут месціцца пошта.

Моладзь з’язджае ў буйныя гарады

Жыхары Яроціна ў ліку асноўных праблем горада разам з недахопам працы і нізкімі па польскіх мерках заробкамі называлі такую: моладзь з’язджае адсюль. 

Ураджэнцы Яроціна пасля навучання застаюцца ў бліжэйшай Познані і далейшай Варшаве, хто і ў Англію з Ірландыяй едуць працаваць.

Супрацоўнік мясцовага выдання Караль прыкінуў, што большая частка яго аднакласнікаў не засталася ў родным горадзе. Чаму? Праблематычна знайсці добрую працу. А яшчэ сумнавата тут, мала ёсць чым заняцца моладзі: толькі начны клуб, кінатэатр. Хаця для  заняткаў спортам месцы ёсць: спортпляцоўкі ў школах, спортклубы. А для моладзі лічаць добрым заробкам ў 10 з паловай мільёнаў на нашы грошы “на рукі”.

Перанясёмся ў Беларусь. Віляйчанка Дар’я лічыць, што цяпер самая вялікая праблема для моладзі – гэта праца:

“То яе наогул нідзе няма, то заработная плата настолькі малая, што нічога акрамя розных плацяжоў і танных прадуктаў сабе не дазволіш. Шмат моладзі шукае годны даход у іншых гарадах і нават краінах”.

А Павел палічыў, што з яго 22 аднакласнікаў у Вілейцы засталіся чалавекі чатыры-пяць. Пераважна з’язджаюць у Мінск.  

–  Чаму з’язджаюць? Кажуць: “Няма працы і перспектыў”, – дзеліцца. – Але я аптыміст і лічу, што ў Вілейцы перспектыў больш, чым у якім іншым малым горадзе Беларусі. Ёсць рыцарскі і роварны клубы, моцная краязнаўчая суполка, пляцоўка для стрытворкаўту, можна пагуляць у футбол, скейт-парк хутка будзе. А працу можна знайсці на адлегласці.

Даведка “РГ”. Узровень беспрацоўе ў Яроціне перавышае дзевяць працэнтаў. У Вілейцы па афіцыйных звестках – 1,4 %.

Згодна з абласным статыстычным упраўленнем, на Вілейшчыне налічаная сярэдняя зарплата за лістапад склала пяць мільёнаў 383 тысячы рублёў. У Яроціне называлі сярэднюю зарплату, таксама да выплаты падаткаў, у 11 з паловай мільёнаў. Хаця сайт polskawliczbach.pl  прыводзіць вышэйшы заробак у Яроціне – каля 14 мільёнаў.

Параўнанне цэнаў у Яроціне і Вілейцы

Браліся мінімальныя цэны ў адной з буйных крамаў гарадоў. Цэны ў Яроціне пераведзены ў беларускія рублі, курс і цэны ў Вілейцы прыведзены на канец студзеня

Прадукт, вага

Яроцін

Вілейка

Смятана, 18%, 400 гр

9 450

12 700

Малако, літр

10 000

9 600

Сыр Гаўда, 400 гр

25 000

40 000

Хлеб, 0.5 кг

11 500

5 400

Масла, 200 гр

15 000

13 900

Філе курыцы, кг

37 500

55 500

Фарш свіны, кг

55 000

64 500

Філе пангасіуса, кг

50 000

59 900

Мандарыны, кг

20 000

27 900

Апельсінавы нектар, 2 л.

18 500

24 900

Кава “Чыба фэмілі”, 500 гр

 60 000

99 800

На выхадных будзе цёпла, у некаторых раёнах да +10

На сайце “Рэгіянальнай газеты” з’явілася рубрыка “Усё для нашых дзетак”

“Мяне гнала па лёдзе цэлы кіламетр”. Маладзечанскі рыбак просіць дапамагчы знайсці палатку