На прадпрыемстве “Будаўнік-169” цяпер працуе 86 чалавек, але на працу 25 студзеня выйшлі 27.

На прадпрыемстве “Будаўнік-169” цяпер працуе 86 чалавек, але на працу 25 студзеня выйшлі 27.

А 23 работнікі ў панядзелак засталіся ў інтэрнаце, каб сустрэцца з “Рэгіянальнай газетай”:

– Набалела! – адказваюць людзі. – Распусціце вы гэту кантору. Што гэта за работа, калі на ёй трымаецца адзін інтэрнат.

А дырэктар “Будаўніка-169” Аляксандр Карнейчык скардзіцца на тое, што ў горадзе ім не даюць аб’екты для будаўніцтва.

З прадпрыемства татальна выжываюць людзей

З такімі словамі ў рэдакцыю прыйшоў муляр, работнік “Будаўніка-169” Даніла Нужын. Мужчына, бацька траіх дзяцей, скардзіцца на тое, што не памятае, калі апошні раз атрымоўваў заробак цалкам.

– Кінуць 200-500 тысяч адчэпных, а потым здзіўляюцца, чаму мы не плацім за камунальныя паслугі, за інтэрнат. Адказваю так: “Няма заробку, няма аплаты”. А цяпер кіраўніцтва абавязала яшчэ рамонт у інтэрнаце за свой кошт рабіць.

Пражыванне ў блоку інтэрната на сям’ю абыходзіцца ў 480 тысяч рублёў у месяц.

Многія рабочыя пад­працоўваюць па дагаворы падраду, шукаюць нешта на баку.

– Людзі трымаюцца толькі за інтэрнат. Пры спробе пагутарыць з кіраўніцтвам, чуем толькі адно: “Не падабаецца, ніхто вас не трымае. Вызваляйце інтэрнат.”

Пры гэтым, прызнаецца Даніла, праца ў іх ёсць. Перад Новым годам усе супрацоўнікі “Будаўніка-169” працавалі на будаўніцтве жылога дома ў Мінску. Аднак за гэту работу не атрымалі нічога.

– Мы спраўна атрымоўваем толькі разліковыя лісты.

Данілу падтрымалі і іншыя работнікі. Людзі скардзяцца на тое, што не атрымалі заробак за снежань, што многім адпускныя так і не выплацілі. На прадпрыемстве нармальная сітуацыя, калі чалавек выходзіць з адпачынку, а яго заварочваюць дадому ў адпачынак за свой кошт.

На пытанне, ці спрабуе хто ўладкавацца на іншую работу, людзі абураюцца:

– А як гэта зрабіць? Многія фірмы не хочуць браць без працоўнай кніжкі. А звольніцца адсюль – значыць, згубіць інтэрнат. А ва ўнівермагу палаткі не прадаюцца, – дзе тады жыць?

Інтэрнат па вуліцы Францішка Скарыны – для работнікаў “Будаўніка-169” сапраўдны боль.

Многія не могуць выплаціць запазычанасць за пражыванне, таму што няма чым плаціць.

– Я дзесяць гадоў адпрацаваў у “Камунальніку”, каб атрымаць блок у інэрнаце, – кажа адзін з работнікаў, – а цяпер мне пагражаюць высяленнем. А як мне разлічыцца з даўгамі, бутэлькі пайсці збіраць?

Выйсце з сітуацыі работнікі бачаць толькі ў тым, каб іх інтэрнат перадалі “Камунальніку”, як і многія іншыя інтэрнаты прадпрыемстваў у горадзе.

Дырэктар “Будаўніка-169”: хочуць працаваць у іншых месцах – калі ласка

Кіраўніцтва “Будаўнік-169” змянілася ў верасні 2015 года. Цяпер прадпрыемства ўзначальвае Аляксандр Карнейчык.

– Калі я прыйшоў сюды, у работнікаў была запазычанасць па заробках ад мая. На сённяшні ж дзень мы не разлічыліся толькі за снежань.

Сітуацыю з тым, што за лістапад работнікі атрымалі толькі частку зар­платы, Аляксандр Карнейчык патлумачыў, што гэта было толькі адзін раз. На рахунак паступіла 30 мільёнаў рублёў:

– Нашто нам было трымаць гэтыя грошы і чакаць пералічэння астатніх? Мы вырашылі даць людзям хаця б драбязу. Усе ж лепш, чым нічога.

Аляксандр Леанідавіч разумее, што становішча на прадпрыемстве не простае. Таму і ідзе насустрач людзям, калі яны просяць адпусціць іх працаваць у іншыя арганізацыі. Кіраўніцтва “Будаўніка-169” атрымоўвае хадайніцтва ад той установы, што прымае на работу спецыяліста і па законе адпускае свайго работніка.

– Я толькі не разумею, чаму нам ўлады не даюць будаваць аб’екты ў Мала­дзечне.

“Будаўнік-169” уваходзіць у асацыяцыю “Маладзечнабуд”. У склад гэтай асацыяцыі акрамя “Будаўніка-169” уваходзяць яшчэ чатыры прадпрыемствы: “Будаўнік-197”, “Спецбудмеханізацыя”, “Мала­дзечнажалезабетон” і “Аддзелачнік-198”.

У тэндары на будаўніцтва жылых дамоў ­удзельнічала “Спецбудмеханізацыя”, таму што ў іх колькасць работнікаў дазваляла гэта рабіць. Па ўмовах тэндару, у ім маглі прымаць ­удзел арганізацыі, у якіх больш за 200 рабочых. А “Будаўнік-169” павінны быў быць у якасці субпадрадчыка. Аднак дазволу на ўдзел у тэндары яны не атрымалі.

Каментуе дырэктар “Спецбудмеханізацыі” Канстанцін Манюк:

– Няправільна гаварыць, што ўлады не даюць будаваць дамы. Іншая справа, што ўмовы тэндараў выстаўленыя такім чынам, што выйграваць іх у Маладзечне могуць толькі два прадпрыемствы: “Забудова-буд” і “ПМК-212”. У заканадаўстве ёсць пункт “і іншае”. І пад гэта “іншае” кожны заказчык прапісвае свае ўмовы, якія мы выканаць не можам. Рабочыя не вінаватыя, што мы трапілі ў абцугі.

У пачатку 2015 года ў “Будаўніку-169” працавала каля 200 чалавек, сёння іх засталося 86.

А між тым, праца ёсць. “Будаўнік-169” будуе жылы комплекс “Маяк Мінска”, у Вілейскім раёне будуюць завод фарбаў. Выйгралі тэндар на будаўніцтва ЗАГСа ў Ваўкавыску. Яно павінна пачацца ў сакавіку.

 “Будаўнік-169” аказвае паслугі прыватным асобам. У арганізацыі можна замовіць муляра, тынкоўшчыка, аддзелачніка, каб зрабілі рамонт у доме ці кватэры.

Прадпрыемству “Будаўнік-169” розныя арганізацыі вінаватыя паўтара мільярда рублёў.

– Не разлічыліся мінчане, вінаватыя нам грошы Асіповічы. Мы там будавалі аб’ект, аднак грошы за гэта не атрымалі.  Вілейка за будаўніцтва малочнатаварнай фермы ў Сцешыцах павінна нам 700 мільёнаў рублёў.

У самога ж “Будаўніка-169” запазычанасць перад іншымі – мільярд 100 мільёнаў рублёў.

– Мы не адмаўляемся ад таго, што сітуацыя няпростая. Але варта было б запытацца ў некаторых работнікаў, чаму яны не хочуць ездзіць у камандзіроўку далей Мінскай вобласці. А скардзіцца ўмеюць усе, – падсумаваў Аляксандр Карнейчык.

Рабочыя “Будаўніка” на словы кіраўніцтва адказваюць так:

– А як без грошай ехаць у камандзіроўку? Там траву есці? Камандзіровачныя ж не плацяць.

Вадзім Цар: тэндары праводзяцца  на агульных умовах

Намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Вадзім Цар на пытанне аб тым, чаму “Будаўніку-169” не даюць выйграваць тэндар, быў катэгарычны:

– Што значыць не даём будаваць? У тэндарах усе ўдзельнічаюць на агульных умовах, якія прапісаныя ў тэндары. Рашэнне прымае камісія. На трох дамах, якія цяпер будуюцца па вуліцы Снежнай, працуюць маладзечанскія арганізацыі: “Забудова-буд” і “ПМК-212”, якія выйгралі тэндар.

На планёрцы ў райвыканкаме старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец сказаў:

– Будаўнічых арганізацый у Маладзечне многа, і, вядома, працы хапае не ўсім. Тэндары выйграваюць правераныя арганізацыі, якія не дапусцяць здачы аб’ектаў не ў тэрмін.

А што рабіць з астатнімі будаўнічымі фірмамі – аб’ядноўваць іх ці ліквідоўваць, Аляксандр Яхнавец папрасіў сваіх намеснікаў падрыхтаваць яму прапановы.

Алег Елісеенкаў: “Маладзечанцы – упрыгожанне зямлі беларускай”. Горад афіцыйна стаў культурнай сталіцай Беларусі – 2016

Ад 10 сакавіка ў аўтобусах Маладзечна перастануць дзейнічаць талоны з кіёскаў і ад кіроўцаў

Збярыце анлайн-пазл з выявай чыгуначнага вакзала ў Маладзечне