13 лютага ў 16.00 у прыватнай гасцёўні па вуліцы Чыстай адбудзецца лекцыя філосафа і паэта Міхаіла Баярына “Запавет ліючайся формы”, прысвечаная спадчыне Ігната Абдзіраловіча. 

Ладзіць сустрэчу Лятучы ўніверсітэт пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і курсаў беларускай мовы “Мова Нанова”.

“Часткай культуры з’яўляюцца запаветы – узоры будучыні. Айцы-пачынальнікі беларускага праекту ўяўлялі сабе розныя вобразы Беларусі. І калі накласці іх як трафарэты на сучаснасць, можна ўбачыць, што яны збольшага завершаныя, мэты дасягнутыя.

Гэта значыць, што беларускі час завяршаецца і патрабуе ўзнаўлення. Калі ж скончыцца эмоцыя самасці, з якой паўставаў беларускі праект, нас чакае нармалізацыя, еўрапейскі стандарт. І няма, мабыць, большага здзеку з еўрапейскай першаснасці і самасці, чым гэтая самакаланізацыя.

Нам належыць узнавіць беларускі час. Перастварыць мову, пераўявіць краіну. І тады мы ўзгадваем пра яшчэ адзін узор Беларусі, які здаваўся раней нямысным і немагчымым. Запавет ліючайся формы Ігната Абдзіраловіча – гэта ідэя, вартая быць марай нашага тысячагоддзя”.

Уваход вольны. 

За анонсамі наступных падзей сачыце на сайце Лятучага ўніверсітэта.