Колькі змен адбылося ў гарадскім парку Вілейкі за год.

Пры падтрымцы дабрачыннага фонду імя Прападобнай Ефрасінні Полацкай, заснавальнікам якога з’яўляецца ўраджэнец Вілейкі Валеры Шумскі, тут з’явіліся некалькі пляцовак: дзіцячая, для воркаўту і заняткаў на трэнажорах. Да абласных “Дажынак” зрабілі аглядную пляцоўку са спускам да Віліі. Перакрылі праезд часткі вуліцы Савецкай, якая праходзіць праз парк, каб зрабіць небяспечным знаходжанне тут дзяцей. Выдзелілі добраўпарадкаваную пляцоўку для паркоўкі аўтамабіляў. Усё гэта робіцца, згодна з канцэпцыяй развіцця парку аўтарства архітэктара Людмілы Луцэвіч.

На гэтым развіццё парку не скончыцца. “РГ” пісала, што да сёлетняга фестывалю моладзевых субкультур збіраюцца пабудаваць скейт-парк на месцы былой танцпляцоўкі.

Так можа выглядаць скейт-парк у Вілейцы. Выява забяспечаная стваральнікамі эскізнага праекта.

Так можа выглядаць скейт-парк у Вілейцы. Выява забяспечаная стваральнікамі эскізнага праекта.

Ружоўнік з зонай для адпачынку

Яшчэ ў парку з дапамогай фундатара можа з’явіцца скульптура Маці. Калі ўсё атрымаецца, то размесціцца яна адразу за царквой на добраўпарадкаванай і  аздобленай кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі паркавай тэрыторыі.

– Лепшага месца не знойдзем. Гэта будзе скульптура, упісаная ў асяроддзе, – кажа начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Галіна Кажарновіч.

Калі гэтыя планы ўвасобяцца, то давядзецца перанесці адзін дзіцячы атракцыён бліжэй да іншых. Зробяць так, каб стварыць зону дзіцячую, больш шумную і размешчаную далей ад царквы,  і зону ціхую, утульную – каля царквы.

Па суседству з царквой можа з’явіцца зона для адпачынку. Тут  плануецца зрабіць ружоўнік, дзе будуць вырошчваць розныя гатункі ружаў.

 –  Гэтыя мерапрыемствы наменчаныя для таго, каб парк стаў больш утульны, каб з’явіліся лепшыя ўмовы для адпачынку, было дзе спакойна кніжку пачытаць, проста пасядзець, падумаць пра вечнае. Трэба, каб  у парку акрамя спартыўных, дзіцячых, мемарыяльнай зон, была і рамантычная, – дзеліцца Галіна Кажарновіч.

Выява забяспечаная стваральнікамі эскізнага праекта.

Выява забяспечаная стваральнікамі эскізнага праекта.

Цяпер над  эскізным праектам гэтай зоны працуе творчая моладзь: малады спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама і нават студэнты – будучыя архітэктары . Чакаецца прыезд скульптара, каб сумесна папрацаваць, вырашыць  пытанні, якія абавязкова трэба абмяркоўваць з архітэктарамі.

Новыя дарожкі і паляны

Яшчэ ў парку збіраюцца пракласці дарожкі, якія злучаць  функцыянальныя зоны між сабой. Згодна з праектам канцэпцыі, у парку павінны быць таксама паляны, адкрытыя для промняў сонца. Таму працу па спілоўцы дрэў плануюць працягнуць. 

– У нейкі час дрэвы высаджваліся без рэкамендацый спецыялістаў, таму   маладыя дрэвы не могуць выжыць, а старыя хварэюць. Газоны,  не бачачы сонца ў парку, зусім няякасныя  – тлумачыць Галіна Кажарновіч. – Летась запрошаныя спецыялісты зрабілі таксацыю  дрэў,  дзякуючы чаму цяпер ведаем літаральна кожнае дрэва, якое павінна застацца, а якое трэба спілаваць.

Таксама ў парку з’явяцца новыя лавы, шмат дэкаратыўных кустоў.

Пакуль гэта ўсё – толькі планы, падкрэслівае Галіна Кажарновіч. Усе будзе рабіцца зыходзячы з фінансавання.

Выява забяспечаная стваральнікамі эскізнага праекта.

Выява забяспечаная стваральнікамі эскізнага праекта.

Да фестывалю моладзевых субкультур у Вілейцы з’явіцца скейт-парк са сцэнай. Як ён можа выглядаць (Выявы)

Тэст для бацькоў: якім вы выхаваеце сваё дзіця?

У свежым нумары “РГ”: маладзечанцы будуць купацца ў мастацтве

Выклікаць у суд цяпер могуць па СМС і электроннай пошце