Яны будуць у новым раёне індывідуальнай жылой забудовы “Паўночны-4”.

– Праект яго распрацаваны і  рэалізаваны. Каб пачаць будаўніцтва, трэба грамадзянам выдзеліць участкі з адпаведным адрасам, – тлумачыць начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Галіна Кажарновіч. – Узнікла ідэя, каб назваць вуліцы імёнамі нашых землякоў. 

Плануецца, што ў “Паўночным-4” будзе чатыры вуліцы. Райвыканкам прапануе віляйчанам разгледзець восем варыянтаў назваў. Імёнамі, якія набяруць больш галасоў, і назавуць новыя вуліцы.

Прагаласаваць можна да 25 лютага. Паведаміць свой выбар можна па нумарах (801771) 5-42-62 (аддзел архітэктуры і будаўніцтва), (801771) 5-57-47  (раённы Савет дэпутатаў). Таксама можаце патэлефанаваць у “Рэгіянальную газету” – (80176) 76-96-67.

Ці напісаць на адрас: аддзел архітэктуры і будаўніцтва, Вілейскі райвыканкам, вуліца Партызанская, 40, 222410, Вілейка.

Пакінуць свой голас можна ў галасаванні на сайце “Рэгіянальнай газеты”.

Якія варыянты прапануюць

Іван Кандрацьеў. Фота wikipedia.org.

Іван Кандрацьеў. Фота wikipedia.org.

1. Іван Кандрацьеў (1849-1904) –  паэт, песеннік, пісьменнік, гісторык, масквазнаўца, перакладчык. Аўтар песні “Па дзікіх стэпах Забайкалля”. Нарадзіўся Кандрацьеў ў сям’і ваеннага вёскі Каловічы Вілейскага павета Віленскай губерні.

Кандрацьеў з’яўляецца аўтарам рамана ( “Салтычыха”), аповесцяў, драматычных карцін у вершах (“Смерць Атылы”, “Пушкін у цыганоў”, “Пір Сцяпана Разіна”), гістарычных нарысаў (“Сівая даўніна Масквы”), вершаў, перакладаў.

Уладзіслаў Страмінскі. Фота wikipedia.org.

Уладзіслаў Страмінскі. Фота wikipedia.org.

2. Уладзіслаў Страмінскі (1893-1952) – герой Першай сусветнай вайны, беларускі і польскі мастак, прадстаўнік авангарднага мастацтва, вучань і паплечнік Казіміра Малевіча, заснавальнік напрамку ў сучасным мастацтве –  унізму. Доўгі час жыў і працаваў у Вілейцы. Тут з’яўляецца самы знакаміты і першы з ваенных цыклаў малюнкаў мастака пад назвай “Заходняя Беларусь”.

Менавіта ў Вілейцы Страмінскі сфармуляваў прынцыпы “ўнізму” –  канструктывісцкай канцэпцыі, якая сцвярджала адзінства колеру, лініі і рытму ў жывапісе.

Ганна Новік. Фота з архіва Мікалая Судніковіча.

Ганна Новік. Фота з архіва Мікалая Судніковіча.

3. Ганна Новік (1914-1997) –  беларуская паэтка, удзельніца нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі на Вілейшчыне, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, грамадскі дзеяч, член Саюза пісьменнікаў. Карэнная віляйчанка, хоць і нарадзілася, і некалькі месяцаў пражыла ў Аўгустове, цяпер Польшча, дзе яе бацькі працавалі. Нарадзілася ў сям’і выхадцаў з Вілейшчыны: бацька паходзіў з вёскі Варонічы, маці – з  Іжы.

Пачала друкавацца ад 1937 года. Амаль усё жыццё пражыла ў Варонічах, а яе творчасць прасякнутая любоўю да роднай Вілейшчыны.

Максім Танк. Фота belarusianheroes.com.

Максім Танк. Фота belarusianheroes.com.

4. Максім Танк, сапраўднае імя Яўген Іванавіч Скурко (1912-1995) –  беларускі савецкі паэт, перакладчык, дзяржаўны дзеяч. Народны паэт Беларускай ССР.

Нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына (цяпер Мядзельскі раён) у сялянскай сям’і. Жыццё і творчасць Максіма Танка цесна звязаныя з Вілейшчынай.

Ад 1926 да 1928 года ён вучыўся ў Вілейскай рускай гімназіі. З восені 1939  года Максім Танк працаваў у сектары нацыянальных школ Вілейскага абласнога аддзела народнай адукацыі. Адначасна з’яўляўся літработнікам у абласной газеце “Вілейская праўда”.

Аляксандр Азончык. Фота warheroes.ru.

Аляксандр Азончык. Фота warheroes.ru.

5. Аляксандр Азончык (1908-1995). Герой Савецкага Саюза, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, камандзір партызанскага атрада “Патрыёт” брыгады імя Будзённага Беларускага штаба партызанскага руху. Усяго атрад “Патрыёт” здзейсніў 439 баявыя аперацыі.

Міхаіл Казінец. Фота naviny.by.

Міхаіл Казінец. Фота naviny.by.

6. Міхаіл Казінец. Нарадзіўся 18 мая 1938 года ў вёсцы Цынцавічы Вілейскага раёна.

Пасля заканчэння сямігодкі ў роднай вёсцы пайшоў вучыцца ў Вілейскую сярэднюю школу. Адначасова вучыўся ў мясцовым філіяле Маладзечанскай музычнай школы, якую скончыў за тры гады па класе баяна.

У 1975 годзе Міхаіл  Казінец стаў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам аркестра (цяпер Нацыянальны дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча). На працягу 20 гадоў ён быў рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Дзейнасць Міхаіла  Казінца  адзначаная ганаровым званнем –  народны артыст Беларусі, ён – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі “За духоўнае адраджэнне”, узнагароджаны медалём і ордэнам Францішка Скарыны.

Анатоль Рогач. Фота Аляксандра Манцэвіча

Анатоль Рогач. Фота Аляксандра Манцэвіча

7. Анатоль Рогач (1947- 2010) – беларускі краязнаўца, даследчык гісторыі Вілейшчыны і Беларускага Павілля, інжынер-энергетык, дэпутат Вілейскага раённага Савета, майстар спорту па шашках. Нарадзіўся ў вёсцы Каралеўцы Вілейскага раёна. Узначальваў РЭС ад 1988 года. Анатоль Рогач спалучаў вытворчую і дэпутацкую дзейнасць з краязнаўчай. Ён – адзін з самых аўтарытэтных даследчыкаў жыцця і творчасці нашых землякоў Адама Гурыновіча, Ігната Ходзькі, Эдварда Жалігоўскага.

Анатоль Рогач першым на Вілейшчыне і адным з першых у Беларусі  звярнуў увагу на біяграфію аўтара першай украінскай канстытуцыі, гетмана Украіны, ураджэнца вёскі Касута Піліпа Орліка. Дзякуючы яму ўстаноўленыя дзясяткі памятных знакаў выдатным асобам і падзеям на Вілейшчыне.

Іван Лашутка. Фота з архіву 'РГ'.

Іван Лашутка. Фота з архіву ‘РГ’.

8. Іван Лашутка (1933-2004) – педагог, паэт, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нарадзіўся ў вёсцы Баяры Вілейскага раёна ў 1933 годзе.

Педагагічную працу спалучаў з літаратурнай творчасцю. Івану Лашутку належаць зборнікі вершаў “Свята дваіх” (1992 г.), “Край верасоў” (2000 г.), “Святло слова” (2003 г.). З 1996 года –  член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У 1993 годзе ўдастоены Спецыяльнага прыза Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама Спецыяльнага прыза ў галіне паэзіі. Песня на верш І. Лашуткі “Край мой верасовы” стала гімнам Вілейшчыны.

Прагаласаваць можна ніжэй

Кінаманаў парадуе фільм беларускага кінематографа – “ГараШ”. Дзе адпачыць на выхадных

Пагуляйце ў Дзень закаханых у Маладзечне ў настольныя гульні