Кожны год, кожны пачатак сезона адно і тое ж пытанне: “Ці будзе футбол у Мала­дзечне?”.

Я ў “РГ” ужо тры гады. І трэцяя вясна пачынаецца з адных і тых жа пытанняў: хто будзе прадстаўляць горад у другой лізе? Хто будзе гэта фінансаваць?

У гэтым сезоне ў маладзечанскай каманды з’явілася магчымасць ліцэнзавання ў першую лігу.

Заўзятары пачалі збіраць подпісы за тое, каб каманду заявіць у ёй. Петыцыя з’явілася ў сеціве ў мінулы аўторак, 2 лютага.

Маладзечанскі заўзятар Дзмітры Рухлевіч звяртаецца да старшыні Маладзечанскага райвыканкама Аляксандра Яхнаўца, да старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры, да старшыні беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса. У ліку іншага  (дазволіць піва на стадыёне і заявіць каманду “Забудова”) Дзмітры прапаноўвае сродкі, якія горад атрымае ад мінскай каманды “Іслач”, накіраваць на развіццё мала­дзечанскай каманды.

У панядзелак пад петыцыяй падпісаліся 406 чалавек.

Аднак даводзілася чуць і такія меркаванні ад заўзятараў, што калі заяўляць каманду ў першую лігу, то трэба, каб гэта была прафесійная каманда. А аматары хай і застаюцца ў другой лізе.

Задавала “РГ” пытанні і ўладзе, і трэнерам, і футбалістам. Усе разводзяць рукамі. Ніхто ні разу не сказаў: “Так. Будзе цяжка, але мы паспрабуем”.

Трэнер, паважаны Аляксандр Гармаза, увогуле з перыядычнасцю раз на месяц адмаўляецца трэніраваць каманду. Памятаю яго словы пра тое, што ён стаміўся так працаваць, калі нікому футбол у гэтым горадзе непатрэбны.

Я не разумею, чаму дарослыя мужчыны не могуць разабрацца ў элементарных рэчах.

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму адказ адзін – грошай няма і не будзе.

На мінулым тыдні намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Мікалай Шрымф даў інтэрв’ю газеце “Прессбол”. І пасля гэтага інтэрв’ю, у прынцыпе, пытанняў да ўладаў не засталося. Маленькая цытата Мікалая Уладзіміравіча: “Мне не толькі футболам займацца трэба – у нас развіваецца 21 алімпійскі від: у боксе поспехі ёсць, у барацьбе, дзюдо, плаванні, лёгкай атлетыцы… Але ніколі ад яго не адварочваўся. Мая задача ў футболе крыху іншая: заўсёды дапамагаць людзям, якія ведалі б, што рабіць – і ўзяліся за гэта”.

А за што брацца? Нагадаю, што год таму горад у другой лізе прадстаўляла каманда “Мала­дзечна-2013” з трэнерам Дзянісам Мятліцкім.

Колькі тады было абурэнняў, што каманда часовая? Што гуляць не ўмеюць? Што гульцы чужыя? (Чужыя? Цімафей Ігруша, якога адкрыў Мятліцкі, нам чужы?)

А між тым тое кіраўніцтва клуба не сядзела на адным месцы. Магчыма, не вельмі ўдалыя, але былі спробы дамовіцца і са спонсарамі, і з уладамі.

Колькі разоў тады дырэктар клуба Аляксандр Любанец хадзіў і абіваў парогі ў чыноўнікаў?

Але каманда займала апошнія радкі турнірнай табліцы. На “круглых сталах”, што ладзіла тады газета, і Мятліцкі, і Любанец былі гатовыя абмяркоўваць супрацоў­ніцтва з ДЮСШ-4 і трэнерамі.

Памятаю, як тэлефанавала я Аляксандру Гармазе з прапановай прыйсці ў рэдакцыю і як ён мне адказаў, што пакуль там Мятліцкі, яго нагі там не будзе.

Ну, адкуль гэтая няздольнасць разумных, дарослых людзей прызнацца сабе ў тым, што калі б яны прыйшлі да ўзаемапаразумення, каманда толькі выйграла б. Гармаза – таленавіты трэнер, Любанец – таленавіты адміністратар.

Мы можам да адурэння спрачацца на форумах і вінаваціць у сітуацыі і трэнераў, і гульцоў, і журналістаў, і ўлады.

А па факце застаецца адно – змірыцца з тым, што заўзець сёлета бу­дзем за “Іслач”. І марыць пра тое, што ў Маладзечне які-небудзь заўзятар адшукае скарб ці нафтавую свідравіну або залежы алмазаў. Тады, можа, у каманды з’явяцца грошы?