Супрацоўнікі залы літаратуры на замежных мовах зладзілі сустрэчу з французскай пісьменніцай у межах міжнароднага кніжнага кірмашу ў Мінску.
На мерапрыемства прыйшлі маладзечанскія франкафоны: настаўнікі французскай мовы, старшакласнікі гімназіі №3, школ №№4 і 11.
Ірэн Фрэн распавяла, як яна стала пісьменніцай. Жанчына нарадзілася на поўначы Францыі ў Брытані, якая была разбураная ў пасляваенны час.
У сям’і было пяцёра дзяцей. Ірэн адчувала сябе нелюбімым дзіцем, яна лічыла, што бацькі, асабліва мама, больш любілі малодшых.
У час дзяцінства часта бавіла час на гарышчы і гуляла з гузікамі, прыдумляючы розныя гісторыі. Мама была швачкай, шыла для многіх багатых дам, якія дарылі шыкоўныя гузікі, таму ў Ірэн заўсёды былі героі прыдуманых гісторый.
Дзяўчынка шмат чытала, кліенты мамы прыносілі добрыя кнігі. Пасля бацькі падарылі ёй чытацкі білет у бібліятэку, дзе яна штодзень брала новыя і новыя кнігі.
Фота забяспечана Таццянай Летуновай.
Ірэн стала ў школе найлепшай па мове і сачыненнях. Гэта радавала дзяўчынку – хоць недзе яе хвалілі. Пазней атрымала адукацыю, стала настаўніцай, вучылася далей.
Цяпер яна адна з самых папулярных пісьменніц Францыі.
У Ірэн Фрэн жывая і вельмі правільная мова, таму яе было лёгка слухаць і разумець. У канцы сустрэчы госці задавалі пытанні.
Пісьменніца падарыла бібліятэцы тры кнігі на французскай мове.
Даведка “РГ”. Ірэн Фрэн – французская пісьменніца. Нарадзілася 22 мая 1950 года. У 1969 выйшла замуж і нарадзіла дачку. У яе творах вылучаюцца тэмы, звязаныя са статусам жанчыны і захапленнем Усходам. Чатыры яе раманы перакладзеныя на рускую мову: “Набоб”, “Стыль мадэрн”, “Жаданні”, “Клеапатра”.
Конкурс ад “РГ” для настаўнікаў: дашліце план урока і выйграйце электронную кнігу