Прапаную паважанай “РГ” засведчыць, што прафесар Адам Мальдзіс, упершыню пабыўшы ў Ільі 7 верасня 2015 года, зрабіў чарговае літаратурнае адкрыццё. Ён сказаў: “Ілья – цэнтр літаратурнага жыцця”.

У Ілью перад Адамам Мальдзісам прыязджала шмат і вучоных, і пісьменнікаў, якія сустракаліся тут з жыхарамі, з вучнямі школы і настаўнікамі, з навучэнцамі сельгастэхнікума і выкладчыкамі.

У Ілью прыязджалі Піліп Пястрак, Янка Брыль, Леанід Левановіч, Анатоль Зэкаў, Мікола Шабовіч, Уладзімір Папковіч, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Міхась Казлоўскі, Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Вялюгін, Генадзь Пашкоў, Віктар Дайліда ды іншыя. Кожны з іх выказаў тут шмат цікавых думак. Яны дзяліліся ўражаннямі, чыталі свае творы, адказвалі на пытанні. Але ніхто з іх не сказаў, што Ілья ўяўляецца ім цэнтрам літаратурнага жыцця.

Адам Восіпавіч зрабіў свой вывад адразу, калі паслухаў выступленні школьных экскурсаводаў у краязнаўчым музеі “Ільянскія далягляды” і ў музеі “Вілейшчына літаратурная”, і калі пагутарыў з кіраўнікамі музеяў і  настаўнікамі, і выступіў у актавай зале.

Несумненна, вучонага ўразілі музеі, гэта ён адзначыў у час гутаркі і ў запісе, які пакінуў у кнізе водгукаў. Пры гэтым успомніў Міхала Клеафаса Агінскага, і невыпадкова, бо некалі вёска Ілья была яго ўласнасцю, а Міхал быў не толькі кампазітарам, а і таленавітым літаратарам.

Зорная Ілья

У Ільі жыў і пісаў свае кніжкі Іліер Менашэ, яўрэйскі равін і вучоны-асветнік. Тут у школе працавала настаўніцай Эмілія Кунавіч – польская пісьменніца, з якой Мальдзіс быў знаймы асабіста.

У Ільі ў ешыбоце вучыўся будучы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля. А на хутары Вінцентова, паблізу Ільі, пісаў вершы і друкаваў іх у “Нашай Ніве” Альфонс Петрашкевіч, які быў знаёмы з Бядуляй.

Алесь Салавей, таленавіты беларускі паэт, напісаў у Ільі некалькі цудоўнейшых вершаў, калі знаходзіўся тут пару месяцаў у 1942 годзе.

У Ільі нарадзіўся Святаслаў Коўш, святар, дзеяч беларускага замежжа і аўтар літаратурных твораў.

Фота забяспечана ільянскай школай.

Фота забяспечана ільянскай школай.

У Батурына, недалёка ад Ільі, нарадзіўся і жыў Пётра Сыч, пісьменнік, вязень сталінскіх лагераў, удзельнік Другой Сусветнай вайны, герой бітвы пад Монтэ-Касіна, аўтар многіх вершаў і знакамітай аповесці “Смерць і салаўі”, супрацоўнік радыёстанцыі “Свабода”. Знаходзячыся на чужыне, Пётр Мар’янавіч не забываў сваю сям’ю, Батурына і Ілью. У вершы “Рэзыгнацыя” ён успамінае Ілью (“А што я не разбронжуся ў Ільі на рынку…) і зазначае: “Што чужая зямля? – Прыямней мо сваябы…”

У Ільі ў свой час вучыліся ў школе нашы вядомыя паэты: Іван Лашутка, Уладзімір Папковіч, Іван Вараўка. Тут вучыліся Станіслаў Ляшковіч, Уладзімір Ляшкевіч, якія пасьпяхова друкаваліся ў мясцовай перыёдыцы.

Хто сёння стварае ў Ільі

Вядома ж, Адаму Восіпавічу было цікава даведацца і пра тое, хто цяпер у Ільі займаецца літаратурнай творчасцю, і як да гэтай справы далучаюцца вучні школы. Ён быў прыемна здзіўлены: у Ільі шмат хто піша і друкуе свае творы. Напрыклад, Мікола Кутас, які ўжо выдаў два  зборнікі паэзіі і рыхтуе да трэці. Вершы і песні піша Галіна Кутас, а таксама Генрых Кутас, аб чым сведчыць іх сумесна выдадзены зборнік “У храме дзён”.

Настаўніца Ільянскай школы Аксана Ярашонак – таленавітая паэтка. Яе вершы друкуюцца ў мясцовых і рэспубліканскіх газетах і часопісах. Выйшаў з друку і яе зборнік вершаў “Звычайнае шчасце”.  Аксана Мікалаеўна перакладае на беларускую мову вершы сучасных расійскіх паэтаў. Саюз пісьменнікаў Беларусі ў 2015 годзе прыняў яе ў свае рады.

Роза Канстанцінаўна Шэрая загадвае школьным народным музеем “Вілейшчына літаратурная”, піша прозу і вершы. Дзве яе кнігі: “Душа адкрыта для дабра” і “П’ескі для школьнага тэатра” атрымалі вельмі станоўчую ацэнку чытачоў. Зараз Роза Канстанцінаўна рыхтуе да выдання зборнік сваіх вершаў.

Ігар Аляксандравіч Юшко, дырэктар школы, таксама піша вершы, але публікуе іх рэдка. Напісаныя ім краязнаўчыя тэксты яшчэ чакаюць свае пары.

Тамара Аляксандраўна Пунінская з Абадоўцаў – аўтарка многіх лірычных вершаў, якія ўжо друкаваліся. На чарзе – выданне першага зборніка лірыкі.

Міхаіл Мар’янавіч Пастэрнак пачаў рыхтаваць да выдання кнігу вершаў.

Галіна Міхайлаўна Буркевіч працягвае радаваць чытачоў нарысамі з цікавымі сюжэтамі, і іх ахвотна друкуюць мясцовыя газеты.

Фота забяспечана ільянскай школай.

Фота забяспечана ільянскай школай.

Дзве кнігі выдадзены жыхаром Ільі Уладзімірам Кажамякам.

У мясцовых выданнях друкаваліся вершы Кацярыны Варславан, Марыі Варанец (Каспяровіч), Наталлі Варанец, Марыны Найдзіч, Міхаіла Кучко.

Выдалі свае кнігі ўражэнцы Ільі Іван Кудраўцаў і Аляксандр Шыла.

Таленавітыя тэксты пішуць выпускнікі нашай школы Аляксандр Сівы і Наталля Кульгавая, якія сталі журналістамі і працуюць у сталічных выданнях: Сівы ў газеце “Народная воля”, а Кульгавая ў часопісе “Вожык”.

Самы актыўны ўдзел у літаратурным жыцці ў Ільі прымае пісьменнік Леанід Левановіч, які жыве ў вёсцы Пятрылава за Хаценчыцамі недалёка ад Ільі. Ён часта выступае тут са сваімі творамі.

Засведчым і той важны факт, што Алеся Ігараўна Сесорава, настаўніца Ільянскай школы, працуе зараз над перакладам з англійскай мовы на беларускую тэкстаў з кнігі “Ілія”, якая была выдадзена ў Ізраіле яўрэямі, якія жылі да вайны ў Ільі і цудам выжылі ў вайну. Напісаная імі кніга  ўтрымлівае каштоўныя звесткі пра нашу вёску і яе людзей.

Паспяхова выступала ў друку Леаніла Міцько, якая адразу пасля вайны вучылася ў Ільянскай школе, працавала тут піянерважатай і настаўніцай пачатковых класаў у Старынках і Хаценчыцах. Яна і цяпер, нягледзячы на паважны ўзрост, надрукавалася ў штогадавіку “Вілейскі павет”.

А зусім нядаўна нам стала вядома пра літаратурныя захапленні нашага земляка Яна Тукалы, сына асцюковіцкай памешчыцы. У свой час яго творы друкаваліся ў польскіх часопісах.

Яшчэ і Юзаф Талкановіч, які адразу пасля вызвалення Ільі нядоўга працаваў галоўным заатэхнікам Ільянскага раёна, а потым з’ехаў у Польшчу, напісаў там сваю кнігу ўспамінаў на польскай мове “Чалавечы лёс”. Зараз гэта кніга захоўваецца ў школьным музеі. У кнізе ўпамінаецца Ілья і родная вёска аўтара  Мякчылы каля Даўгінава, якая ўжо не існуе.

Вучоныя

Вядома ж, мы ганарымся нашымі вучонымі, якія шмат зрабілі для навукі і як педагогі, і як філолагі. Гэта Адам Грымаць, які напісаў шмат навуковых кніг і падручнікаў, і сваю цудоўную апошнюю манаграфію “Фарміраванне маральных ідэалаў школьнікаў” – выданне, якое ў поўнай меры з’яўляецца і навуковым, і літаратурна-мастацкім.

Святлана Анатольеўна Язерская, якая скончыла Ільянскую школу, Мінскі педінстытут, аспірантуру, напісала мноства артыкулаў у розных выданнях, у тым ліку ў часопісе “Беларуская мова”, з’яўляецца яшчэ і аўтарам падручніка “Беларуская мова” для 7 класа.

Адам Мальдзіс прывёз для музея свае кнігі, расказаў шмат цікавага. застаўся вельмі задаволены ўбачаным і пачутым. І смела назваў Ілью цэнтрам літаратурнага жыцця. І літаратурнае жыццё працягвае развівацца ў нашым мястэчку, дзякуючы тым творчым людзям, якія жывуць і працуюць тут.

Чаго не хапае

Непакоіць, аднак, што нягледзячы на пазітыўныя з’явы, на тое, што Ілья зрабілася цэнтрам літаратурнага жыцця, тут  ўсё яшчэ не ўстаноўлены памятныя знакі ў гонар нашых вядомых ільянскіх пісьменнікаў такіх, як Іліер Менашэ, Змітрок Бядуля, Алесь Салавей, Альфонс Петрашкевіч, Святаслаў Коўш, Адам Грымаць, Іван Лашутка і іншых.

А яшчэ і ў гонар Янкі Купалы, які наведаў шклогуту і напісаў артыкул “З гуты “Залессе”. Трэба ўладам нарэшце вырашыць гэта пытанне. І дапамагчы выдаць кнігу “Вілейшчына літаратурная”, якую падрыхтавала Роза Шэрая.