З гэтых словаў Эразма Ратэрдамскага ў чацвер, 11 лютага, у бібліятэцы “Верасок” пачалася імпрэза, на якой падвялі вынікі конкурсу “Чытач года – 2015”.
Сёлета самых актыўных чытачоў узнагародзілі ў 11 намінацыях.
Самым старэйшым чытачом года стаў Аляксандр Савянок. Ён прызнаўся, што чытаць пачаў яшчэ тады, калі адрас бібліятэкі быў – вуліца Рэвалюцыйная.
– Чытачом маладзечанскай бібліятэкі я з’яўляюся ад 70-х гадоў. Не магу ні дня пражыць без кнігі. Але ведаеце, што проста прыводзіць у шаленства? Гэта калі раптам бачу ў кнізе вырваную старонку. Шкада, што людзі не шануюць кнігі.
У намінацыі “Дэтэктыўныя тайны” перамог чытач Сяргей Дзятліковіч, які ў 2015 годзе прачытаў 112 дэтэктываў.
Сяргей працуе слесарам на камбінаце хлебапрадуктаў. Калі яму ўручалі ўзнагароду, шчыра прызнаўся:
– Чытанне дэтэктываў развівае мысленне, і, насамрэч, вельмі дапамагае. Бывае, чуеш па тэлевізары нейкую крымінальную гісторыю і ўжо можаш рабіць высновы, хто злачынца.
Аматарам фантастыкі прызналі Сяргея Ляха.
На пытанне, чаму менавіта такі жанр у Сяргея самы любімы, мужчына адказаў, што для яго гэта магчымасць адарвацца ад рэальнасці і трапіць у іншы, фантастычны свет.
Трапіць у іншы свет кнігі дапамагаюць і чытачцы, якая перамагла ў намінацыі “Лэдзі жаночага рамана”, Алене Саўчыц.
– Канешне, жаночы раман – гэта свет, у якім жыве сапраўднае, чароўнае каханне. Калі чытаеш такія кнігі, быццам трапляеш у прыгожую казку.
Асобнай намінацыяй адзначылі “патрыёта беларускай літаратуры” Аляксандра Акушку.
– Я чытаю беларускія кнігі беларускіх класікаў, таму што ў іх знаходжу адказы на пытанні, што адбываецца сёння, – расказвае Аляксандр.
Самая чытаючая сям’я 2015 года Аляксея і Таццяны Бурдзіных прызналася, што паўгода жывуць на лецішчы:
– А што можа быць лепей, калі на адной канапе з жонкай, пад адным пледам, а за акном дождж, а ты ляжыш і чытаеш.
Ёсць сярод чытачоў бібліятэкі і аматары перыёдыкі. Тыфлапедагог Ганна Мядведская ў 2015 годзе прачытала 6000 часопісаў.
– Часопіс – гэта кніга ў мініяцюры, – лічыць Ганна. – Насамрэч, часопісы ў бібліятэцы бяру на ўсю сям’ю. У нас ёсць сямейная традыцыя штодня за вячэрняй гарбатай абмяркоўваць, хто што прачытаў.
Перамога ў намінацыі “Аматар кніжных навінак” дасталася Наталлі Юркевіч.
Наталля расказала, што апошнім часам у яе атрымоўваецца падарожнічаць, таму найбольшую цікавасць выклікаюць кнігі, якія прысвечаныя тэме падарожжаў або расповедам пра нейкія цікавыя месцы.
– З апошняга з задавальненнем прачытала кнігу пра Праванс Пітэра Мэя.
Не забыліся арганізатары конкурсу і пра маладых чытачоў, для іх выдзелілі спецыяльную намінацыю “Самы перспектыўны чытач”. І прыз у гэтай намінацыі атрымала вучаніца 11 класа сярэдняй школы №2 Маргарыта Абалішына.
Спецыяльнай намінацыяй і салодкім падарункам узнагародзілі самае чытанае прадпрыемства. Ім стаў Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў.
А “Чытачом года – 2015” стала Любоў Лыско. У якасці галоўнага прыза яна атрымала пажыццёвы чытацкі білет.
Чаму дарослыя дзядзечкі не могуць разабрацца з футболам у Маладзечне
Беларуская чорная трагікамедыя “ГараШ”: упершыню цану білета на фільм павялічылі двойчы за тыдзень
Конкурс ад “РГ” для настаўнікаў: дашліце план урока і выйграйце электронную кнігу