Сёння ў “РГ” даслала работу першая ўдзельніца конкурсу для школьнікаў: “Напішы эсэ па-беларуску і атрымай смартфон”. Апошні дзень падачы работы 21 лютага.

“Давай, мой невядомы сябар, пагутарым з табой пра Беларусь. Што ты ведаеш пра гэтую краіну?

Як? Ты ніколі не быў у Беларусі?

Не купаўся ў нашых азёрах і не ведаеш прыгожую легенду пра ўтварэнне Нарачы?

Не бачыў велічных беларускіх зуброў і не чуў, як спякотным летам клякочуць буслы?

Няўжо ты ніколі не падарожнічаў па прыгожым сучасным Мінску, старажытным Полацку і гераічным Брэсце і не быў на Машэкавым кургане ў Магілёве?

А замкі ў Нясвіжы і Міры? Сынковіцкая царква? Руіны ў Крэве? Іх ты таксама не ўяўляеш?

Ты не чытаў твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў пра славутых Рагвалода і Рагнеду, нястомную Ефрасінню, таямнічага Усяслава Чарадзея, вялікага Вітаўта, вядомага Скарыну?

Не ведаеш пра цудоўныя вершы і  трагічны лёс паэта Максіма Багдановіча? Не чытаў цікавых твораў Якуба Коласа?  І будзеш здзіўлены, калі пачуеш, што зусім недалёка ад маіх родных мясцін нарадзіўся славуты Янка Купала?

Ты не слухаў паланэз Агінскага “Развітанне з Радзімай”?

Не скакаў праз купальскае вогнішча?

Не прымяраў беларускую вышыванку?

Ты не еў дранікаў?!

Ну, тады я шчыра зайздрошчу табе, мой невядомы сябар. Бо ў цябе яшчэ ўсё гэта наперадзе. Вядома, калі ты пажадаеш прыехаць у Беларусь.”