Самай лепшай па смаку і якасці ў раёне з’яўляецца “жывая” вада з крынічак у Ракуцёўшчыне і побач з былым санаторыем-прафілакторыем “Плёсы”.

Летась у лабараторыі Маладзечанскага занальнага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (ЦГЭ) даследавалі 2 866 пробаў пітной вады з цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння. З іх 99,6% адпавядалі гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках, што пацвярджае бяспеку водаправоднай вады ў эпідэміялагічных адносінах.

У той жа час 47% даследаваных проб артэзіянскай вады перавышае нарматыў па колькасці жалеза. Павышанае ўтрыманне жалеза абумоўленае прыроднымі асаблівасцямі і пагаршае спажывецкія ўласцівасці. У водаправоднай сетцы якасць вады лепшая, бо артэзіянская вада з водазабораў “Крыніца” і “Гелянова” для Маладзечна, Чысці, Раёўкі, Груздава чысціцца на станцыях абезжалезвання.

Летась на новых артэзіянскіх свідравінах у Алёхнавічах і ў Хоўхлаве ўведзеныя ў эксплуатацыю ўстаноўкі абезжалезвання вады. Цяпер вядзецца праектаванне ўстановак па абезжалезванні вады для артсвідравін у Дубраве, Красным, Радашкавічах.

Фота news.waterguide.com.ua.

Фота news.waterguide.com.ua.

Жыхарам такіх населеных пунктаў, як Радашкавічы, Палачаны, Заскавічы, Хажова, Лебедзева, Дубрава, Краснае, іншых, рэкамендуецца выкарыстоўваць бутыляваную ваду, або піць водаправодную ваду, якая адстаялася не менш за тры гадзіны, бо ў водаправоднай ва­дзе павышанае ўтрыманне жалеза. Можна прымяняць простыя фільтры, якія выбіральна зніжаюць ўтрыманне жалеза.

Выкарыстоўваць дарагія фільтры тонкай ачысткі жыхарам Маладзечна, Чысці і іншых населеных пунктаў немэтазгодна і нават шкодна. Вада пасля фільтраў тонкай ачысткі становіцца дэіанізаванай, утрыманне неабходных для арганізма іонаў кальцыю, магнію, калію, натрыю пасля фільтрацыі становіцца ніжэйшым за дапушчальны ніжні парог фізіялагічнага нар­матыву.

Водаправодная вада ў Мала­дзечне і Чысці цалкам адпавядае гігіенічным нарматывам, у тым ліку і па агульнай мінералізацыі, якая знаходзіцца на аптымальным узроўні.

У Маладзечне пасля прымянення фільтра мінералізацыя водаправоднай вады змяншаецца.

Пры выкарыстанні такой вады для піцця парушаецца рэгуляцыя водна-электралітнага балансу, павялічваецца ўтрыманне электралітаў ў сыроватцы крыві і мачы з іх паскораным вывядзеннем з арганізма, адбываюцца змены ў сардэчна-сасудзістай сістэме.