У музеі народнай славы 12 лютага ўрачыста адкрылі раздзел экспазіцыі “Выконваючы воінскі абавязак”. Прысвечаны ён воінам-інтэрнацыяналістам Мядзельшчыны.
Пераважна тым, якія ваявалі ў Афганістане. Але таксама можна даведацца, у якіх яшчэ краінах беларусы прымалі ўдзел у баявых дзеяннях.
Тут сабраная форма, узнагароды, вайсковы рыштунак, асабістыя рэчы.
Ёсць выкідны парашут, афганскія грошы, лістоўкі з заклікамі да афганскіх маджахедаў здавацца, што скідвалі з самалётаў. А ў цэнтры – партрэт ураджэнца вёсцы Конціненты Івана Аніські, які загінуў у Афганістане.
Стварылі раздзел самі воіны-інтэрнацыяналісты.
Мікалай Калошка разам з іншымі працаваў над стварэннем раздзела. Фота Алеся Высоцкага.
– Сам над ім разам з сябрамі па аб’яднанні працаваў, – кажа Мікалай Калошка з вёскі Чараўкі. – Тут і мае фатаграфіі ёсць. Абнавілі ўсё, цяпер цікавей.
– А што найбольш цікавае?
– Як нам, то тут усё цікавае.
Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Юры Мяркулаў дзеліцца:
– Зрабілі гэта для таго, каб пашырыць экспазіцыю для патрыятычнага выхавання моладзі. І народ, які прыязджае адпачываць на курорт, завітае ў музей, паглядзіць, што ў нас жывуць такія хлопцы – воіны-інтэрнацыяналісты.