У Валожынскім раёне распачалася ініцыятыва “Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызма”.

Ініцыятарам стала грамадскае аб’яднанне “Ахова птушак бацькаўшчыны” (АПБ). Яго спецыялісты, у тым ліку арнітолагі, разам з мясцовымі актывістамі запрасілі ў Валожын на круглы стол уладальнікаў аграсядзіб, настаўнікаў біялогіі, работнікаў міністэрства прыроды, работнікаў краязнаўчага музея, дырэктара Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” і прадстаўнікоў грамадскасці.

Удзельнікі круглага стала абралі пяць птушак, характэрных для Валожынскага раёна. У асноўным – гэта прадстаўнікі “Чырвонай кнігі” насельнікі Налібоцкай пушчы і вадаёмаў мясцовасці.

Прэтэндэнтамі на птушку Валожыншчыны сталі зімародак, чорны бусел, пугач, малы арлец, глушэц.

Апошні з’явіўся ў канчатковым спісе дзякуючы Васілю Гуркову, дырэктару Налібоцкага заказніка, дзе сталі разводзіць папулярную сярод паляўнічых птушку ў адмысловых пітомніках.

Астатніх птушак арнітолагі прапанавалі таксама не проста так. У Валожынскім раёне, да прыкладу, самая вялікая ў Беларусі папуляцыя зімародка. Нягледзячы на тое, што яго даволі цяжка заўважыць. Малы арлец на Валожыншчыне захоўвае чыстыя прызнакі свайго віду і не змешваецца з вялікім арлецом, як гэта адбываецца ў іншых рэгіёнах Беларусі. Валожынскі раён – якраз тое месца, дзе вы найверагодней можаце пабачыць чорнага бусла і беласпіннага дзятла.

Неўзабаве на сайце ptushki.org распачнецца галасаванне за адну з гэтых птушак. Ад кожнага з нас залежыць, якім будзе сімвал раёна. Пасля таго, як птушку абяруць, у горадзе паставяць скульптуру птушкі, намалююць графіці з яе выявай. Таксама пройдзе шэраг мерапрыемстваў у школах горада, мэтай якіх стане павышэнне дзіцячай зацікаўленасці ў прыродзе і экалогіі рэгіёна. Уздоўж вела- і водных маршрутаў усталююць інфармацыйныя шчыты. Будуць праводзіцца сустрэчы і майстар-класы з працаўнікамі аграэкатурызма. Іх навучаць “прыродным” экскурсіям і раскажуць, якія крылатыя суседзі завітваюць на іхныя падворкі. А мясцовых рамеснікаў навучаць вырабляць унікальныя сувеніры.

Спецыялісты мяркуюць, што новы сімвал зможа прыцягнуць у раён экатурыстаў, бёрдвочэраў (назіральнікаў за птушкамі) і фатографаў-натуралістаў. Таксама ёсць надзея, што шэраг запланаваных мерампрыемстваў заахвоціць людзей быць больш актыўнымі ў захаванні біаразнастайнасці нашай краіны.

Сваіх птушак-сімвалаў ужо даволі даўно маюць Слуцкі раён (салавей) і Мёрскі (журавель). Валожынскі ж раён стане першым у ініцыятыве АПБ, які займее сваю птушку. На чарзе таксама Жыткавічы. Прадстаўнікі АПБ заклікаюць мясцовыя ўлады іншых раёнаў ініцыяваць падобныя сустрэчы, каб кожны куток мог абзавесціся сваімі крылатымі сімваламі.

Ініцыятыва АПБ пры фінансавай падтрымцы ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Далучайцеся да другой гульні “Розум-шоу” ў Маладзечне

У музеі ў Мядзеле адкрылі раздзел, прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам (Фота)

Шкляначкі ад парфумы пакажуць на выставе ў Вілейцы

“Вілія” вырвала перамогу, маладзечанцы выйшлі ў фінал, у Вілейцы выбралі лепшых у чырлідынгу і іншыя навіны спорту з Мядзела і Вілейкі