Каля пяці гадзін раніцы 19 лютага паступіла паведамленне аб пажары на першым паверсе двухпавярховага дома ў вёсцы Княгінін.

Качагар амбулаторыі выйшаў на вуліцу і заўважыў загаранне ў доме. Выклікаў выратавальнікаў, пабудзіў суседзяў і хацеў зайсці ў кватэру, што гарэла. Але не атрымалася з-за дыму і высокай тэмпературы, расказаў інспектар нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Ігар Балаш.

Выратавальнікі праз акно зайшлі ў пакой. Калі патушылі пажар, знайшлі ля ложку цела 60-гадовага гаспадара, пенсіянера. У кватэры выгарэў адзін пакой, пашкоджаны іншы.

Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнасць пры курэнні.