Эсэ васьмікласніцы вілейскай гімназіі №1 “Логас” Паліны Гардзевіч.

Што я магу расказаць пра свой край? О, шмат чаго! У майго роднага краю ёсць шмат легендаў і паданняў…

Мой любы горад Вілейка. Тут я нарадзілася, жыву, вучуся. А пачала б я свой аповед з Віллянінага хутара. Гэта адно з тых месцаў у Вілейцы, якое больш за ўсё мае легендаў. Побач з хутарам працякае рака Вілія. Яна ўзяла сваё імя ад Вілляны, якая плакала каля Сцяпан-каменя па сваім каханым, якога зачаравалі. Згодна з паданнем, са слёз Вілляны ўтварыўся невялікі ручаёк, які потым ператварыўся ў рэчку, вялікую і вілястую. А наша Вілія цячэ не толькі па Беларусі, а таксама на тэрыторыі Літвы, дзе і завецца Нерыс. Літоўцы вельмі ганарацца ёю. Мы, віляйчане, таксама.

А далей мой расказ пра горад плаўна пераходзіць на нашу цэнтральную плошчу Леніна. Цяпер яна вельмі змянілася і стала сапраўдным помнікам архітэктуры. Сюды абавязкова прыходзяць госці нашага горада. Гэта любімае месца і моладзі, і сталых людзей. Крыжаўздзвіжанскі касцёл і царква Прападобнай Марыі Егіпецкай – два помнікі архітэктуры, якія не толькі ўпрыгожваюць наш горад, але і аб’ядноўваюць усіх прыхажан ужо больш за 100 год. Дрэва сяброўства, каляровы фантан, лавачкі для адпачынку, дрэўцы, кветкі і, канешне, помнік Леніну…

А далей парк. Які ён прыгожы ў розныя поры года! Асабліва апошнім часам, калі там з’явіліся героі розных казак. Скульптуры сталі найлепшым падарункам Валерыя Апарыка маленькім гараджанам.

Ідзём па вуліцы Савецкай – самай старажытнай вуліцы нашага горада. Помнік двойчы Герою Савецкага Саюза Азі Асланаву, танкавая брыгада якога вызваляла Вілейку ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Таксама вельмі знакамітая плошча Свабоды, у цэнтры якой ўзведзены помнік воінам-партызанам. Менавіта сюды прыязджаюць маладыя пары, каб пакласці кветкі і падзякаваць салдатам за мірнае неба над галавой. Тут жа, на плошчы, размешчаны Вілейскі  краязнаўчы музей і выставачная зала… Сюды я абавязкова прывяду свайго іншагародняга сябра. Іменна ў музеі можна пазнаёміцца з гісторыяй і культурай вілейскага краю ад старажытных часоў да 21 стагоддзя.

А зараз сядзем на аўтобус і паедзем у адзіны ў Беларусі музей пад адкрытым небам “Памяці зніклых вёсак”.  Тут можна не толькі правесці экскурсію, пазнаёміцца з назвамі ўсіх вёсак, якія зніклі з карты нашага раёна, але і добра адпачыць на прыродзе, падыхаць чыстым лясным паветрам.

Напрыканцы нельга не сказаць пра наша Вілейскае вадасховішча. Яно з’яўляецца самым вялікім штучным вадаёмам у Беларусі. Яно дапамагае жыхарам Вілейкі і Мінска не застацца без вады.

А яшчэ гэта самае любімае месца летняга адпачынку не толькі віляйчан, але многіх гасцей. А як не ўспомніць пра рыбалку! І зімой, і летам, і восенню, і вясной – кожны дзень можна сустрэць рыбакоў па берагах нашага любімага вадасховішча.

Наш горад хоць і маленькі, але вельмі прыгожы і прыемны для адпачынку. Таму шмат людзей прыязджаюць сюды, каб адпачыць. Перш за ўсё адпачыць душой. Калі вам надакучыла шумнае сталічнае жыццё і вы шукаеце месца для адпачынку, калі ласка! Запрашаем!