Эсэ васьмікласніцы з Людвінова для конкурсу “Рэгіянальнай газеты” “Напішы эсэ і выйграй смартфон”.

На ўроку падымаліся такія пытанні, як “Што такое шчасце” або “Як вы ўяўляеце сваё шчасце”.

Было шмат меркаванняў і варыянтаў, што ж гэта за звер такі, і якое яно, шчасце ў розных людзей? А потым нас спыталіся, ці шчаслівыя інваліды? І ў класе наступіла цішыня. Сапраўды, ці можа быць шчаслівым чалавек, якога з самага нараджэння прывучылі, што ён не такі, як іншыя? Што ён белая варона ў сярод чорных? Які можа быць чалавек, на якога глядзяць з некім грэблівым выразам твару? Ці могуць яны быць шчаслівымі? Яны, якія не такія, як іншыя? Мы не ведаем.

Свае пачуцці можна схаваць за ўсмешкай. Фальшывай усмешкай. Схаваць іх за маскай абыякавасці.  Зрабіць выгляд, што табе ўсё роўна, што табе ўсё абыякава. Але ж недзе там, у душы, цябе не будзе пакідаць думка “А ці ж шчаслівыя яны, тыя людзі?”.

Мы прывыклі кожную раніцу надзяваць маскі. Не звяртаць увагі на праблемы іншых. Ісці, ісці ўперад, не звяртаючы ўвагі ні на што.

Ламаць маленькае жыццё, наша ўласнае жыццё, нават не заўважаючы гэтага. А потым… Потым паўстае пытанне: куды ж коціцца гэты свет? І што будзе заўтра?

…А ўсё ж пачыналася з такога наіўнага, дзіцячага пытання, на якое часам не можа адказаць і дарослы.